Літ.: Мілаш Л. Аляксею Анішчыку — 90 // Кантакты і дыялогі. 2002, № 5–6; Рэпрэсаваныя, Т. 1, 3; 58[10], с. 360.
АНТОНЕНКА В. І. [1936 —?], сталяр, рэлігійны актывіст, вязень сумлення. Беларус. Жыхар Менска. Меў адукацыю ў 4 класы. Баптыст. Праходзіў па адной справе з Макаранкам Г. і Піліпенкам А. Асуджаны па артыкулу “антысавецкая агітацыя і прапаганда” 4.ІI.1963. Рэабілітаваны 17.ІІІ.1965.
Кр.: ГА РФ. Ф. 8131, воп. 31, спр. 97866.
Літ.: 58[10], с. 624.
АНУШКЕВІЧ Вячаслаў Антонавіч [нар. 14.Х.1931, г. Ляхавічы Баранавіцкага пав. Наваградскага ваяводства, цяпер Берасцейскай вобл.], удзельнік антыкамуністычнай падпольнай моладзевай групы ў Ляхавічах. Пасля заканчэння ў 1952 двухгадовага аддзялення пры Інстытуце Народнай Гаспадаркі ў Менску, працаваў спачатку ў Шчучыне, а потым у Ляхавічах. У Ляхавічах са сваім старэйшым братам Антонам і суседскім хлопцам Юзікам Анушкевічам вырашылі ў знак пратэсту супраць палітычнай і сацыяльнай рэчаіснасці пісаць і распаўсюджваць антысавецкія ўлёткі. Улёткі, як больш адукаваны, запісваў на аркушах паперы Вячаслаў. У іх утрымлівалася крытыка савецкіх парадкаў, свавольства чыноўнікаў і камуністычных функцыянераў, выкрывалася бессаромная фальш выбарчай сістэмы. Улёткі, якія звычайна заканчваліся заклікам “Смерць камунізму!”, распаўсюджваліся ў Ляхавічах, Баранавічах, у суседніх гарадах і мястэчках, у цягніках. Група дзейнічала каля паўтара года — у 1956—57. А. быў выяўлены па рэгістарцыйнай картцы ў пашпартным аддзяленні міліцыі, у якой атрымальнікі пашпарта павінны былі пакідаць узоры почыркаў. Паводле дадзеных следства 3.IV.1957 пакінуў на выбарчым бюлетэні антысавецкія заклікі. Арыштаваны 6.IV.1957, падвергнуты працяглым допытам у вядомай баранавіцкай турме “Крывое кола” і ў Берасцейскай турме. Не выдаў сяброў і ўсю віну ўзяў на сябе. Асуджаны паводле артыкула 72-а КК БССР “антысавецкая агітацыя і прапаганда” 20.VІ.1957 на 4 гады ППЛ і 3 гады пазбаўлення правоў. З чэрв. 1957 па 6.IV.1961 адбываў пакаранне ў Дубраўлагу МУС Мардоўскай АССР (Зубапалянаўскі р-н, пас. Сасноўка, ЖХ 385—7/1). На зоне сустракаўся з шэрагам беларускіх, польскіх, расійскіх, украінскіх палітзняволеных, у тым ліку з выдатнейшымі беларускім патрыётам выкладчыкам Гарадзенскага педінстытута Браніславам Ржэўскім, пляменнікамі Якуба Коласа братамі Леанідам і Міхалам Белымі, маладым лекарам з Менска Віктарам Чарняўскім, хлопцамі з Меншчыны і Гарадзеншчыны, што сядзелі за антысавецкія вершы і ўлёткі, або за Армію Краёву. Пасля вяртання са зняволення ў Ляхавічы А. падвяргаўся ўціску з боку начальства і спецслужбаў, меў пастаянныя цяжкасці з уладкаваннем на працу. Адносны спакой займеў, калі пачаў працаваць на тыповых для дысідэнтаў савецкага часу пасадах — вартаўніком ды качагарам. Рэабілітаваны 29.I.1992 Прэзідыумам Берасцейкага абласнога суда. Цяпер на пенсіі. Жыве ў Ляхавічах. З’яўляецца аўтарам успамінаў пра сябе і людзей, якіх сустракаў у турмах і канцлагерах.
Кр.: Архіў УКДБ па Брэсцкай вобл., а/с № 10468-c; ГА РФ. Ф. 8131, воп. 31, спр. 82573.
Літ.: 58[10], с. 624.
Міхась Чарняўскі
АРЛОЎ Уладзiмір (Уладзімір Аляксеевіч) [нар. 25.VIII.1953, Полацк], беларускi пiсьменнiк, публiцыст, грамадскi дзеяч, удзельнiк самвыдату 1970—1980-х гадоў i палiтычнай апазіцыi ў другой палове 1980—1990-х гадоў.
Бацька А. па прафесіі — юрыст, у апошнія гады жыцця быў пракурорам Наваполацка, маці — выкладчыца гісторыі. У 1970 скончыў сярэднюю школу ў Наваполацку, у 1975 — Гiстарычны факультэт БДУ. Паказальна, што А. дэбютаваў вершамi ў Наваполацкiм самвыдавецкiм часопiсе “Блакiтны лiхтар” (1971–1974). Таксама стаў адным з iнiцыятараў выпуску ў Менску самвыдавецкага лiтаратурнага альманаху “Мiлавiца” (1974–1976), за што выклiкаўся ў КГБ для “прафiлактычнай гутаркi”. І хоць сфера ўплыву гэтых самвыдавецкіх часопісаў была вельмі абмежаванаю, але быў створаны цэлы культурны міф пра незалежныя літаратурныя выданні, што мела для развіцця беларускага грамадства 1980-х гадоў культурна-правакацыйнае значэнне. У студэнцкія гады разам з В. Мудровым узяў удзел у памнажэннi шэрагу беларускiх кнiг у Наваполацку, сярод якiх быў “Расейска-беларускi (крыўскi) слоўнiк” В. Ластоўскага. У 1976 вершы А. пабачылі свет на старонках афіцыйнага друку. Пасля заканчэння вучобы працаваў у Наваполацку выкладчыкам гiсторыi ў школе (1975—76), з 1976 па 1986 — у рэдакцыi гарадской газеты “Химик” (карэспандэнт, загадчык аддзела лістоў і масавай работы, намеснік рэдактара). У 1986 стаў сябрам Саюзу пiсьменнiкаў, атрымаў Прэмiю ЛКСМБ за кнiгу “Добры дзень, мая Шыпшына” (Мн., 1986). З 1988 — рэдактар выдавецтва “Мастацкая лiтаратура”. У другой палове 1980-х гадоў камуністычныя ўлады спрабавалі інтэграваць А. у савецкую сістэму, што праявілася і ў наданні прэміі. У нейкай ступені А. быў на гэтае гатовы, нездарма ж ён уступіў у КПСС. Але як паказалі далейшыя падзеі, трывалага супрацоўніцтва не атрымалася. У 1988 А. становiцца сябрам БНФ, з 1992 двойчы абiраўся ў Сойм БНФ. У 1989 выйшаў з КПСС. З 1989 вiцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-Цэнтра. У 1991 узнагароджаны медалём Францыска Скарыны; у 1993 — выдавецкай прэміяй імя Уладзіміра Караткевіча; у 1996 — літаратурнай прэміяй імя Ф. Багушэвіча Беларускага ПЭН-Цэнтра. У другой палове 1980-х — 1990-х А. канчаткова зазначыўся як аўтар гістарычнай прозы і публіцыстыкі. Выкарыстоўваючы малавядомыя факты, А. стварыў свой непаўторны мастацкі свет, знайшоў арыгінальныя кампазіцыйныя рашэнні і эмацыйную танальнасць[1], што было заўважана і высока ацэнена чытачамі. Арнольд МакМілін сцвярджае: “Перыядам сапраўдных дасягненняў у сферы беларускай гістарычнай мастацкай літаратуры сталі 80-я, а галоўным прадстаўніком — Уладзімір Арлоў”[2]. У 1996 цэнзура спыняе выхад у выдавецтве “Беларусь” кнiгi А. “Адкуль наш род”, якая пазней выйшла ў ВЦ “Бацькаўшчына”, але частка накладу была затрыманая. У тым жа годзе ў выдавецтве “Мастацкая лiтаратура” спыняецца выхад кнiгi “Дзесяць вякоў беларускай гiсторыi”, напiсанай разам з Г. Сагановiчам. У 1997 А. звольнены з працы ў выдавецтве “Мастацкая лiтаратура” за выпуск “сомнительной исторической и другой литературы”. З 1997 — супрацоўнiк рэдакцыi часопiсу “Крынiца”, да яго ліквідацыі ў сваім класічным выглядзе. Сёння А. — самы вядомы ў чытацкіх колах сучасны беларускі пісьменнік, які, да таго ж, займае выразную прадэмакратычную грамадскую пазіцыю. У пэўнай ступені сучаснае становішча Арлова ілюструе статус часткі беларускай апазіцыі — А. дыстанцуецца ад уладаў ды крытыкуе іх, а яго кніжкі цяпер паспяхова друкуюцца як у недзяржаўных, так і ў дзяржаўных выдавецтвах.
Читать дальше