А як жа запальвалі вогнішчы нашы продкі?
Першыя людзі на Зямлі пазнаёміліся з агнём пад час лясных i стэпавых пажараў, якія ўзнікалі ад маланак або пры самаўзгаранні тарфяных балот. Агонь можна было ўзяць i ад дзеючых вулканаў, актыўнасць якіх у пачатку каменнага веку была ў дзесяць разоў большая, чым цяпер. Ад гэтых натуральных крыніц агню i запальваліся першыя вогнішчы.
Агонь падтрымліваўся незгасальным вельмі доўга, таму пры раскопках старажытных помнікаў археолагі часам знаходзяць велізарныя пласты вугалёў ад такіх даўгавечных вогнішчаў.
Бяда, калі агонь згасаў. Цемра i холад прыходзілі да людзей. Добра было, калі непадалёку жыў прыязны народ, які мог даць у доўг часцінку гэтага прыручанага сонца. Вораг жа ніколі агню не даваў. Наадварот, пры ўзброеным нападзе адной арды на другую стараліся патушыць чужы «вечны агонь».
Часам такі незгасальны агонь падтрымліваўся i ў пазнейшыя эпохі, хоць людзі ўжо маглі здабываць яго самі. Але гэта рабілася пераважна ў рытуальных мэтах, бо такому «вечнаму агню» прыпісваўся свяшчэнны характар. Такі звычай існаваў у старажытных грэкаў i рымлян, у славян, германцаў i ў іншых народаў. У Старажытным Рыме свяшчэнны агонь гарэў у храме Весты i ахоўваўся асаблівымі святаркамі — вясталкамі, якія караліся смерцю, калі ён згасаў па іхняй віне. У Грэцыі такая мясціна знаходзілася на востраве Дэлас.
Да распаўсюджання хрысціянства былі «вечныя агні» i ў язычніцкіх бажніцах на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Яшчэ не так даўно на Беларусі ў некаторых сялянскіх печах трымаўся звычай пастаяннага незгасання вуголля, ад якога кожную раніцу запальваўся новы агонь. Нават пры перасяленні ў новую хату людзі пераносілі ў яе агонь сваіх дзядоў i прадзедаў.
Несумненных прылад, якімі наш далёкі продак здабываў агонь, пры раскопках помнікаў каменнага веку на тэрыторыі Беларусі не захавалася. Аб ix характары мы можам толькі здагадвацца, вывучаючы этнаграфічныя матэрыялы.
Першабытным людзям было вядома шмат спосабаў здабывання агню, сярод якіх найчасцей ужываўся спосаб трэння дрэва аб дрэва.
Відаць, яшчэ ў палеаліце пры свідраванні розных адтулін i пры іншых работах было заўважана, што трэнне выклікае награванне рэчаў. Так чалавек на практыцы пазнаёміўся з вядомым нам фізічным законам. I вось пры нейкіх асабліва спрыяльных умовах ад трэння i адбылося ўзгаранне дрэва.
Ніколі мы не даведаемся, хто першы здабыў агонь, дзе i калі канкрэтна гэта адбылося. Мы можам толькі ўявіць сабе радасць першабытнага чалавека, калі ён стаў уладаром агню, Гэта падзея была чарговай, але надзвычай важнай прыступкай у той лесвіцы развіцця грамадства, па якой чалавецтва падымалася да цывілізацыі.
З дапамогай свідравання агонь здабывалі паўсюдна. Зазначым, што найбольш прымітыўны і, мабыць, нязручны прыём — свідраванне з дапамогай далоняў рук, якімі круціўся пруток, строма прыстаўлены да дошчачкі. Так цяпер здабываюць агонь, напрыклад абарыгены Аўстраліі i некаторых астравоў Ціхага акіяна.
Больш дасканалым з'яўляўся спосаб «высвідроўвання» агню з дапамогай лучка, цеціва якога абкручвалася вакол строма стаячага прутка, што з дапамогай каменнай або касцяной муфты прыціскаўся да гарызантальнай дошчачкі з выдзеўбанымі ямкамі. Часам для ўзмацнення трэння ў ямку клалася некалькі пясчынак. Цікава адзначыць, што сярод некаторых эскімоскіх плямёнаў меўся звычай прыціскаць муфту не рукой, a зубамі.
Калі з лучком можна было абыходзіцца i аднаму, то для здабывання агню спосабам раскручвання прутка вяровачкай патрабаваліся не меней як два чалавекі. Адзін утрымліваў дошчачку i строма прыціснуты да яе пруток, другі ў супрацьлеглыя бакі пачаргова тузаў вяровачку, на канцах якой былі прывязаны костачкі.
Не менш дасканалае прыстасаванне ўжывалі індзейцы i малайцы. Яны строма прыстаўлялі да дошчачкі пруток, а потым яго раскручвалі гарызантальнай рухомай перакладзінкай, прывязанай да вяршыні прутка, i драўляным або каменным махавічком. Карацей кажучы, гэта было вельмі падобна да «помпавага свярдзёлка», які ўжывалі еўрапейскія рамеснікі да нядаўнага часу. Некаторыя падарожнікі сцвярджаюць, што з дапамогай такога гірыстасавання можна распаліць вогнішча за некалькі секунд.
Іншыя спосабы здабывання агню трэннем былі менш распаўсюджаны. Сярод ix вядома выпілоўванне, калі тонкім, як нож, кавалкам дрэва пілавалі ўздоўж іншага кавалка. Для такога спосабу найбольш прыдатны быў бамбук, бо яго вонкавая абалонка вельмі цвёрдая i мае шмат краменязёму, што спрыяе мацнейшаму награванню пры трэйні, асяродак жа бамбука рыхлы i лёгка загараецца.
Читать дальше