Сваім вучэньнем Жан Кальвін імкнуўся выхаваць моцных людзей, якія не хістаюцца, але супрацоўнічаюць з Богам і выконваюць Яго волю. Дзеля гэтага на пропаведзях ён вучыў карыстацца біблійнымі прынцыпамі ў штодзённым жыцьці, дзеля гэтага заклаў у Жэневе мноства пачатковых школаў і адкрыў Акадэмію, дзеля гэтага арганізаваў жыцьцё царквы так, каб кожны вернік нёс адказнасьць за яе служэньне. Чэрпаючы зь Бібліі ідэалы самакіраваньня, Кальвін вучыў, што каралі пастаўленыя Богам над народам як кара за чалавечыя грахі, і сьцьвярджаў, што Бог можа навучыць народных прадстаўнікоў абыйсьціся без манарха і, узяўшы ўладу ў свае рукі, рабіць Божыя справы.
Ня дзіўна, што ўдзельнікі вайны за незалежнасьць Галяндыі, змагары Слаўнай рэвалюцыі 1648 году ў Англіі, перасяленцы ў ангельскіх калёніях у Паўночнай Амэрыцы называлі жэнеўскага рэфарматара сваім духоўным бацькам. Ягоныя ідэі сталіся асновай сёньняшняга грамадзтва, таму гісторыкі ў адзін голас называюць Кальвіна «заснавальнікам новай цывілізацыі».
Рэфармацыя кардынальна зьмяніла аблічча Эўропы. Калі ў Сярэднявеччы паўночныя краіны былі без параўнаньня больш бедныя і адсталыя, чым Італія, Францыя, Гішпанія, то пасьля Рэфармацыі ўсё стала дакладна наадварот. Паўночныя краіны, прыняўшы Рэфармацыю, пачалі імкліва разьвівацца, і ня гледзячы на менш спрыяльныя прыродныя ўмовы, хутка багацелі, а краіны Паўднёвай Эўропы паступова ставаліся беднымі і адсталымі на фоне сваіх паўночных суседзяў. Шэраг нямецкіх земляў, а таксама Швайцарыя пачалі перажываць імклівы эканамічны ўздым. Галяндыя, напалову затопленая, зьнішчаная саракагадовай вайной за незалежнасьць, ужо празь пяцьдзесят гадоў становіцца цэнтрам міжнароднага грашовага рынку, дзяржавай, зь якой усе мусяць лічыцца. У Швэцыі ўцекачы-пратэстанты зь іншых краінаў Эўропы сталі распачынальнікамі эканамічных і палітычных пераўтварэньняў, якія стварылі з краіны дзікіх вікінгаў адну з самых уплывовых дзяржаваў. У Англіі Слаўная рэвалюцыя 1648 году, асноўнай сілай якой былі пурытане - ангельскія кальвіністы, стала пачаткам сусьветнага панаваньня Брытаніі. Пазьней рух мэтадыстаў прадухіліў у Англіі паўтарэньне падзеяў Францускай рэвалюцыі 1789 году і зрабіў Англію «майстэрняй сьвету». Фэнамэнальная гісторыя Злучаных Штатаў Амэрыкі непарыўна зьвязаная зь дзейнасьцю эвангельскіх місыянэраў і разьвіцьцём эвангельскіх цэркваў. Сацыёлягі сьцьвярджаюць, што фармаваньне рынкавай эканомікі бярэ свой пачатак з Рэфармацыі, якая сфармавала так званую «пратэстанцкую этыку», паводле якой каштоўнасьць чалавека вызначаецца якасьцю яго працы. Такі падыход да працы стварыў падставы сёньняшняга дабрабыту заходняй цывілізацыі.
Адзін з галоўных прынцыпаў аднаўленьня духоўнага жыцьця заключаецца ў непасрэдных адносінах з Богам, якія базуюцца на чытаньні і разуменьні Бібліі кожным чалавекам, таму разьвіцьцё Рэфармацыі выклікала дынамічны рост колькасьці навучальных установаў ва ўсёй Эўропе. Кожная эвангельская царква імкнулася мець школу, у якой бы дзеці і дарослыя вучыліся чытаць, пісаць, лічыць і г.д. Лютаранская Швэцыя стала першай краінай, якая ўвяла ўсеагульную адукацыю на дзяржаўным узроўні. З Рэфармацыі таксама бярэ свой пачатак такая навука як пэдагогіка. Ян Амос Каменскі, прапаведнік і настаўнік, увёў тыя прынцыпы, на якіх трымаецца сучаснае навучаньне, напрыклад: «Настаўнік павінен вучыць ня столькі, колькі ён можа, а колькі вучань можа зразумець». Каб дзеці лепш маглі ўспрыняць матэрыял, ён першы пачаў выкарыстоўваць малюнкі ў навучальным працэсе.
Чытаючы Біблію, многія адукаваныя людзі XVI-XVII стагодзьдзяў зьвярнулі ўвагу на тое, што Бог хоча, каб кожны чалавек вывучаў, пазнаваў, разьвіваў і абрабляў той сьвет, у якім ён жыве. Гэта дало пачатак разьвіцьцю прыродазнаўчых навукаў. Дацкі астраном Тыха Брагэ заснаваў ва Ўніборгу найлепшую ў Эўропе абсэрваторыю, якая стала навуковым цэнтрам Даніі. Дзякуючы гэтаму, Тыха Брагэ выканаў найдакладнейшыя астранамічныя вылічэньні і склаў каталёг тысячаў зорак. На аснове гэтых дасьледваньняў нямецкі вучоны Ёган Кеплер, які прысьвяціў сваё жыцьцё пошуку матэматычнай гармоніі, у адпаведнасьці зь якой Бог стварыў сусьвет, адкрыў тры законы абарачэньня плянэтаў вакол Сонца, канчаткова давёўшы геліяцэнтрычную будову Сонечнай сыстэмы і стаўшы адным з пачынальнікаў сучаснай астраноміі. Нямецкі батанік Фукс даў навуцы найбольш шырокую і сыстэматызаваную батанічную намэнклятуру. Ангельскі філёзаф Фрэнсіс Бэкан, які лічыў неабходным аднавіць панаваньне чалавека над прыродай, страчанае ў выніку грэхападзеньня, стаў адным з заснавальнікаў мэтаду навуковага экспэрымэнту, які прадвызначыў імклівае разьвіцьцё навукі ў наступных стагодзьдзях. У пазьнейшыя часы ідэі, народжаныя з чытаньня Слова Божага, натхнялі матэматыка Готфрыда Ляйбніца і фізыка Ісаака Ньютана. Менавіта вяртаньне хрысьціянскага сьвету да Бібліі дало пачатак астраноміі, фізыцы, хіміі, батаніцы, анатоміі і іншым навукам, безь якіх немагчыма ўявіць сучасную цывілізацыю.
Читать дальше