Адначасова археалагічныя матэрыялы сведчаць, што Новагародак вызначаўся не толькі інтэнсіўным унутраным жыццём, але і меў шырокія знешнія сувязі. У гэтых адносінах асабліва паказальны такі факт. Новагародак, які па памерах сваёй умацаванай часткі (2,5 га) належыць да невялікіх гарадоў, па знаходках імпартных прадметаў раскошы сапернічае з усімі старажытнарускімі гарадамі, мае унікальныя рэчы. Новагародскі імпарт з поўнай падставай дазваляе лічыць, штоў ХІІ—XIII стст. горад вёў інтэнсіўны гандаль рускімі і заморскімі таварамі. Новагародак вёў ажыўлены гандаль з паўднёварускімі гарадамі, з Полацкам, з Прыбалтыкай і Польшчай, з Візантыяй і Блізкім Усходам.
У выніку развіцця рамёстваў і гандлю і наяўнасці густога сельскага насельніцтва на параўнаўча невялікай тэрыторыі Новагародскай зямлі было шмат гарадоў: апроч сталічнага — Слонім, Ваўкавыск, Гарадзен (Гродна), Здзітаў, Зэльва, Свіслач і інш. Хоць летапіс упершыню называе іх толькі ў XIII ст., але яны, як паказвае археалогія, узніклі значна раней — у канцы X — пачатку XI ст. Як сведчыць Іпацьеўскі летапіс, у Новагародку (1235), Гародні (1128 г. і інш.), Ваўкавыску (1256) і Свіслачы (1256) былі свае князі. Можна думаць, што яны былі і ў іншых гарадах, як, напрыклад, у Слоніме (пад 1281 г. у Іпацьеўскім летапісе ўпамінаецца Васілька Слонімскі, магчыма, князь). Значыць, гэтыя гарады з’яўляліся цэнтрамі асобных удзелаў. Аднак усе яны шчыльна гуртаваліся вакол Новагародка, князь якога, магчыма, меў для ўсіх іх значэнне вялікага князя. Цэнтральнае становішча Новагародка і вызначыла назву гэтай зямлі. Летапісы не зарэгістравалі ніводнага выпадку міжусобнай барацьбы яе князёў. Новагародская зямля была краінай развітога феадальнага грамадства. Ужо ў XI ст. тут панаваў феадалізм і вылучылася сацыяльная верхавіна грамадства, быт якой вызначаўся выключнай раскошай. Наяўнасць багатых магіл побач з мноствам безынвентарных сведчыць пра рэзкую класавую дыферэнцыяцыю грамадства Новагародскай зямлі. Аб высокім сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці Новагародскай зямлі сведчаць і археалагічныя даследаванні Ваўкавыска, Слоніма, Здзітава. Асабліва ў гэтых адносінах вызначаўся Гарадзен. Археалогія сведчыць аб высокім і рознабаковым развіцці яго культуры. Тут, як і ў Полацку, у XII ст. склалася свая самабытная архітэктура, найбольш выдатным помнікам якой з’яўляецца Каложская царква.
Новагародская зямля мела выгаднае геаграфічнае становішча, і гэта асабліва праявілася ў сярэдзіне XIII ст.: «У перыяд двух вялікіх бедстваў, якія абрушыліся на Кіеўскую Русь, Польшчу і Прыбалтыку, — мангольскага заваявання і крыжовых паходаў — Беларускае Панямонне было адносна бяспечнай тэрыторыяй». I таму яно з сярэдзіны XIII ст. стала прытулкам для прадстаўнікоў насельніцтва многіх абласцей Усходняй Еўропы, якія ратаваліся ад жорсткіх заваёўнікаў з усходу і захаду. Прыліў новага насельніцтва, зразумела, не мог не выклікаць яшчэ большага развіцця прадукцыйных сіл Новагародскай зямлі, што ў першую чаргу выкарысталі для свайго ўзбагачэння яе феадалы. Маючы ў сваіх руках вялікія багацці, яны былі зацікаўлены ва ўстанаўленні больш моцнай дзяржаўнай улады, з дапамогай якой можна было б трымаць у пакорнасці сялян і рамеснікаў, захопліваць новыя землі.
Адначасова тут ва ўмовах этнічна разнастайнага насельніцтва фарміравалася новая арыгінальная культура. Даныя археалогіі паказваюць, што ў ёй «дзівосна перапляталіся мясцовыя, паўднёвыя і заходнія рысы, але дамінавала ўсходнеславянская культура. Вельмі магчыма, што менавіта ў гэтых умовах былі закладзены першыя асновы беларускай народнасці». Як бачым, найноўшыя навуковыя даныя адхіляюць укаранелую ў навуцы думку, паводле якой фарміраванне беларускай народнасці і культуры пачалося пасля ўваходжання Беларусі ў склад Вялікага княства Літоўскага, дзесьці ў XIV–XVI стст.
Усё разам узятае — высокае эканамічнае развіццё, прыліў новага насельніцтва, што абумовіла далейшы рост прадукцыйных сіл, канцэнтрацыя вялікіх багаццяў у руках новагародскіх феадалаў і далейшае ўмацаванне іх улады — павялічвала палітычную вагу Новагародскай зямлі сярод іншых гістарычных абласцей Беларусі і дало ёй магчымасць стаць новым дзяржаваарганізуючым цэнтрам беларускіх і размешчаных сярод іх балцка-літоўскіх земляў.
Наяўнасць мяшанага дрыгавіцка-крывіцкага насельніцтва і інвентар могільнікаў, тып жыллёвых збудаванняў пераканаўча сведчаць пра шчыльныя эканамічныя і культурныя сувязі Новагародскай зямлі з Полаччынай. Новагародскі храм XII ст. носіць на сабе яскравыя сляды ўплыву полацка-віцебскага дойлідства. Нездарма ж некаторыя даследчыкі лічылі, што Новагародская зямля належала Полацкаму княству. Ва ўсякім разе бясспрэчна тое, што працэс узаемнага эканамічнага і культурнага збліжэння паміж беларускімі землямі ў XII-XIII стст. не толькі не абмінуў Новагародскую зямлю, але і выразней за ўсё тут праявіўся. Эканамічна магутныя новагародскія феадалы і ўзялі ў свае рукі збіранне ў адзінае цэлае беларускіх земляў, эканамічнае і культурна-этнічнае збліжэнне якіх пачалося раней.
Читать дальше