Мяркуючы па знаходках з аднаго старажытнага паселішча на Палессі, тут першынство сярод паляўнічай здабычы займаў дзік—больш 41%. На другім месцы быў лось, затым — зубр, высакародны алень, бобр, касуля, мядзведзь. Пры раскопках былі знойдзены таксама косткі барсука i пясца.
Паляванне давала не толькі мяса. Ca шкур забітых жывёл шылі вопратку i абутак, розныя мяхі i сумкі, ёю часам нават пакрывалі стрэхі жылля. З сухажылляў выраблялі ніткі, з костак i рагоў — прылады працы. Тлушч спальваўся ў каганцах для асвятлення.
Немалое значэнне мела паляванне i на птушак. Іx косткі таксама часта сустракаюцца на старажытных помніках.
Дзічыну забівалі або ранілі стралой з лука, дзідай i дроцікам, рознымі самастрэламі. Выкарыстоўваліся пасткі i сеткі.
Рыбацтва ў некаторых месцах давала мяса не менш, чым паляванне. Найбольш спрыяльнымі для гэтага занятку былі раёны з густой сеткай невялікіх рэчак, азёры са шматлікімі затокамі, старыцы на паплавах.
Харчовыя запасы шмат чым папаўняла збіральніцтва. У не кранутых сякерай навакольных лясах, у неабсяжных балотах меліся невычарпальныя запасы ягад, грыбоў, арэхаў. Іx збіралі як мага больш, каб у доўгія зімовыя месяцы, калі рыбныя вадаёмы скоўваў лёд, а замеценыя снегам лясы менш давалі здабычы паляўнічым, можна было перабіцца з аднаго на другое.
У культурных пластах на неалітычных паселішчах сустракаюцца жалуды. Жалуды, як вядома, гэта добры корм для свіней, але калі ix пераварыць, то яны трацяць сваю гаркаватасць i могуць спажывацца чалавекам. Сушаныя жалуды таўкліся на муку, з якой пяклі хлеб. Знаходзяць археолагі i шалупінне вадзяных арэхаў — смачных i высокакаларыйных пладоў расліны, якая расце ў азёрах. Яна цеплалюбівая i цяпер на Беларусі сустракаецца рэдка, у асноўным на паўднёвым усходзе рэспублікі. У неаліце, калі клімат быў цяплейшы, вадзяныя арэхі раслі паўсюдна.
Паляванне ў старажытнасці — занятак цяжкі i небяспечны. Ён патрабаваў вынослівасці, спрыту i вялікай фізічнай сілы. Першабытны чалавек быў вымушаны паляваць — гэта давала яму магчымасць не памерці з голаду. Узброены лукам i дзідай, ён уступаў у адзінаборства са зверам. I дзе была гарантыя, што пераможцам з гэтай барацьбы выйдзе чалавек!
Вось чаму паляванне было пераважна справай мужчыны. А рыбнай лоўляй паспяхова займаліся i жанчыны, асабліва, калі трэба было лавіць вудай, а не сеткай. У збіральніцтве незаменнымі былі i жанчыны i дзеці.
У канцы неаліту з развіццём земляробства i жывёлагадоўлі значэнне палявання i рыбацтва стала меншаць. Збіральніцтва ж яшчэ доўгі час працягвала існаваць.
У старажытнасці на тэрыторыі Беларусі, як i на суседніх землях, амаль не было дзікарослых раслін, прыдатных для акультурвання. Яны сустракаліся ў Міжземнамор'і i на Блізкім Усходзе, дзе i ўзнікла найстаражытнейшае земляробства. Адсюль яно паступова пранікла ў Еўропу. У паўднёвай частцы сучаснай Беларусі пачатак земляробства датуецца не раней, чым першымі стагоддзямі III тысячагоддзя да н. э., у паўночнай — другой паловай або нават канцом гэтага тысячагоддзя.
Старажытныя земляробы Еўропы вырошчвалі пераважна пшаніцу i ячмень. Значэнне гэтых культур у розныя часы i на розных тэрыторыях было неаднолькавым. Напрыклад, на Брытанскіх астравах, у Цэнтральнай Еўропе i ў Даніі ў неаліце асноўнае месца на полі займала пшаніца, у наступную эпоху, калі пахаладнела, яна ўступіла сваё месца ячменю. На тэрыторыі сучаснай Беларусі, дзе больш суровы клімат, у асноўным вырошчваўся ячмень. Адбіткі яго зярнят былі знойдзены на гаршках неалітычных плямёнаў з тэрыторыі паўночнай Украіны i паўднёваўсходняй Беларусі. На адным з тарфянікаў Віцебшчыны ўдалося знайсці насенне льну. Значыць, i гэта культура ў познім неаліце вырошчвалася нашымі продкамі.
Спачатку земляробства было вельмі прымітыўным. Дарэчы, тут нават сам тэрмін «земляробства» не пасуе, бо глебу тады часам амаль зусім не «абраблялі».
Земляробства найперш развівалася не толькі ў раёнах з больш цёплым кліматам, але i там, дзе былі ўрадлівейшыя i падатнейшыя для апрацоўкі землі. Цяжкія гліністыя глебь! Віцебшчыны разам з халаднейшым кліматам, мусіць, сталі прычынай таго, што тут вырошчваць культурныя расліны сталі пазней, чым на астатняй тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Спачатку пад пасевы займаліся невялікія ўчасткі зямлі. Таму палі хутчэй нагадвалі градкі, якія ўзрыхляліся завостранымі палкамі або матыкамі. Каменныя i рагавыя матыкі часам сустракаюцца на старадаўніх помніках нашай рэспублікі. У познім неаліце i ў бронзавым веку распаўсюджвалася ляднае земляробства, якое вымагала высякання i спальвання лясоў. Ускосна аб гэтым сведчыць значнае павелічэнне колькасці сякер, асабліва шліхтаваных, якія часта сустракаюцца на паселішчах i за ix межамі.
Читать дальше