Для навукі мае прынцыповае значэнне высвятленне пытання, дзе была «Літва Міндоўга». У. Пашута паказваў яе ў Аўкштайціі, на тэрыторыі, якая ўключала гарады Вільню, Трокі, Дзялтуву, Укмерге. Але на гэтай самай карце ён змяшчаў (праўда, з пытальнікам) г. Варуту, дзе, як адзначана ў летапісе пад 1252 г., бараніўся Міндоўг ад сваіх супраціўнікаў, на месцы сучаснага пасёлка Гарадзішча (Баранавіцкі р-н), што вельмі далёка ад Аўкштайціі. У сувязі з гэтым узнікае пытанне, чаму Міндоўг бараніўся ад ворагаў не ў «Літве Міндоўга», а ў Новагародскай зямлі, чаму ён кінуў «сваю» Літву і прыйшоў шукаць абарону ў чужой зямлі. У. Пашута не ставіў гэтых пытанняў і, натуральна, не даў на іх адказу, як і не тлумачыў, чаму ён меркаваў, што Варута знаходзілася на месцы сучаснага Гарадзішча.
Але ўся справа ў тым, што «Літва Міндоўга», як і ўся Літва, знаходзілася не ў Аўкштайціі, а ў Верхнім Панямонні, дзе і Варута. Ужо летапіснае паведамленне, што «Даниил возведе на Кондрата Литву Миндовга Изяслава Новогородского», дае зразумець, што «Літва Міндоўга» і Новагародак знаходзіліся блізка адна ад другога. Відаць, гэта блізкасць была прычынай таго, што Э. Гудавічус, які прысвяціў «Літве Міндоўга» спецыяльнае даследаванне і які лічыць, што яна знаходзілася на поўдні сучаснай Літвы, нават не ўказаў, дзе і ў якім кантэксце яна ўпамінаецца. Блізкасць «Літвы Міндоўга» ад Новагародка дае магчымасць вызначыць (хоць прыблізна) месцазнаходжанне Варуты. Хаця яе атаясамліванне з сучасным Гарадзішчам не можа з’яўляцца бясспрэчным, аднак яно можа быць блізкім да ісціны. Мы са свайго боку пра месцазнаходжанне і назву Варуты выказваем такое меркаванне. Між рэкамі Сэрвеччу і Валоўкай ёсць невялічкая рэчка Рута і некалькі населеных пунктаў з такой назвай. Магчыма, на месцы аднаго з іх і знаходзілася Варута. У першапачатковай рэдакцыі летапісу, створанай, як меркаваў У. Пашута, у Новагародку, магло быць напісана, што Міндоўг «вниде во град во Руту». Паўтарэнне прыназоўнікаў характэрна для Новагародскага летапісу: «на реце на Немне», «за Домонтом за Нильшанскім», «На Романа на Брянского». Пазнейшы рэдактар, устаўляючы Новагародскі летапіс у Галіцка-Валынскі, мог, не разабраўшыся, «во Руту» прыняць за адно слова і, зрабіўшы іншыя рэдакцыйныя змены, напісаць «вниде во град нменем Ворута». Магчыма, што Варута знаходзілася на месцы сучасных Карэлічаў, якія размешчаны на р. Руце і дзе ёсць гарадзішча.
