Тое самае было і з землямі, адабранымі ад Масквы падчас вайны 1610-1613 г., як напр. Смаленскай. Сапега 25 сьнежня 1611г. пісаў да таго-ж Крыштофа Радзівіла: «А паны палякі канстытуцыю напісалі народу нашаму шкадлівую і, гэты фундамэнт канстытуцыі залажыўшы, назвалі яго дыплёмам, прывілей сабе напісалі на Смаленск і на іншыя правінцыі і замкі, што ім даруе кароль усё, што ад Масквы будзе здабыта. Я быў змушаны ўчыніць пратэстацыю супраць гэтае канстытуцыі і супраць гэнага дыплёму, каторую пратэстацыю, хоць у канцэлярыях каронных прыняць не хацелі, а навет палякі забаранілі прыймаць яе гораду, аднак горад прыняў».
А яшчэ раней, адразу па здабыцьці Смаленска, менавіта 30-га чэрвеня 1611 г., з Смаленска Леў Сапега, разгадаўшы імкненьні палякоў далучыць Смаленскую зямлю ўпалове да Кароны, пісаў да Крыштофа Радзівіла, называючы двор «злым торгам», і хацеў навет «асесьці на ральлі, перапрасіць плуг, бо яго ўжо ніхто ня склоніць на дворскую полеўку, якую ён ведае добра».
Тут трэба замеціць, што Леў Сапега ня толькі бараніў правы свае айчыны да адабраных чужымі дзяржавамі тэрыторыяў, але ўсьцяж дараджываў, як адабраць іх, і ведаючы, што найлепшым спосабам да гэтага ёсьць «жаўнер літоўскі», радзіў у цэлым радзе лістоў да Крыштофа Радзівіла, як напрыклад у лісьце з 13 ліпня 1911 г. у часе вайны за Інфлянты, каб: «жаўнер наш не аддыхаў, а замачкі ў Інфлянтах займаў і каб перад прыходам кароннага жаўнера займаў іх як найбольш, бо тады паны палякі ня змогуць нам сказаць, што мы Інфлянты страцілі, калі нямалую іх часьць ізноў рэкупэруемо».
А ў адным з папярэдніх лістоў да таго-ж Радзівіла з 22-га сакавіка 1594 г. чытаем: «Гэтман Каронны зьбірае выбранцаў і мае вока на татараў, каторыя гвалтам хочуць праз Польшчу да Нёмна. Добра-б было, каб і ад нас палякі помач якую мелі, бо трэба-ж братоў ратаваць, тым больш, што і аб нашу ўласную скуру тут ідзе. Бо сьцеражы Бог няшчасьця на іх, ці-ж нам тады ад палякоў не дастанецца! А калі палякі абойдуцца бяз нашай помачы, тады гэты одыюм узаемнай непрыязьні і ненавісьці, каторы паміж намі з палякамі цяпер кіпіць, яшчэ больш узрасьце і пры нас будзе сulpa (віна). Трэба ім памагчы і жаўнерам нашым, а калі-б гэта не магло быць, тады хоць татарамі».
Гэты ліст вельмі характэрны яшчэ і дзеля таго, што ён выразна сцьвярджае стан антаганізмаў, існаваўшы тады між Каронаю і Вялікім Князьствам, а з другога боку ён сьведчыць аб надзвычайнай шляхотнасьці Сапегі, каторы не хацеў, каб яго народ даў повад да паглыбленьня гэтае ненавісьці.
Аднак, ня толькі на дыплёматычным, але і на ваенным полі Сапега бараніў цэласьці Вялікага Князьства. Калі ў 1620-ых гадох уварваліся швэды — пад камандай Густава-Адольфа і не без дапамогі Масквы — у межы Вялікага Князьства, Сапега ізноў, ня гледзячы на свой 63-гадовы век, становіцца на абарону краю і адзначаецца ў ваенных дзеяньнях. Пры гэтым ён не ашчаджае сваей фортуны і паносіць вялікія выдаткі на абарону, за што гаспадарства было яму асабліва ўдзячнае. У гэту цяжкую для Вялікага Князьства пару, калі — апрача вайны — шырылася яшчэ і маравое паветра, Сапега абняў галоўнае камандаваньне ваеннымі сіламі, як Вялікі Гэтман Літоўскі.
Пасьля вайны Сапега, будучы віленскім ваяводам, спакойна дажываў свой век, працуючы над упарадкаваньнем Мэтрыкі Вялікага Князьства Літоўскага, інакш кажучы — архіву спраў Дзяржаўнае Канцэлярыі Вялікага Князьства Літоўскага, які знаходзіўся пад асабістым даглядам і кіраўніцтвам Вялікага Канцлера Літоўскага. Архіў гэты зьмяшчае арыгінальныя дакумэнты ад XIII стагодзьдзя і копіі дакумэнтаў, выданых з Дзяржаўнае Канцэлярыі, ды мае надзвычайна вялікую цэннасьць дзеля беларускае гісторыі[ 66 ].
Яшчэ ў 1594 г., у Вільні, канцлер Леў Сапега апрацаваў рэестр дакумэнтаў Літоўскай Мэтрыкі, а пад канец жыцьця ён упарадкаваў гэты архіў, перапісаўшы кнігі нанова.
Акты Мэтрыкі былі пісаны ў беларускай мове, а дзеля таго, што яны абыймаюць стагодзьдзі, можна на аснове іх прасачыць абраз разьвіцьця беларускае мовы.
Незадоўга да сваей сьмерці Сапега атрымаў годнасьць Маршалка Вялікага Князьства і ў гэтай годнасьці, як прадстаўнік дзяржавы, спатыкаў у 1633 годзе новага караля Уладыслава IV. Сапега меў тады 76 гадоў. Праз два тыдні пасьля гэтая сустрэчы ён памёр і быў пахаваны ў Вільні ў касьцёле сьв. Міхала, ім жа ўфундаваным. Перад сьмерцяй Сапега багата адбараваў уфундаваныя ім цэрквы і касьцёлы. Цела яго, аднак, доўга не магло знайсьці супакою. Над ім надругаліся два разы маскоўцы, асабліва ў 1655 годзе, выкідаючы труну на вуліцу.
Читать дальше