«Альбатрос чатыры ўсім кропка ляжу ў дрэйфе эліпс Т-341 сектар 65 кропка абшыўка корпуса трэскаецца далей кропка кармавыя пераборкі не вытрымліваюць кропка аварыйная цяга рэактара нуль тры жэ кропка рэактар выходзіць з-пад кантролю кропка галоўная перагародка пашкоджана ў многіх месцах кропка пашкоджанне на трэцяй палубе павялічваецца пад уплывам аварыйнай цягі кропка спрабую цэментаваць кропка пераводжу экіпаж у насавую частку кропка канец».
У радыётэлеграфіста трымцелі рукі, калі ён пісаў. Адзін з тых, хто стаяў побач, узяў яго за каўнер сарочкі, падняў, выпхнуў за дзверы, выйшаў сам, але праз хвіліну вярнуўся і сеў на яго месца.
— У яго там брат, — патлумачыў ён, не звяртаючыся ні да каго.
Цяпер Піркс схіліўся над старшым радыётэлеграфістам, які нечакана пачаў пісаць:
«Месяц Галоўны Альбатросу чатыры Марс працяжнік Месяц кропка ідуць да вас Парыў з сектара 64 Тытан з сектара 67 Балістычны восем з сектара 44 Кобальд сем нуль два з сектара 94 кропка цэментуйце перагародкі ў скафандрах за шчытамі пры павялічаным ціску кропка паведаміце аварыйны дрэйф на гэты час кропка…»
Чалавек, які замяніў маладога тэлеграфіста, гучна прамовіў: «Альбатрос!» — і ўсе схіліліся над ім. Ён пісаў:
«Альбатрос чатыры да ўсіх кропка аварыйны дрэйф не выяўлены кропка шпангоўты корпуса плавяцца кропка губляю паветра кропка экіпаж у скафандрах кропка машыннае аддзяленне залітае цепланосьбітам кропка шчыты прабітыя кропка тэмпература ў рубцы 63 градусы першая прабоіна ў рубцы зацэментавана кропка залівае галоўны перадатчык кропка цяпер буду трымаць сувязь толькі па радыёфоне кропка чакаем вас кропка канец».
Піркс хацеў запаліць — палілі амаль усе, і было бачна, як дым сінімі стужкамі ляціць угару, да вентыляцыйных адтулін. Ён шукаў па ўсіх кішэнях цыгарэты і не мог знайсці. Хтосьці — ён нават не бачыў хто — усунуў яму ў руку адкрыты пачак. Ён запаліў. Камандор сказаў:
— Калега Міндэл, — на імгненне ён прыкусіў ніжнюю губу, — поўны ход.
Міндэл спачатку, відаць, быў разгублены, але нічога не прамовіў.
— Даць папярэджанне? — спытаў чалавек, які сядзеў побач з камандорам.
— Ага. Я сам. Дайце.
Ён падцягнуў да сябе мікрафон і стаў гаварыць:
— «Тытан» Марс — Зямля «Альбатросу-4». Ідзём да вас поўным ходам. Знаходзімся на граніцы вашага сектара. Будзем праз гадзіну. Паспрабуйце выйсці праз аварыйны люк. Будзем каля вас праз гадзіну. Ідзём поўным ходам. Трымайцеся. Трымайцеся. Канец.
Ён адштурхнуў мікрафон і ўстаў. Міндэл гаварыў па ўнутраным тэлефоне ля супрацьлеглай сцяны:
— Хлопцы, праз пяць хвілін поўны ход. Ага, так, — адказваў ён таму, хто быў на другім канцы провада.
Камандор выйшаў. З другога пакоя быў чуваць яго голас:
— Увага! Увага! Пасажыры! Увага! Увага! Пасажыры! Перадаём важнае паведамленне! Праз чатыры хвіліны наш карабель прыбавіць хуткасць. Мы атрымалі сігнал SOS і спяшаемся…
Нехта зачыніў дзверы. Міндэл дакрануўся да пляча Піркса.
— Трымайцеся за што-небудзь. Зараз будзе больш за два.
Піркс хітнуў галавой. Два жэ — гэта для яго нічога не значыла, але ён разумеў, што зараз не час выхваляцца сваёй вынослівасцю. Паслухмяна ўзяўся за падлакотнік крэсла, у якім сядзеў пажылы тэлеграфіст, і зноў чытаў праз яго плячо:
«Альбатрос чатыры Тытану кропка на працягу гадзіны не пратрымаюся на палубе кропка аварыйны люк заціснула пэнкаючымі шпангоўтамі кропка тэмпература ў рулявой рубцы 81 кропка пара паступае ў рубку кропка паспрабую разрэзаць браню на носе і выйсці кропка канец».
Міндэл выхапіў у яго з рук спісаны бланк і пабег у другі пакой. Калі ён адчыняў дзверы, падлога крыху здрыганулася, і ўсе адчулі, што іх целы набрынялі цяжарам.
Увайшоў камандор — ён ступаў з відочным высілкам. Сеў у сваё крэсла. Хтосьці падаў яму вісячы мікрафон. У руках ён трымаў скамячаны лісток — апошнюю радыёграму з «Альбатроса». Камандор выпрастаў лісток і доўга пазіраў на яго.
— «Тытан» Марс — Зямля «Альбатросу-4», — прамовіў ён нарэшце. — Будзем каля вас праз пяцьдзесят хвілін. Падыдзем курсам восемдзесят чатыры коска пятнаццаць кропка восемдзесят адзін коска два кропка пакідайце карабель. Пакідайце карабель. Мы знойдзем вас. Так, знойдзем вас. Трымайцеся. Канец.
Чалавек у расшпіленым кіцелі, які быў замяніў маладога сувязіста, раптам ускочыў і паглядзеў на камандора, які падышоў да яго. Тэлеграфіст зняў з галавы слухаўкі, аддаў іх камандору, а сам пачаў рэгуляваць назойліва хрыплівы рэпрадуктар. Раптам усе здранцвелі.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу