Сьмерць вялікага князя Альгерда выклікала крывавую міжусобную барацьбу ў Княстве, у выніку чаго вялікім князем літоўскім стаў Альгердаў сын - Ягайла. Стаўшы на чале дзяржавы, Альгердавіч апынуўся ў досыць складанай сытуацыі, бо на паўночным захадзе ўзмоцнілі свой наступ Тэўтонскі і Лівонскі ордэн, захапіўшы Жамойць, з поўдня прыходзілі трывожныя весткі з Арды, на ўсходзе пачыналіся першыя канфлікты зь Вялікім Княствам Маскоўскім, а на захадзе не сьціхала спрэчка з Польскім Каралеўствам пра Валынь. Апроч усяго Ягайла ня быў старэйшым сынам Альгерда і за вялікакняскі пасад трэба было змагацца і са сваімі роднымі братамі, і са стрыечнымі. Таму вялікі князь літоўскі шукаў апірышча ў саюзе з суседнімі дзяржавамі, або з Масквой, або з Польшчай. Аднак ледзь пачаўшы перамовы з Дзьмітрам Данскім, Ягайла хутка адмовіўся ад гэтых крокаў, бо маскоўскі князь запатрабаваў ад Альгердавіча прызнаць сябе «малодшым братам» Масквы і ахрысьціць у праваслаўе «ўсю Літву». Саюз з Польшчай выглядаў больш прывабным, бо дазваляў вялікаму князю літоўскаму стаць адначасова польскім каралём. У дадатак гэта давала магчымасьць сумеснымі намаганьнямі спыніць крыжацкую агрэсію. Пасьля адпаведных перамоваў у 1385 г. у Крэве было падпісанае пагадненьне аб дынастычнай вуніі (аб'яднаньне, у якім дзьве дзяржавы маюць аднаго караля). Ягайла са свайго боку абавязваўся хрысьціць паводле каталіцкага абраду яшчэ ня хрышчаных ліцьвінаў. Але Крэўская вунія не прынесла супакою Княству, не задаволенаму падпісанымі ўмовамі. На чале апазыцыі стаў стрыечны брат Ягайлы, Вітаўт, якога падтрымлівала значная частка беларускіх баяраў. Каб канчаткова не згубіць улады над Вялікім Княствам, Ягайла пайшоў на саступкі і прызнаў Вітаўта вялікім князем літоўскім. У 1410 годзе аб'яднаныя войскі Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства пад Грунвальдам разграмілі армію Тэўтонскага ордэну. Краіна ўздыхнула з палёгкай. Скончылася перамогай амаль двухсотгадовая вайна, заходняя мяжа на стагодзьдзі стала самай спакойнай. Праз сто гадоў Тэўтонскі ордэн прызнае сваю васальную залежнасьць ад Польскага Каралеўства, а Лівонскі ордэн стане галоўным экнамічным партнёрам Княства, ягоная сталіца Рыга - гандлёвай брамай для Беларусі ў Заходнюю Эўропу.
Адносны супакой, які панаваў у Вялікім Княстве ў сярэдзіне XV стагодзьдзя, а таксама шчыльны кантакт з Заходняй Эўропай перамяніў ваяўнічых беларускіх баяраў у шляхту, якая ўсё больш займалася арганізацыяй сваіх гаспадарак і пачынала сур'ёзна задумвацца аб сваіх правах. Грамата вялікага князя Казіміра ад 1447 году аб праве свабоднага выезду за мяжу на вучобу ва ўнівэрсытэты і «для лепшаго счасьтя набытья» дазволіла дзесяткам і сотням ураджэнцаў Беларусі атрымліваць вышэйшую адукацыю ў навучальных установах Кракава, Прагі, Вены, Падуі, Балёньі. Толькі на пераломе XV-XVI стагодзьдзяў у Кракаўскім унівэрсытэце вучылася 140 студэнтаў-ліцьвінаў, сярод якіх быў і славуты Франьцішак Скарына з Полацку.
Усьлед за іншымі эўрапейскімі краінамі шляхта Вялікага Княства пачала абмяжоўваць уладу манарха. У 1492 годзе вялікі князь Аляксандар выдаў прывілей, паводле якога «гаспадар» быў абавязаны весьці дыпляматычныя зносіны зь іншымі краінамі толькі па ўзгадненьню з панамі раднымі, у справах унутраных нічога не адмяняць з таго, што было вырашана разам з радаю, бяз згоды яе членаў не рабіць прызначэньні на дзяржаўныя пасады ці зьмяшчэньні зь іх, распараджацца фінансамі толькі пад кантролем рады. Такім чынам дзяржаўную кампэтэнцыю гаспадарскай рады Вялікага Княства Літоўскага можна параўнаць з кампэтэнцыяй сучаснага парляманту. Гэта была даволі прадстаўнічая структура, у якую ўваходзілі каталіцкія біскупы, ваяводы і кашталяны віленскі і троцкі, канцлер, гетман, скарбнік, маршалкі і іншыя прадстаўнікі дзяржаўнага апарату Княства, разам каля 50 чалавек.
У канцы XV стагодзьдзя аформіўся яшчэ адзін прадстаўнічы ворган дзяржаўнай улады - сойм, у склад якога ўваходзілі паны-радныя, прадстаўнікі вялікакняскай адміністрацыі і шляхта з усёй краіны. Спачатку ўся шляхта запрашалася на сойм, але пасьля было ўведзена прадстаўніцтва - два дэпутаты ад павету, хоць ніякаму шляхцічу не адмаўлялася права на асабістую прысутнасьць на сойме.
Вялікае Княства Літоўскае ніколі не было жорстка цэнтралізаванай дзяржавай. Асновай яго заўсёды была дамова паміж вялікім князем і канкрэтнай зямлёй. Так у Полацку і Віцебску вялікі князь ня меў права асабіста прызначаць ваяводу бяз згоды земскага сойму - сходу прадстаўнікоў шляхты ваяводзтва. Большасьць беларускіх гарадоў карысталіся магдэбурскім правам, гэта значыць правам на самакіраваньне, якое вызваляла горад ад суду і ўлады вялікакняскіх ваяводаў.
Читать дальше