У Вялікім княстве рэлігійныя супярэчнасці таксама даходзілі часам да варожасці і крыві. Вялікае княства ўжо ўвайшло ў Рэч Паспалітую, дзе галоўнай рэлігіяй лічылася каталіцкая. Рэч Паспалітая вяла цяжкія войны з Масковіяй — Расіяй. А праваслаўныя жыхары беларускіх зямель, якія духоўна падпарадкоўваліся маскоўскаму мітрапаліту, былі як дзяржаўныя здраднікі. З другога боку, тыя, што адракліся ад праваслаўя і сталі католікамі, выглядалі здраднікамі ў вачах праваслаўных. Узаемныя прэтэнзіі і даводзілі да сварак.
Асабліва ўскладніліся абставіны пасля ўвядзення уніі. Унія — значыць «саюз», саюз праваслаўных і католікаў. Улады Польшчы і папа рымскі хацелі, каб праваслаўныя, захаваўшы свае абрады, падпарадкоўваліся не маскоўскаму мітрапаліту, а папе рымскаму. Некаторыя праваслаўныя згадзіліся, некаторыя адмовіліся. Вось і прычыны для новых спрэчак.
У гэты час і жылі Мялецій Сматрыцкі і Іасафат Кунцэвіч.
Сматрыцкі нарадзіўся ў гарадку Смотрыч на Украіне (у той час землі Украіны ўваходзілі ў склад Вялікага княства). Бацька яго быў пісарам у князя Астрожскага. Астрожскі, багаты магнат, чалавек, з якім лічыліся ўсе, нават кароль, праславіўся як стойкі абаронца праваслаўя. У яго маёнтку друкар Іван Фёдараў надрукаваў славутую Астрожскую Біблію. Бацька Сматрыцкага дапамагаў рыхтаваць гэта выданне. Астрожскі заснаваў школу — нешта накшталт універсітэта. Мялецій закончыў гэтую школу. I князь, ведаючы пра яго поспехі ў навуках, даў яму магчымасць працягваць вучобу — паехаць у Вільню, дзе адкрылася акадэмія. Вучыліся ў ёй толькі католікі, езуіты. Але там можна было атрымаць сапраўдную адукацыю.
У гэты час і ўзнікла царкоўная унія. Рэктар Віленскай акадэміі бліскучы прапаведнік Пётр Скарга падтрымліваў яе. Апякун і заступнік Сматрыцкага князь Астрожскі пачаў барацьбу супраць уніі.
Мялецій Сматрыцкі скончыў акадэмію і стаў хатнім настаўнікам дзяцей князя Саламярэцкага. Разам са сваімі вучнямі ён едзе ў Заходнюю Еўропу, разам з імі слухае лекцыі ва універсітэтах Нюрнберга, Лейпцыга, Вітэнберга. Сматрыцкі нават паспеў здаць экзамены і атрымаць дыплом доктара медыцыны. Пасля вяртання на радзіму ён становіцца настаўнікам у адной з брацкіх школ Вільні.
Брацтвамі тады называлі аб'яднанні праваслаўных, якія не паддаліся ўплыву палякаў і католікаў. Яны засноўвалі школы, дзе вучылі дзяцей не на лацінскай, а на роднай мове. Брацтвы мелі свае друкарні, выпускалі кнігі. На Украіне іх падтрымлівалі казакі. Так запарожскае войска ўваходзіла ў адно з такіх брацтваў у горадзе Кіеве. Многія праваслаўныя магнаты давалі брацтвам грошы. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж католікамі, уніятамі і праваслаўнымі. Праваслаўны мітрапаліт Вільні Пацей прызнаў унію. З яго дазволу ў праваслаўных пачалі адбіраць цэрквы. Дайшло да сутычак.
Мялецій Сматрыцкі ў адказ на ўсе гэтыя падзеі выдаў кнігу «Фрынас, або Плач адзінай усходняй царквы аб сваіх дзецях». Ён апісаў пакуты праваслаўных, асудзіў усіх, хто здрадзіў праваслаўнай царкве, і на высокім філасофскім і багаслоўскім узроўні даказваў правы праваслаўных.
Кніга мела вялізны поспех сярод праваслаўных. Яе перадавалі з рук у рукі, чыталі патаемна, за яе, як пісалі сучаснікі, многія былі гатовы аддаць жыццё. Аўтара называлі абаронцам веры, ён аказаўся ў першых радах барацьбітоў за праваслаўе.
Католікі і уніяты сустрэлі кнігу варожа. Польскі кароль Жыгімонт III Ваза загадаў спаліць яе, а аўтара кінуць у турму. Сматрыцкага выратавала тое, што кніжку ён падпісаў не сваім імем, а псеўданімам. Друкарню брацтва, дзе друкавалі кнігу, закрылі.
Пастрыгшыся ў манахі, Мялецій Сматрыцкі год неадступна працаваў і стварыў «Граматыку» славянскай мовы. Гэта быў сапраўдны подзвіг. Больш за пяцьсот гадоў існавалі ўсходнеславянскія дзяржавы Кіеўская Русь, Полацкае княства, Масковія-Расія, Вялікае княства; больш за пяцьсот гадоў на стараславянскай мове размаўлялі, пісалі летапісы і мастацкія творы, дзяржаўныя акты і законы, а граматыкі гэтай мовы не было. I вось яна створана Мялеціем Сматрыцкім. Па ёй сотні гадоў будуць вучыць мову, і Ламаносаў некалі скажа «Граматыка Сматрыцкага... — «врата» маёй вучонасці», Так, для мноства тых вучоных і пісьменнікаў, што чыталі і пісалі славянскімі літарамі, «Граматыка» Сматры цкага стала «вратами» ў навуку. Па яе ўзору стваралісі ўсе пазнейшыя граматыкі рускай, а таксама балгарскаі моў. Аўтарытэт Сматрыцкага вырас яшчэ больш. У Кіеі прыехаў адзін з патрыярхаў усходняй праваслаўнай царквы. Ён назначыў чатырох новых праваслаўных архіепі скапаў — намеснікаў мітрапаліта. Адным з іх — архіепіскапам Полацкім, Віцебскім і Мсціслаўскім — стаў Мялецій Сматрыцкі.
Читать дальше