ЖЫГІМОНТ СТАРЫ— вялікі князь Вялікага княства і кароль Польшчы. Нарадзіўся ў 1467 г. Памёр ў 1548 г.
ЖЫГІМОНТ ІІ АЎГУСТ— вялікі князь Вялікага княства з 1544 г,кароль Польшчы з 1548 г. Нарадзіўся ў 1520 г. Памёр ў 1572 г.
У той час, калі Міхаіл Глінскі вёў сваё прыгодніцкае жыццё ў Масковіі, Вялікае княства зноў стала незалежным. Кароль польскі і адначасова вялікі князь Вялікага княства Жыгімонт Стары дазволіў беларускім панам абраць свайго сына Жыгімонта II вялікім князем. Наогул, праваслаўная беларуская шляхта шмат дамаглася ад Жыгімонта Старога. Самае галоўнае дасягненне — прыняцце Статута Вялікага княства. Гэта быў найвыдатнейшы збор законаў, якія потым выкарыстоўваліся ў многіх суседніх краінах.
Але хутка зноў паўтарылася тое, што ўжо двойчы здаралася: пасля смерці свайго караля палякі запрасілі вялікага князя Вялікага княства Жыгімонта II Аўгуста на свой прастол. Зноў дзвюма дзяржавамі кіруе адзін уладар.
Жыгімонт II Аўгуст меў за жонку сястру беларускага магната Радзівіла — прыгажуню Барбару Радзівіл. Свякроў, жонка Жыгімонта Старога, каварная італьянка каралева Бона атруціла яе. З тае пары кароль стаў усё больш прыслухоўвацца да думкі польскіх прыдворных і прытрымлівацца інтарэсаў Польшчы.
Пры Жыгімонце II Аўгусце расійскі цар Іван Грозны пачаў вайну з Вялікім княствам. Ён лічыў землі аж да Гродна сваімі на той падставе, што на іх жылі праваслаўныя, і патрабаваў, каб Вялікае княства ўвайшло ў склад Масковіі. Вайна ўспыхнула з-за Лівоніі (так называліся землі, дзе яшчэ засталіся нямецкія рыцары Лівонскага ордэна).
Спачатку войскі Івана Грознага атрымлівалі адну перамогу за другой. У хуткім часе здаўся Полацк. Некалькі год вайны знясілілі Вялікае княства. Беларускія паны папрасілі дапамогі ў Жыгімонта II Аўгуста. На з'езд у горадзе Любліне сабраліся прадстаўнікі польскіх і беларускіх зямель. Палякі згадзіліся дапамагчы. Але запатрабавалі, каб Польшча і Вялікае княства ўз'ядналіся ў адну дзяржаву — Рэч Паспалітую, што значыць Рэспубліка Народная. Мелася на ўвазе, што кіраваць дзяржавай будзе адзін кароль Рэчы Паспалітай. Беларускія паны адмовіліся. Дэпутаты Вялікага княства пакінулі з'езд. Тады Жыгімонт II Аўгуст нанёс Вялікаму княству ўдар у спіну. Ён абвясціў закон, паводле якога землі сучаснай Украіны, што ўваходзілі ў склад Вялікага княства, адышлі да Польшчы.
Узнікла пагроза, што Вялікае княства знішчаць націскам з двух бакоў — з усходу і з захаду. Беларускім дэпутатам давялося вярнуцца на сойм і пагадзіцца на аб'яднанне з Польшчай. Спрэчкі цягнуліся некалькі месяцаў. Беларускіх паноў узначальваў самы багаты і славуты магнат — Мікалай Радзівіл. Вялікае княства здолела захаваць юрыдычную і фактычную самастойнасць. Яно падпарадкоўвалася агульнаму каралю, але соймы, на якіх вырашаліся ўсе галоўныя пытанні, павінны былі праходзіць па чарзе ў Варшаве і Гродне. Вялікае княства мела сваё, асобнае войска, свае грошы, свой суд і законы, дзяржаўнай мовай засталася беларуская. Але ўсё ж афіцыйна незалежнасць была страчана, і ў роспачы Мікалай Радзівіл назваў сойм у Любліне пахаванне Вялікага княства. I гэта было так, бо вялікая і славутая дзяржава, што прасціралася ад мора да мора, як самастойная перастала існаваць. З гэтага часу Беларусь уваходзіла як частка ў феадальную дзяржаву Рэч Паспалітая, а пазней была ўключана ў склад Расійскай імперыі.
Мялецій Сматрыцкі і Іасафат Кунцэвіч
СМАТРЫЦКІ МЯЛЕЦІЙ— царкоўны дзеяч. Нарадзіўся ў 1572 г. Памёр у 1630 г.
КУНЦЭВІЧ ІАСАФАТ— царкоўны дзеяч. Нарадзіўся ў 1580 г. Загінуў у 1623 г.
Імёны Сматрыцкага і Кунцэвіча яскрава паказваюць усю супярэчлівасць таго часу. У іх дзейнасці адлюстравалася барацьба католікаў і праваслаўных. Гэта барацьба мела свае прычыны. Некалі большая частка беларускага насельніцтва ахрысцілася па праваслаўным абрадзе. Пазней многія перайшлі ў каталіцтва. У нап час і католікі і праваслаўныя імкнуцца жыць мірна. Але раней спрэчкі паміж імі прыводзілі і да жорсткіх сутыкненняў, і да войнаў. У гэтым няма нічога надзвы чайнага. Так было ў многіх краінах. У Расіі праваслаўныя і раскольнікі доўгі час варожа ставіліся адзн да аднаго. У Еўропе католікі і пратэстанты неаднойчы ваявалі. Адна з такіх войнаў цягнулася аж трыццаць гадоў, у ёй удзельнічалі амаль усе краіны Еўропы. А жорсткая міжусобіца паміж пратэстантамі і католікамі ў Францыі сёння прыводзіць у жах — пасля іх бойкі па вуліцах Парыжа цяклі рэкі крыві. Стагоддзямі ваявалі хрысціяне і мусульмане.
Читать дальше