Стрыйкоўскага побач з іншым павінны былі даказаць гістарычныя правы BKЛ на беларускія землі, у тым ліку і на Полацк, заняты ў той час рускімі войскамі. Захоп літоўскімі князямі беларускіх земляў гэтыя летапісы і «Хроніка» Стрыйкоўскага, як і «Сказание о князьях владимирских», таксама адносяць да часу нашэсця Батыя, толькі прыпісваюць гэта іншым асобам, а менавіта жамойцкім князям. Чаму гэта так, стане зразумелым, калі прыгадаць, што апошнія ў той час апынуліся ў больш выгадным становішчы. У выніку Грунвальдскай перамогі (1410) спыніліся напады нямецкіх крыжакоў на Жамойць (заходняя частка сучаснай Літвы). У той жа час шматлікія войны, якія вяліся ў XV–XVI стст. паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай, адбываліся на беларускіх землях, што аслабляла ў дзяржаве пазіцыі іх феадалаў. Жамойцкія магнаты, адчуўшы сваю сілу, сталі прэтэндаваць на першынство ў дзяржаве і таму імкнуліся прыпісаць сабе і заслугу ў яе стварэнні. Вялікую ролю ў падрыхтоўцы «Хронікі» Стрыйкоўскага адыграў біскуп Гедройц — ідэолаг жамойцкай нацыянальнай партыі ў другой палове XVI ст. Ён забяспечыў Стрыйкоўскага шматлікімі і, відаць, тэндэнцыйна адрэдагаванымі ім летапісамі. Гедройц і фінансаваў выданне «Хронікі» ў Кёнігсбергу ў 1582 г.
Таму не дзіўна, што, паводле некаторых летапісаў і «Хронікі» Стрыйкоўскага, менавіта вялікі князь жамойцкі Мантвіл, убачыўшы, што ў выніку нашэсця Батыя рускія землі спустошаны і князі рускія разагнаны, даў войска свайму сыну Ердзвілу, і той, перайшоўшы Вяллю, а пасля і Нёман, знайшоў гару прыгожую і заснаваў на ёй горад, назваўшы яго Новагародкам і зрабіўшы яго сваёй сталіцаю (ужо адно тое, што жамойцкі князь даў створанаму ім гораду славянскую назву, сведчыць аб выдуманасці гэтай падзеі). Пасля гэтак жа сама ўзнавіў іншыя гарады, разбураныя Батыем.
Аўтары летапісаў і Стрыйкоўскі да непазнавальнасці заблыталі гісторыю, паперастаўлялі падзеі, перайменавалі гістарычных асоб, а то і проста рабілі падлог. У гэтых адносінах характэрная перадача падзей, якія нібыта прывялі да заваявання Літвой Полацка. Тут засталіся некаторыя дэталі, якія даюць магчымасць аднавіць гістарычную праўду. У Іпацьеўскім летапісе пад 1162 i 1167 гг. апавядаецца пра міжусобную барацьбу полацкіх і менскіх князёў. У 1162 г. полацкі князь Рагвалод пайшоў на аднаго з менскіх князёў Валадара Глебавіча. Апошні,ухіліўшыся ад бою днём, ноччу наступіў са сваім войскам, набраным з «літвы», на палачан і разбіў іх пад Гарадком. Паражэнне было страшэнным, і Рагвалод пабаяўся варочацца назад у Полацк. Палачане ўзялі сабе новога князя Усяслава Васількавіча. У 1167 г. ужо сам Валадар Глебавіч пайшоў на Полацк і перамог палачан. Усяслаў Васількавіч уцёк з Полацка ў Віцебск, а Валадар Глебавіч стаў на кароткі час полацкім князем, пакуль не быў разбіты на Дзвіне.
Для аўтараў летапісаў гэтыя падзеі і з’явіліся вельмі зручнымі для апрацоўкі іх у патрэбным кірунку. У іх падзеі 1162 і 1167 гг. аб’яднаны ў адно, Валадар Глебавіч названы Мінгайлам — сынам жамойцкага князя Ердзвіла, які быццам бы княжыў у Новагародку. Дык вось нібыта пасля смерці бацькі Мінгайла, разбіўшы палачан пад Гарадком, захапіў Полацк і стаў адначасова вялікім князем полацкім і новагародскім. Пасля яго смерці засталіся два сыны, адзін з якіх, Гінгвіл, стаў быццам бы княжыць у Полацку. Ён, ажаніўшыся з цвярской князёўнай Марыяй, прыняў хрысціянства. Пасля яго смерці ў Полацку княжыў яго сын Барыс, які заснаваў горад Барысаў і пабудаваў у Полацку царкву святой Сафіі. Каб зрабіць гэтыя звесткі яшчэ больш пераканаўчымі, Стрыйкоўскі ў сваёй «Хроніцы» сцвярджаў, што на свае вочы бачыў недалёка ад Полацка Барысаў камень, на якім было напісана: «Помоги Господи рабу твоему Борису, сыну Гингвилову». Няма чаго казаць, што ўсё гэта выдумка. Барысавага каменя з такім надпісам ніколі не існавала і не магло існаваць, бо полацкі князь Барыс быў сынам славутага Усяслава Чарадзея. I наогул, полацкія князі не маглі паходзіць ад жамойцкіх, бо княжылі задоўга да апошніх. Гаворка тут можа ісці пра адваротнае — пра паходжанне князёў Літвы ад полацкіх, што мае пад сабой, як мы ўбачым далей, рэальныя падставы.
Пра тое, як фальсіфікаваў Стрыйкоўскі гісторыю ў кірунку перабольшвання літоўскай сілы і небяспекі, яскрава сведчыць такі факт, прыведзены ў свой час М. Дашкевічам. Рускі летапіс пад 1089 i 1103 гг. паведамляў, што на рускую зямлю напалі «прузи», г. зн. саранча. Пад пяром польскага храніста XV ст. Я. Длугаша «прузи» ператварыліся ў прусаў, адно з балцкіх плямёнаў. Стрыйкоўскі ж, беручы гэта месца ў Длугаша, да прусаў дадаў яшчэ літоўцаў і яцвягаў. Так былі ўнесены ў «Хроніку» прыдуманыя напады прусаў, літоўцаў і яцвягаў на рускую зямлю.
Читать дальше