Раскопкі М. А. Ткачова
(Злева - Фрагмент падзямелля вежы Мядзельскага замка, справа - Каменная выява з-пад вёскі Даўгінава Вілейскага раёна)
* * *
На працягу стагоддзяў археалагічныя помнікі паступова разбураліся пад уздзеяннем прыродных фактараў — размываліся паводкамі, развейваліся вятрамі, старажытную муроўку нішчылі карані дрэў. Але сапраўднай бядою для ix стала непрадуманая гаспадарчая дзейнасць некаторых людзей, асабліва з выкарыстаннем машыннай тэхнікі. Гарадзішчы раскопваюцца пры будаўніцтве дарог, курганы зносяцца бульдозерамі i разворваюцца. Гумусаваныя культурныя напластаванні старажытных паселішчаў разбіраюцца на агароды. Псуюць даўнія пахаванні i скарбашукальнікі-марадзёры, якіх часам прыцягваюць да помнікаў беспадстаўныя паданні пра быццам бы закапаныя ў ix каштоўнасці. За апошняе паўстагоддзе знішчана або значна пашкоджана каля паловы археалагічных помнікаў вобласці.
Помнікі старажытнасці — своеасаблівыя летапісы даўняй мінуўшчыны, дзе звесткі не занатаваны на пергаменце або паперы, a ўтрымліваюцца ў рэчах. Гэта найбольш архаічная крыніца нашай гістарычнай памяці. А, як вядома, знікненне гістарычнай памяці вядзе да страты народам сваёй самабытнасці i ўрэшце да знікнення самога народу як этнічнай адзінкі. Таму знішчэнне нават аднаго гарадзішча, замчышча ці курганнага могільніка з'яўляецца несвядомым або наўмысным замахам не толькі на спадчыну, што засталася нам ад продкаў, але і на будучыню нашых нашчадкаў.
Пасля прыняцця Прэзідыумам Вярхоўнага Савета БССР у 1978 годзе Закона аб ахове i выкарыстанні помнікаў гісторыі i культуры стан аховы археалагічных помнікаў палепшыўся. У пераважнай большасці раёнаў на гэтыя аб'екты заключены ахоўныя абавязацельствы, устанаўляюцца ахоўныя знакі. Актыўную работу па ахове i прапагандзе старажытных помнікаў праводзіць Мінскі абласны савет Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі i культуры i яго секцыі.
КАРОТКІ ТЭРМІНАЛАГІЧНЫ СЛОЎНІК
АРХЕАЛОГІЯ — галіна гістарычнай навукі, якая вывучае мінулае чалавецтва па рэчавых крыніцах.
АРХЕАЛАГІЧНЫЯ ПОМНІКІ — рэшткі старажытных паселішчаў, культавых i гаспадарчых збудаванняў, могільнікі, старажытныя рэчы.
АРХЕАЛАГІЧНАЯ КУЛЬТУРА — сукупнасць помнікаў аднаго перыяду ці эпохі на акрэсленай тэрыторыі, аб'яднаных агульнасцю тыпаў жылля, прылад працы, керамікі, упрыгожанняў, падабенствам пахавальнага абраду.
КУЛЬТУРНЫ ПЛАСТ — пласт зямлі, які ўтрымлівае рэшткі жыццядзейнасці чалавека.
СВІДЭРСКАЯ КУЛЬТУРА — археалагічная культура позняга палеаліту i ранняга мезаліту (X-VII тысячагоддзі да н. э.), пашыраная ў Польшчы, Беларусі, Літве, на паўночным захадзе Украіны. Насельніцтва, якое займалася пераважна паляваннем, ужывала лістападобныя наканечнікі стрэл, канцавыя скрабкі, бакавыя разцы i іншыя крамянёвыя прылады.
НЕМАНСКАЯ КУЛЬТУРА — археалагічная культура неаліту, якая ў IV-III тысячагоддзях да н. э. была распаўсюджана ў заходняй Беларусі, паўднёвай Літве i паўночна-усходняй Польшчы. Насельніцтвй ўжывала лістападобныя i трохвугольныя наканечнікі стрэл, разнастайныя скрабкі, разцы, нажы, вырабляла вастрадонны гліняны посуд з выяўленай шыйкай, арнаментаваны грабеньчатымі адбіткамі, насечкамі, наколамі, рыскамі.
ДНЕПРА-ДАНЕЦКАЯ КУЛЬТУРА — археалагічная культура неалітычных плямёнаў, якія ў V-III тысячагоддзях да н. э. насялялі паўднёва-ўсходнюю Беларусь, паўночную i центральную Украіну. Сярод характэрных матэрыялаў на стаянках гэтай культуры — вастрадонны i пласкадонны посуд, аздоблены адбіткамі грэбня, трохвугольнымі наколамі, рыскамі.
ВЕРХНЕДНЯПРОЎСКАЯ КУЛЬТУРА — археалагічная культура неалітычных плямёнаў, якія ў IV-III тысячагоддзях да н. э. займалі большую частку ўсходняй Беларусі i сумежныя раёны РСФСР. Для крамянёвых знаходак найбольш характэрны невялікія сякеры. Кераміка прадстаўлена пераважна гаршкамі з яйкападобным корпусам i вострым дном, арнаментаванымі па ўсёй паверхні частымі паясамі адбіткаў грэбня, глыбокіх ямчатых адбіткаў, наколаў.
ТЫПОВАЙ ГРАБЕНЬЧАТА-ЯМАЧНАЙ КЕРАМІКІ КУЛЬТУРА— археалагічная культура неалітычнага насельніцтва, якое ў III тысячагоддзі да н. э. займала паўднёва-ўсходнюю Прыбалтыку i паўночную Беларусь. На паселішчах сустракаюцца лістападобныя i рамбічныя наканечнікі стрэл, іншыя крамянёвыя вырабы, абломкі таўстасценных гаршкоў, упрыгожаных пачарговымі паясамі глыбокіх ямак i адбіткаў шыраказубага грэбня.
Читать дальше