ПЕРСАНАЛІІ
АКАЛОТ М. В. [1932 —?], вязень. Жыхар Менскай вобл. Меў сярэднюю адукацыю. Раней судзімы. Пад час суда над ім 23.VІІ.1957 “хуліганіў і лаяў урад”. Асуджаны паводле артыкула “антысавецкая агітацыя і прапаганда” 24.ІХ.1957. Рэабілітаваны 25.ІV.1958.
Кр.: ГА РФ. Ф. 8131, воп. 31, спр. 82897.
Літ.: 58[10], с. 373.
АКСЁНАЎ П. Ф. [1909 —?], палкоўнік у адстаўцы, палітвязень. Беларус. Член КПСС, меў сярэднюю адукацыю. Удзельнік вайны, узнагароджаны ордэнамі. Жыў у Менску. Напісаў і накіраваў міністру Дзяржаўнага кантролю, Пракурору БССР, у партыйныя органы лісты, у якіх крытыкаваў Хрушчова, “бюракратызм, безадказнае выварочванне нашых законаў, празмерную пахвальбу, падман і ашуканства, уціск крытыкі і самакрытыкі, парушэнне прынцыпаў дэмакратыі”. Асуджаны паводле артыкула “антысавецкая агітацыя і прапаганда” 11.VII.1958. Рэабілітаваны 26.X.1965.
Кр.: ГА РФ. Ф. 9474, воп. 41, спр. 3074.
Літ.: 58[10], с. 459–460; Рэпрэсаваныя, Т. 3.
АНАПРЭЕНКА Н. В. [1930 —?], вязень. Беларус. Жыхар г. Горлаўка Сталінскай вобл. (Данецкая вобл.) Украіны. Меў адукацыю ў 4 класы. Быў затрыманы 18.ХІ.1957 на станцыі Гомель у нецвярозым стане за парушэнне грамадскага парадку. Паводле дадзеных следства, у пакоі міліцыі лаяў савецкую ўладу, камуністаў, “выказваў тэрарыстычныя намеры”, працягваў усё гэта казаць у выцвярэзніку, “усхваляў дзейнасць антыпартыйнай групы тт. Малянкова, Молатава і Кагановіча, шкадаваў аб расстрэле ворага народу Берыі, сцвярджаў, што замест яго трэба было знішчыць першага сакратара ЦК КПСС”. Асуджаны паводле артыкула “антысавецкая агітацыя і прапаганда” 7.IІ.1958. Справа перакваліфікавана з паніжэннем тэрміну зняволення 24.VІ.1960.
Кр.: ГА РФ. Ф. 8131, воп. 31, спр. 86243.
Літ.: 58[10], с. 419.
АНІСЬКАЎ Алег Георгіевіч [нар. 2.І.1941, мяст. Уваравічы Гомельскай вобл., цяпер пгт у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл.]. Асуджаны 19.ХІІ.1963 Гомельскім Абласным Судом паводле артыкула “антысавецкая агітацыя і прапаганда”.
Кр.: Архіў НИПЦ “Мемориал”. Ф. 167.
Літ.: Дзярновіч А. Iндэкс рэпрэсаваных // Наша Нiва. 1998.ІІІ.16.
АНІШЧЫК Аляксей Сцяпанавіч (літаратурныя псеўданімы: Андрэй Чэмер; А. Шпак) [нар. 19.VII.1912, хутар Мондзін Наваградскага пав. Менскай губ., цяпер Наваградскі р-н Гарадзенскай вобл.], мемуарыст, педагог, журналіст, грамадскі дзеяч. Скончыў Наваградскую гімназію і эканамічны факультэт Пазнанскага універсітэта; магістр эканомікі. Працаваў у Катавіцах, кіраваў курсамі для інжынераў і тэхнікаў. У верасні 1939 запісаўся ў батальён, які абараняў Варшаву ад немцаў, пазней быў узнагароджаны медалём. Пасля капітуляцыі Польшчы вярнуўся ў Наваградак, дзе выкладаў у школе беларускую мову і літаратуру. Потым быў дырэктарам школы на Беласточчыне. У 1941 выкладчык і загадчык школы ў мяст. Уселюб Наваградскага р-на. З 1942 выкладчык Наваградскай Беларускай Настаўніцкай Семінарыі. Публікаваўся ў газ. “За праўду”, са студзеня 1944 яе рэдактар. У лютым — маі 1944 загадчык Наваградскай друкарні, у маі—чэрвені супрацоўнік сектара радыёперадач Беларускага культурнага цэнтра ў Менску. Удзельнік 2-га Усебеларускага кангрэса 1944, на якім вылучаўся радыкальнымі антыпольскімі і антыбальшавіцкімі заклікамі. Пры адступленні нямецкіх войск выехаў у Нямеччыну. У 1945—46 жыў у Кракаве, працаваў у газетах. Потым узначаліў ваяводскі аддзел выдавецтва “Czytelnik” у Вроцлаве і Шчэціне. Арыштаваны савецкімі спецслужбамі ў маі 1948; вывезены ў Менск. За супрацоўніцтва з немцамі прысуджаны да расстрэлу, замененага 25 гадамі зняволення. Вызвалены 12.ІІ.1957. У крас. 1957 у яго доме пад час ператрусу знойдзены два часопісы і каляндар 1944, выдадзеныя ў перыяд нямецкай акупацыі. Гэта стала падставаю для новага арышту і 24.VIII.1957 А. быў асуджаны паводле артыкулу “антысавецкая агітацыя і прапаганда”. Правёў у лагерах Запаляр’я і Мардовіі 14 гадоў. 4.VI.1960 тэрмін зняволення зменшаны. Вызвалены ў 1962. Вярнуўся на радзіму. Працаваў эканамістам у Наваградскім р-не і ў Лідзе. Потым пераехаў у Літву (Эйшышкі). Надалей, да другой паловы 1980-х гадоў, устрымліваўся ад актыўнай грамадскай дзейнасці. Жыве ў Вільні. Узначальвае суполку віленскіх беларускіх палітвязняў. Піша на беларускай, рускай, польскай мовах. Член СП Беларусі з 2000. Аўтар мемуараў.
Тв.: Мондзінская балада: Дакументальная аповесць. Вільня, 1996; За калючым дротам: (Нарысы, вершы). Вільнюс, 1996; Жизнь живым принадлежит: (Стихи). Вильнюс, 1996; Наваградская Беларуская Гімназія. Вільнюс, 1997; Сяргей Хмара. Вільнюс, 1998; Выбраныя Богам. Вільнюс, 1999; Партрэты. Вільнюс, 2001.
Кр.: ГА РФ. Ф. 9474, воп. 41, спр. 3138.
Читать дальше