Станіслаў Акіньчыц
Залаты век Беларусі
«Гэта кажа Госпад: Спыніцеся на шляхах вашых і разгледзцеся,
і запытайцеся пра шляхі старадаўныя, дзе шлях добры,
і ідзіце па яму, і знойдзеце супакой душам вашым».
Біблія, Кніга прарока Ярэміі, 6,16
Адкуль наш род
Калі паглядзець на гісторыю Беларусі, між іншых пэрыядаў выразна выдзяляецца час, які многія называюць Залатым Векам нашае краіны. Гэта XVI стагодзьдзе, эпоха Адраджэньня, час найбольшага культурнага, інтэлектуальнага, эканамічнага росквіту Беларусі, час вялікіх людзей, дзяржаўных і культурных дзеячоў сусьветнага маштабу. На XVI стагодзьдзе прыпадае большасьць найважнейшых падзеяў у гісторыі Беларусі, якія сфармавалі беларусаў як нацыю. Вядомы гісторык У.Пічэта так ахарактарызаваў гэтую эпоху: «Адраджэньне ... ёсьць культурнае зьявішча першараднае важнасьці ў духоўным жыцьці беларускага народу».
Найбольш характэрнай рысай беларускага Адраджэньня XVI стагодзьдзя зьяўляецца разьвіцьцё Рэфармацыі на нашых землях. У XVI стагодзьдзі ўся Эўропа перажывала грандыёзныя зьмены ў сваім духоўным, культурным, эканамічным і палітычным жыцьці, зьвязаныя з рухам аднаўленьня царквы, вяртаньня да біблійных падставаў хрысьціянства. Гэты рух, званы Рэфармацыяй, стаўся крыніцай росквіту для многіх народаў. Немцы, швэды, ангельцы, галяндцы, швайцарцы дзякуючы Рэфармацыі паўсталі як паўнавартасныя сучасныя нацыі. Рэфармацыя сталася цэнтральнай падзеяй усяго XVI стагодзьдзя. У поўнай меры ўсё гэта адносіцца і да нашае краіны. Мы ня можам гаварыць пра Адраджэньне ў Беларусі, ігнаруючы Рэфармацыю, і, наадварот, нельга Рэфармацыю аддзяліць ад Адраджэньня. Выбітныя постаці беларускага Адраджэньня адначасова былі людзьмі Рэфармацыі. Гэта і Франьцішак Скарына, які друкаваў Біблію на беларускай мове, і Сымон Будны, выдавец першага беларускага катэхізму, у якім проста і зразумела, у духу Эвангельля, тлумачыў праўды веры, і Васіль Цяпінскі, які на поўны голас заявіў пра неабходнасьць разьвіцьця навукі і літаратуры на роднай мове і сам узяўся за пераклад Новага Запавету на беларускую мову, каб кожны беларус мог зразумець Слова Божае. Гэта таксама магнат Мікалай Радзівіл Чорны, які засноўваў цэрквы, школы, друкарні па ўсёй краіне, канцлер Астафей Валовіч, які кіраваў правядзеньнем зямельнай рэформы, так званай «валочнай памеры», і рыхтаваў самы дасканалы збор законаў у Эўропе XVI стагодзьдзя - Статут Вялікага Княства Літоўскага.
Рэфармацыя ўкшталтавала беларускае Адраджэньне, стварыла Залаты Век Беларусі, заклала падмуркі беларускае нацыі. Да XVI стагодзьдзя зьвяртаюцца многія пакаленьні беларусаў у пошуках сваіх каранёў, сваёй тоеснасьці, свайго прызначэньня, сваёй ідэі.
Напярэдадні
На пачатку XVI стагодзьдзя Эўропа дасягнула крытычнага пункту ў сваім эканамічным і палітычным жыцьці. Крызыс сярэднявечнай духовасьці стаўся прычынай усеабдымнага крызысу эўрапэйскага грамадзтва. Адыходзіла старая гатычная Эўропа, аб'яднаная лацінскай культурай, каталіцкай царквою, рыцарскай традыцыяй і фэўдальнымі адносінамі, якія панавалі на ўсім абшары ад Пірэнэяў да Дняпра, ад Сіцыліі да Скандынавіі. Нясупынныя войны руйнавалі цэлыя краіны. Спачатку Стогадовая вайна пустошыла Францыю, пасьля ў Англіі вайна Белай і Пунсовай Ружы вынішчыла большасьць ангельскага рыцарства. У Гішпаніі чатыры каралеўствы змагаліся паміж сабою і з арабамі, імкнучыся здабыць згубленыя яшчэ ў VІІI стагодзьдзі землі. Чэхія, прыняўшы пропаведзь Яна Гуса аб вяртаньні царквы да Эвангельля, дзесяткі гадоў вяла барацьбу супраць войскаў нямецкага імпэратара. Італійскія дзяржавы зацята біліся паміж сабою за панаваньне на Апэнінах.
Калі дадаць да гэтага эпідэміі і розныя стыхійныя бедствы, няма нічога дзіўнага, што людзі жылі ў страху. Надмагільныя камяні ў супрацьлегласьць спакойным постацям з VІІI стагодзьдзя паказвалі людзей, мучаных хваробамі, старасьцю, зьнішчаных жыцьцём. «Танцы сьмерці» запоўнілі фрэскі, гравюры, з аднолькавай пагардаю паказваючы каралёў і біскупаў, прыгожых жанчынаў і манахаў. Замест Хрыста-Валадара ў каралеўскіх шатах, так распаўсюджанага ў раньнім Сярэднявеччы, касьцёлы напоўніліся выявамі Ісуса, Які памірае на крыжы ў страшэнных муках. Усе чакалі хуткага канцу сьвету. Прароцтвы з Адкрыцьця сьвятога Яна сталі папулярнымі як ніколі. Тым больш, што на Ўсходзе паўставаў небясьпечны апакаліптычны вораг. У 1453 годзе Эўропа аслупянела на вестку аб захопе туркамі Канстантынопалю. Бізантыйская імпэрыя - хрысьціянская дзяржава, спадкаемца Рымскай імпэрыі ў Грэцыі і на Блізкім Усходзе - перастала існаваць. Султан Мэхмэт на кані ўехаў у храм сьвятой Сафіі, які пасьля быў перароблены на мячэт.
Читать дальше