Менавіта «Літву Міндоўга» разам з правабярэжнай Літвой і Нальшчанамі ваяваў у 1258 г. татарскі ваявода Бурундай. Але Р. Батура мяркуе, што пад «зямлёй Літоўскай» у летапісе трэба разумець Новагародскае княства, якое нібыта ўжо належала Літве. Аднак ён не ўлічыў таго, што ў гэты час Новагародак не атаясамліваўся з Літвой, пра што сведчыць згаданае вышэй летапіснае паведамленне аб заснаванні Войшалкам манастыра паміж Літвой і Новагародкам. У 1262 г. Міндоўг помсціў валынскаму князю Васільку за яго ўдзел у паходзе Бурундая нападам на валынскія гарады. Паказальна, што атрады літвы і ў гэты раз адступалі праз Пінскую зямлю, што яшчэ раз сведчыць аб знаходжанні «Літвы Міндоўга» паміж Пінскай і Новагародскай землямі. 3 гэтага вынікае, што Бурундай не мог ваяваць адзіную ў той час Літву, якая знаходзілася ў Верхнім Панямонні і з якой ён перайшоў у Нальшчанскую зямлю. Хоць апошняя пакуль што даследчыкамі дакладна не лакалізавана, аднак бясспрэчна, што яна, мяжуючыся з Літвой, знаходзілася на паўночным захадзе сучаснай Беларусі. I калі Бурундай, рухаючыся з паўднёвага ўсходу, прайшоў праз Літву ў Нальшчаны, то лівонцы і рыжане, якія рухаліся з паўночнага захаду, праз Нальшчаны (durch Nalsen) праніклі ў Літву. Гэта яскравае супадзенне ў паказаннях Іпацьеўскага летапісу і Лівонскай Рыфмаванай хронікі — яшчэ адно відавочнае сведчанне, дзе была Старажытная Літва. Суседствам Новагародка і «Літвы Міндоўга» тлумачыцца факт з’яўлення апошняга ў гэтым горадзе.
Гэты вывад зроблены намі, як бачна, на падставе пісьмовых сведчанняў X–XIII стст., якія не заўважаліся ранейшымі даследчыкамі і якія пацвярджаюцца тапанімікай. I толькі яны могуць пацвердзіць сапраўднае месцазнаходжанне пачатковай Літвы. Таму трэба адкінуць спробы некаторых ранейшых і сучасных даследчыкаў рабіць гэта на падставе пісьмовых звестак пазнейшага часу (XV–XVI стст.), бо тады ўжо назва Літвы пашырылася, у тым ліку і на ўсход сучаснай Летувы ў сувязі з пераходам сталіцы ў Вільню. Так, А. Краўцэвіч у сваёй кнізе «Стварэнне ВКЛ» (Мн., 1998. с. 114) называе прыведзеныя намі сведчанні ўскоснымі і таму непераканаўчымі. Гаворачы аб тапонімах «Літва», прыведзеных намі пры лакалізацыі Старажытнай Літвы, ён заўважыў, што яны не з’яўляюцца дастатковым аргументам у такім дэталёвым раяніраванні. Але ён чамусьці не заўважыў, што ўсе ўказаныя тапонімы супадаюць з прыведзенымі намі пісьмовымі звесткамі і што нідзе ў наяўнасці такіх тапонімаў няма. А. Краўцэвіч, напрыклад, гаворыць, што тапонімы «Літва» маглі ўзнікнуць на мяжы з Пінскай зямлёй як перыферыйныя айконімы на мяжы гістарычных раёнаў ВКЛ «Літва» і «Палессе». Але гэтыя тапонімы ўзніклі не толькі на мяжы з Палессем, a і на мяжы з Менскай і Полацкай землямі, і ўсе яны, як было бачна, знаходзяцца ў згодзе з пісьмовымі дадзенымі XI–XIII стст. Хаця наша лакалізацыя Літвы абапіраецца на шмаглікія факты, тым не менш А. Краўцэвіч лічыць яе самым слабым месцам нашага даследавання. Аднак гэты папрок трэба аднесці да самога А. Краўцэвіча. Ён лакалізуе Літву на тэрыторыі ад правых прытокаў Нёмана да Віліі. 3 усходу на захад яна размешчана ад Крэва (крыху на ўсход ад яго) і да Вільні (крыху на захад ад яе). Але гэта бачна толькі на карце, бо дэталёвага абгрунтавання гэтага ў кнізе няма. Праўда, зроблена спасылка на М. Любаўскага, але той абапіраўся на звесткі XV–XVII стст., якія не могуць быць прызнаны верагоднымі ў гэтым пытанні, бо ў той час назва Літвы значна пашырылася. Паўтараем, толькі на падставе звестак XI–XIII стст. можна лакалізаваць пачатковую Літву.
Читать дальше