У гістарычнай навуцы ўмацавалася думка, што ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага ў сярэдзіне ХІІІ ст. бярэ пачатак ад заваёвы літоўскім князем Міндоўгам шэрагу беларускіх земляў, і ў першую чаргу так званай Чорнай Русі з гарадамі Новагародкам, Ваўкавыскам, Слонімам, Горадняй ды інш.[1]. Здавалася б, такое рэдкае ў навуцы аднадумства павінна трымацца на бясспрэчных гістарычных сведчаннях. Але некалі яшчэ М. Дашкевіч заўважыў, што «ў верагодных крыніцах не дайшло да нас ніякіх звестак аб пакарэнні Літвой гэтага ўчастка»[2]. З таго часу прайшло больш за 100 гадоў, а ў руках даследнікаў не з'явілася ніводнай крыніцы, якая б пацвярджала «літоўскую заваёву» як гэтай, так і якой-небудзь іншай беларускай зямлі[3].
Нават У. Пашута ў сваёй вялікай працы пра ўтварэнне Літоўскай дзяржавы, дзе можна было б чакаць дэталёвага разгляду гэтай гістарычнай падзеі, гаворыць пра яе мімаходзь: «У Чорнай Русі, якой Міндоўг авалодаў у 40-х гадах ХІІІ ст., выкарыстаўшы цяжкія для Рускай зямлі вынікі мангольскага нашэсця, княжыў яго сын Войшалк»[4]. І ўсё ж… гэты даследнік, кніга якога спрыяла яшчэ большаму ўмацаванню ў нашай гістарыяграфіі сцверджання пра літоўскую заваёву Беларусі, відаць, не быў упэўнены ў правільнасці гэтага ды іншых сваіх тэзісаў, звязаных з утварэннем і далейшай гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, калі палічыў патрэбным адзначыць: «Далейшыя поспехі нашай навукі, магчыма, прывядуць да перагляду прапанаваных тут аргументаў і высноваў. Чым хутчэй гэта адбудзецца, тым лепш»[5]. Так, перагляд неабходны. Сучасная гістарычная навука, перад якой ставіцца задача ліквідаваць усе «белыя плямы» нашага мінулага, не можа мірыцца з бяздоказнымі сцверджаннямі, і таму пытанне пра ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага павінна быць прыведзена ў адпаведнасць з праўдзівымі гістарычнымі сведчаннямі.
Як паказвае досвед чалавецтва, часцей за ўсё тэндэнцыйна скажаецца пачатковая гісторыя той ці іншай дзяржавы. Так здарылася і з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, першыя старонкі якой да непазнавальнасці зацемненыя міфам пра «літоўскую заваёву» Беларусі. Ён мае даўнюю гісторыю. Яго ўзнікненне адносіцца да ХVІ ст., калі ішла зацятая барацьба Маскоўшчыны за беларускія землі (землі Вялікага Княства Літоўскага). Тады была выкарыстана не толькі вайсковая сіла, але і ідэалагічныя сродкі барацьбы. Патрэбна было абгрунтаваць «законныя правы» Масквы на Беларусь і Ўкраіну. Гэта і было адной з мэтаў літаратурна-публіцыстычнага твора «Сказание о князьях владимирских», які з'явіўся ў першай траціне ХVІ ст. Дзеля гэтага ў яго і быў улучаны раздзел «Родословие литовских князей», змест якога коратка зводзіцца да наступнага.
Ратуючыся ад татарскага пагрому Батыя, нейкі Віцянец, які нібыта быў родам са смаленскіх князёў, уцёк у Жамойць (так тут называецца Літва), пасяліўся там і ажаніўся з дачкой бортніка. Праз трыццаць гадоў ён быў забіты перуном. Пасля гэтага жонку Віцянца забраў ягоны раб конюх Гегіменік. І вось неўзабаве маскоўскі князь Юрый Данілавіч паслаў гэтага Гегіменіка «на Волоскую землю и на Киевьскую (г. зн. на Ўкраіну) и на обь сю страну Меньска (г. зн. у Беларусь)» браць з іх царскія даніны. Гегіменік, «мужь храбр зело и велика разума», беручы даніны, назбіраў шмат багацця, пачаў валодаць многімі землямі і дзякуючы нязгодам і міжусобіцам паміж рускімі князямі стаў першым вялікім літоўскім князем[6]. Палітычная мэта гэтай выдуманай гісторыі пра літоўскіх князёў Віценя — Віцянца і Гедзіміна [1] У беларускай навуковай літаратуры імя гэтага князя ўжываецца ў форме «Гедымін», аднак ці з'яўляецца такое напісанне правільным? Зазначым, што ў крыніцах яно існуе ў розных варыянтах. Гедимин, Кедмин, Кгиндимин, Кгедимин, Скиндимин, Jedimin, Gedimont, Giedymin. Як бачым, усюды ў іх (у тым ліку і ў напісаных лацінкай), гук «д» вымаўляецца як мяккі. Праўда, у «Кроніцы Быхаўца» бачым «Gedymin», але тут «y» чытаецца як «і». Таму ў сучаснай беларускай мове гэтае імя павінна пісацца ў форме «Гедзімін». (Мікола Ермаловіч. Старажытная Беларусь. Віленскі перыяд. Менск, ВЦ «Бацькаўшчына», 1994, с.10) — заўвага Internet-рэдактара.
— Гегіменіка відавочная: літоўскія князі, выкарыстаўшы цяжкі для Русі час, самаўпраўна прысвоілі сабе беларускія і ўкраінскія землі і зараз павінны вярнуць іх законным гаспадарам — маскоўскім князям.
Зразумела, што ў Вялікім Княстве Літоўскім усё гэта не магло застацца без адказу.
Читать дальше