Юрый М. Бохан
Турнірныя традыцыі ў Вялікім княстве Літоўскім у ХІV – ХVІ стст.
“Ва ўсіх народаў, у каторых добрыя звычаі і пачцівыя дворскія забавы засталіся, захоўваваўся заўжды той звычай, што на зездах вялікіх, а асабліва на дварах высакародных манархаў, людзі двару і моладзь разнастайныя забавы заводзілі, робячы гэта часткова для таго, каб у тых меншых справах спрактыкаванасць сваю ў рамястве рыцарскім пасля сябе паказаць, часткова каб уладарам сваім радасць нейкую учыніць цудоўнымі ўчынкамі, а таксама дворскімі inventiami ім прыйсці да спадобы. А і да гэтага часу пачцівы гэты звычай сярод усіх людзей, з пахвалай бачных пры двары, канчаткова захаваны”. 1Гэтыя словы з т.зв. “Артыкулаў скачак за колцам”, што адбываліся ў 1578 г. пад Варшавай з нагоды шлюбу Яна Замойскага з Крыстынай Радзівіл, цалкам могуць служыць эпіграфам гэтай невялічкай кніжкі. Яе задачай зяўляецца азнаямленне айчыннага чытача з далучанасцю феадалаў Вялікага княства Літоўскага, у склад якога беларускія змемлі ўваходзілі з ХІІІ па ХVІІІ ст., да еўрапейскай турнірнай традыцыі. Пры гэтым аўтар не абмяжоўваецца разглядам выключна тых турніраў, якія адбываліся на землях Вялікага Княства. У часы сярэднявечча рыцарства складала своеасаблівую інтэрнацыянальную касту, прадстаўнікі якой свабодна перамяшчалася на Еўропе і прымалі ўдзел у важнейшых падзеях культурнага, а часам і палітычнага жыцця самых розных краін. А турніры, прынамсі буйнейшыя з іх, якраз і належалі да падзей, значэнне якіх нярэдка перарастала нацыянальныя рамкі.
У гэтым выданні чытач не знойдзе падрабязнага апісання заходнееўрапейскіх турніраў, турнірнага рытуала і ўзбраення. На сённяшні дзень маецца вялізарная колькасць самых розных публікацый, ад кароценькіх папулярных артыкулаў да грунтоўных манаграфій, дзе ўсе гэтыя аспекты разглядаюцца больш чым у дастатковай ступені і дзе можна знайсці адказы ці не на ўсе пытанні па гісторыі заходнееўрапейскай турнірнай традыцыі.
У той жа час аўтар палічыў неабходным звярнуцца да агульнага разгляду развіцця турніраў у Еўропе, у сціслай форме разгледзець віды турнірных практыкаванняў і парадак прывядзення турніраў. Гэта зроблена з мэтай паказаць, у якой ступені турнірная традыцыя ў Вялікім княстве Літоўскім супадала з агульнаеўрапейскай. Адзін з раздзелаў прысвячаецца турнірнаму рыштунку, аднак і тут звяртаецца ўвага толькі на такую амуніцыю, выкарыстанне якой прадстаўнікамі Вялікага Княства на сённяшні дзень не выклікае сумнення.
Храналагічна кніжка ахоплівае ўвесь перыяд сярэднявечча, аднак прымяняльна да Вялікага княства Літоўскага разглядаецца пераважна перыяд з канца ХІV па канец ХVІ ст., на працягу якога можна гаварыць пра існаванне тут турнірных традыцый у класічным, заходнееўрапейскім разуменні гэтага слова. Далейшыя даследаванні магчыма дазволяць пашырыць гэтыя храналагічныя рамкі.
Развіццё турнірных традыцый у Еўропе
Вызначыць пачатак турнірнай традыцыі ў Еўропе можна толькі з пэўнай доляй умоўнасці. Можна сустрэць меркаванні, што турніры ўзніклі ў ХІ ст. ў Францыі і што да іх вынаходніцтва спрычыніўся нехта Готфрэй де Прэйі. 2Аднак больш слушным падаецца думка, што правобразы рыцарскіх турніраў можна было напаткаць яшчэ ў значна больш аддаленыя часы. Відавочна, што трэніровачныя баі, таксама як і паказальныя сутычкі, закліканыя прадэманстраваць спрыт удзельнікаў і іх уменне валодаць зброяй, маюць бадай такую самую даўнюю гісторыю, як і сама зброя. Практычна ва ўсіх народаў і цывілізацый сустракаюцца ваенныя гульні, якія сягаюць сваімі каранямі часоў родавай арганізацыі. Паядынкі і групавыя баі часам прыўрочваліся да важных падзей – выбару новых правадыроў, іх пахавання і г.д. Былі яны пашыраны і сярод германскіх плямёнаў, як правобраз уласна еўрапейскіх баявых гульняў.
У старажытным Рыме конныя сутычкі ўзброеных воінаў мелі характар ваенных спаборніцтваў. Ужо тады існавала спецыяльная “турнірная” зброя і рыштунак. Дзве каманды апранутыя ў спецыяльныя аздобленыя даспехі, кідалі адна ў адну затупленыя дроцікі. У той жа час гладыятарскія баі, нягледзячы на пэўная вонкавае падабенства, могуць быць залічаны да турнірных “забаў” толькі з вялікай нацяжкай. Перш за ўсё гэта звязана з абсалютна не ўласцівым для турніраў духу такіх баёў, задачай якіх было не столькі дэманстраванне ўмення абыходжання са зброяй і не падрыхтоўка да вайны, а само праліццё крыві, прылюднае забойства, і ў гэтым сэнсе форма, у якой гэта забойства адбывалася, мела другараднае значэнне. У разе патрэбы на ахвяр маглі нацкоўвацца дзікія звяры і тут ужо сыход “бітвы” быў прадвырашаны. У той жа час уяўляецца, што турнірныя рысы былі ўласцівыя некаторым відам чыста спартыўных спаборніцтваў, меўшых баявое практычнае прымяненне (барацьба, рукапашны бой, кіданне капя і г.д.)
Читать дальше