Абед быў з шасці страў — не лічачы дадатковых. Столікі-бары з віном ціхенька каціліся па шкляных дарожках. Над кожным сталом высока зверху гарэла лямпа-кропка. Суп з чарапахі падавалі пры лімонным святле. Рыбу — пры белым з блакітнаватым адценнем. Куранятак заліла барва з шаўкова-шэрым, цёплым адценнем. На чорнай каве, на шчасце, не сталася цёмна — Піркс быў падрыхтаваўся ўжо да самага горшага. Гэткі абед знясіліў яго. Ён дакляраваў сам сабе, што з гэтага дня будзе харчавацца толькі на ніжняй палубе — у бары. Гэтая зала была відочна не для яго. Увесь час мусіў памятаць пра локці. У дадатак — убранні і строі!
Зала была ўвагнутая — берагі вышэй, а цэнтр апушчаны ледзь не на палову яруса. Яна была падобная на вялізную залаціста-крэмавую талерку, поўную самых яркіх пірожных на свеце. Каляныя, паўпразрыстыя сукенкі жанчын шамацелі за спіной Піркса. Тут цудоўна бавілі час. Гучала музыка. Снавалі кельнеры — сапраўдныя кельнеры, кожнага з іх можна было прыняць за філарманічнага дырыжора. «Трансгалактык» гарантуе: сярод абслугі — ніякіх аўтаматаў, інтымнасць, далікатнасць, шчырая чалавечая зычлівасць — уся абслуга жывая. І ўсе — віртуозы сваёй справы.
Піркс піў каву, паліў цыгарэту і стараўся адшукаць у зале такое месца, за якое можна было б зачапіцца позіркам. Ціхае месцейка, самы раз для адпачынку. Суседка, якая сядзела разам з ім за адным столікам, імпанавала яму. На яе дэкальтаваных грудзях чарнеўся пляскаты, шурпаты каменьчык. Не нейкі там хрызапар або халцэдон. Незямны, пэўна што з Маркса. Каменьчык гэты, відаць, варты быў цэлага маёнтка — ён падобны на кавалак каменя з бруку. Кабеты не павінны мець гэтулькі грошай.
Піркс не абураўся. Не здзіўляўся. Ён назіраў. Паступова ў яго ўзнікла жаданне размяць косці. Ці не схадзіць на шпацырную палубу?
Ён устаў, ледзь прыкметна кіўнуў галавой і выйшаў. Ідучы паміж гранёнымі калонамі, абкладзенымі нейкай люстраной масай, Піркс убачыў сваё адлюстраванне, — з-пад вузла гальштука відаць быў гузік. А зрэшты, хто яшчэ носіць гэтыя самыя гальштукі? Ён паправіў каўнерык ужо ў калідоры. Зайшоў у ліфт. Паехаў на самы верх — на відарысную палубу. Ліфт ціхенька адчыніўся. Тут не было ніводнай жывой душы. Гэта яго ўсцешыла. Трэцяя частка ўвагнутай столі над палубай, застаўленай шарэнгамі лежакоў, здавалася вялізным чорным акном, адчыненым насустрач зорам. Лежакі з гурбамі коўдраў пуставалі. Толькі на адным з іх хтосьці ляжаў, накрыўшыся амаль з галавой, — той дзівакаваты стары, які прыходзіў абедаць на гадзіну пазней за ўсіх і еў адзін у пустой зале, захінаючы твар сурвэткай, калі адчуваў на сабе чый-небудзь позірк.
Піркс лёг. Нябачныя пашчы кліматызатараў пасылалі на галерэю палубы парывістыя патокі ветру, здавалася, што дзьме проста з чорных глыбіняў неба. Канструктары, паслугамі якіх карыстаўся «Трансгалактык», ведалі сваю справу. Ляжак быў удалы — бадай, больш удалы, чым крэсла пілота, хоць яно і было сканструявана на аснове дакладных матэматычных разлікаў. Пірксу стала холадна. Дзеля гэтага якраз і былі прымеркаваныя коўдры. Ён захутаўся ў іх, нібыта нырнуў у пух.
Нехта кіраваўся сюды. Па лесвіцы, а не ў ліфце. Суседка па століку. Колькі ёй можа быць гадоў? На ёй была ўжо іншая сукенка. А мо гэта зусім іншая кабета? Яна ўлеглася праз тры лежакі ад яго. Разгарнула кнігу. Вецер шамацеў старонкамі. Піркс пазіраў проста перад сабой. Вельмі выразна быў бачны Паўднёвы Крыж. Абрэзаны рамай акна свяціўся кавалачак Малога Магеланава Воблака, светлая плямка на чорным фоне. Ён падумаў, што палёт будзе доўжыцца сем дзён. За гэты час шмат што можа здарыцца. Ён знарок зашавяліўся. Тоўстая, складзеная ў чатыры столкі папера зашамацела ў нагруднай кішэні. Яму добра жылося на свеце — месца другога навігатара ўжо чакала яго, ён ведаў дакладны маршрут: з Паўночнай Зямлі самалётам да Еўразіі і далей, у Індыю. Білетаў заставалася яшчэ цэлая кніжачка — яе можна было чытаць, кожны бланк іншага колеру, падвойны, з адрыўнымі талонамі, залатымі беражкамі — усё, што «Трансгалактык» выдаваў пасажырам, проста ззяла серабром альбо золатам. Пасажырка на трэцім лежаку была надта пекная. Бадай, усё-ткі тая самая. Сказаць ёй што-небудзь — альбо лепей не варта? Бо ён ужо нібыта назваўся ёй. Гэта сапраўднае няшчасце мець гэткае кароткае прозвішча — не паспееш пачаць, а яно ўжо скончылася. «Піркс» гучыць зусім як «ікс». Горш за ўсё бывае падчас тэлефонных размоў. Сказаць што-кольвечы? Што?
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу