Знаходжанне ў зоне ваенных дзеянняў для маладой жанчыны было справаю небяспечнай і рызыкоўнай. Яна вылечыла па загадзе Хайваза Мехмет-пашы трансільванскага князя Йожэфа Ракачы (ён прыехаў у Відзін у сакавіку 1738 года), кандыдатуру якога на венгерскі трон падтрымліваў вялікі везір [18] Вялікі везір — кіраўнік урада ў тагачаснай Тўрыі.
Асманскай імперыі Еген Махамед-паша. Князь спрабаваў заляцацца да маладой прывабнай жанчыны, але безвынікова, тады ён абвінаваціў лекарку ў шпіёнстве на карысць аўстрыйцаў. «А тым часам крывавыя войны ішлі, — піша Русецкая, — і мноства зусім невінаватых людзей паша загадаў пакараць жорсткаю смерцю за шпіёнства».
Не ўзяўшы пашпарт у пашы, лекарка разам з дачкою, слугамі і палоннікам адплыла з Відзіна ўніз па Дунаі ў горад Рушчук (па-балгарску Русе), дзе стаяла магутная турэцкая крэпасць. Тут Саламею арыштавалі. Ад смерці яе зноў уратавалі залатыя рукі — яна паспяхова вылечыла сына султанскага скарбніка. Здарылася так, што ў ноч, калі арыштавалі лекарку, вельмі кепска стала дваццацідвухгадоваму сыну скарбніка: цяжкі ацёк павек, твару, языка. Трое русенскіх дактароў нічым не маглі дапамагчы хвораму. За лячэнне ўзялася Саламея, і на трэці дзень малады чалавек змог расплюшчыць вочы, а праз сорак дзён быў абсалютна здаровы.
Лекарка атрымала дазвол ехаць у Расію; на гэты раз мэтай яе падарожжа было вызваленне двух турэцкіх афіцэраў з Русе, што трапілі ў рускі палон пад Азовам.
Шлюб з былым нявольнікам * З Нясвіжа да берагоў Нявы * Дапамога брыгадзіра Караулава * Уражанні ад паўночнай сталіцы * Удалае лячэнне — шлях да царскага двара
Па дарозе ў Расію, на Украіне, Саламея і выратаваны ёю прапаршчык павянчаліся і сталі мужам і жонкаю. Там Піхельштэйн паступіў на службу да вялікага літоўскага гетмана [19] Галоўнакамандуючы войскамі Вялікага княства Літоўскага.
князя Міхаіла Радзівіла, па мянушцы Рыбанька — так ён звычайна звяртаўся да іншых людзей. Князь вяртаецца ў Нясвіж і бярэ з сабою маладых, прызначыўшы Фартуната харужым, а Саламею «доктаркаю». Неўзабаве Саламея пакідае маленькую дачку ў бенедыкцінскім кляштары ў Нясвіжы і накіроўваецца ў Пецярбург. Яна забяспечыла сябе рзкамендацыйнымі лістамі рускага генерала Лівена, які быў тады ў ВКЛ, і жонкі магната Дуніна, уроджанай рускай князёўны Трубяцкой (яе цётка была замужам за князем Чаркаскім, кабінет-міністрам імператрыцы Анны Іванаўны).
У Рызе, якую лекарка назвала «дзівосным горадам», яна звярнулася да ліфляндскага генерал-губернатара Людольфа-Аўгуста Бісмарка. Гэта быў сваяк Эрнэста Бірона, усемагутнага фаварыта рускай імператрыцы. Бісмарк дазволіў Саламеі пабачыцца з турэцкімі палоннымі, якія знаходзіліся ў гарадской турме. Ад іх лекарка даведалася, дзе знаходзяцца русенскія туркі, пра вызваленне якіх збіралася паклапаціцца.
3 Рыгі шлях лекаркі ляжаў у Нарву. Як узнагароду за добрае лячэнне тут яна атрымала ад жонкі каменданта Шацілава Мар'і Юр'еўны ліст-рэкамендацыю ў Пецярбург да яе брата брыгадзіра [20] Афіцэрскі чын у рускай арміі ў 1722–1799 гадах, прамежкавы паміж палкоўнікам і генерал-маёрам.
С. Ю. Караулава.
У тых, хто ўязджаў у маладую рускую сталіцу, старанна правяралі дакументы: такі быў указ імператрыцы Анны Іванаўны, што царавала ўжо дзевяты год. За горадам (а канчаўся ён на рацэ Фантанцы) пачасціліся выпадкі рабавання. У лясах за рэчкаю, уздоўж Перспектыўнага шляху ў кірунку да Аляксандра-Неўскага манастыра [21] Цяпер Неўскі праспект да плошчы Паўстання, вуліцы Ганчарная і Цялежная.
, на Нарвскай дарозе ўладальнікам лясных дзялянак загадала ссекчы дрэвы на трыццаць сажняў, «каб немагчыма было рабаўнікам рабіць нечаканыя драпежныя налёты».
Паперы Русецкай былі ў парадку. Ля каравульні, недалёка ад пад'ёмнага моста цераз Фантанку, вартавы пільна агледзеў падарожную, выдадзеную нарвскім камендантам на свабодны праезд. Ланцуговы мост са скрыпам апусціўся, і вазок падарожніцы павольна пакаціўся па вуліцах Пецярбурга.
Госця з цікавасцю разглядала незнаёмы горад: прыгожыя будынкі, акуратныя ўпарадкаваныя сады, вялікія плошчы, шырокія роўныя вуліцы. Уязджаючы на мост праз Вялікую Няву, Саламея вымушана была заплаціць за праезд. Адзіны пакуль што мост цераз гэтую раку пачынаўся ля Ісакіеўскай плошчы [22] Цяпер плошча Дзекабрыстаў.
. Яго зрабілі з баржаў-плашкоўтаў, пастаўленых на якары. Кожную вясну мост наводзілі, а ўвосень разбіралі. Для праходу суднаў мост разводзілі пасярэдзіне.
Читать дальше