Калі мы праходзілі аўтобус, мне стала страшна, што ён мяне зацягне туды. Я сказала: „Не, у аўтобус я не пайду“. Але ён павёў нас да скрыжаваньня. Усю дарогу ён нас супакойваў, казаў: „Ніхто вас не кране, ня бойцеся“, трымаў мяне за руку. Але сын быў у такім стрэсе страшэнным — усю дарогу крычаў: „Мама, я больш ніколі не пайду ў прыбіральню, прабач мяне!“ Ён цяпер так дрэнна сьпіць, стаў нэрвовым.
На скрыжаваньні мы спыніліся на чырвонае сьвятло. І раптам пад’ехалі сінія аўтобусы, зь іх выскачылі людзі ў чорнай форме са зброяй і пачалі страляць па машынах. Супрацоўнік, які нас суправаджаў, адштурхнуў ад дарогі, бо ў нас маглі трапіць кулі.
Там пачалося нешта страшнае. І той хлопец, што ішоў з намі, пабег. Мы засталіся адны. Я ўжо бачыла свой дом. На зялёнае сьвятло мы пайшлі праз дарогу, і калі мы былі ў цэнтры дарогі, на нас з сынам паехала машына ДАІ і два сінія аўтобусы. Яны нас ледзь ня зьбілі, яны ляцелі на чырвонае сьвятло.
Калі мы перайшлі дарогу, я пайшла да людзей у форме і стала прасіць, каб нас давялі да дому, бо я бачыла, што каля майго дому бегала шмат людзей, стралялі. Адзін з супрацоўнікаў падышоў да начальніка, расказаў пра нас. Ён падышоў, я стала яму казаць: „Растлумачце, дзе я цяпер знаходжуся? Я ў цэнтры Менску, у цэнтры Эўропы? Чаму я зь дзіцем баюся ісьці дамоў? За што яны так з намі?“ Ён сказаў, што я апынулася ня ў тым месцы, ня ў той час, маўляў, ідзіце дамоў. Я яму кажу, мне страшна. Ён адказвае: „Калі вам страшна, то мы зараз вас з сынам пасадзім у аўтобус і будзеце там сядзець“. Маўляў, жанчына, не правакуйце. Я замоўкла.
Той начальнік загадаў сваім людзям правесьці нас. Як падлічыў сын, агулам суправаджалі шэсьць супрацоўнікаў. На лаўцы каля пад’езду я села, каб супакоіцца, і запыталася ў хлопцаў: „За што вы ваюеце цяпер?“ Яны з матам адказалі: „А х... яго знае“.
Ужо дома я пабачыла кроў на сваіх джынсах, а на назе — рану. Нават не заўважыла, дзе і калі яе атрымала, бо не адчувала болю.
Гэтыя некалькі хвілін страху, што я ў закладніках у тэрарыстаў — як палова майго жыцьця. А таго, што яны зьдзекаваліся з майго сына, я ніколі ім не прабачу. Адзін амонавец ударыў яго нагой па назе, у сына застаўся вялізны сіняк. А калі ён не хацеў класьціся на падлогу, той ударыў яго дубінкай па сьпіне. За што з намі так? Мы былі звычайнымі пакупнікамі ў той краме. Мы не мітынгавалі, ня ўдзельнічалі ў пратэстах. Але мы пацярпелі фізычна і маральна. Хто за гэта адкажа?
„Мы дагэтуль ня можам пахаваць майго брата“
Вольга Віхор, сястра Аляксандра Віхра, Гомель:
— Я яшчэ да канца не разумею, што здарылася. Мы дагэтуль ня можам пахаваць майго брата. Ніхто не дае нам заключэньня — чаму наступіла сьмерць. Мы самі езьдзім па лякарнях, размаўляем зь лекарамі, спрабуем сабраць нейкую інфармацыю.
Яму 25 гадоў, малады здаровы хлопец, спартовец, з вышэйшай адукацыяй, эканаміст. Ён ехаў на сустрэчу зь дзяўчынай, трапіў у непатрэбнае месца ў непатрэбны час. Быў суд. У яго былі праблемы з сэрцам, тахікардыя, высокі ціск. Ён пра гэта казаў, але там ніхто ня слухае. Пасьля суду яму стала дрэнна, гэта было ў шэсьць гадзін вечара. Ён задыхаўся, прасіў пра дапамогу. Іх трымалі ў аўтазаках. Ніхто дапамогі не аказаў. І яго прывезьлі, гэта з шасьці вечара, толькі ў дзьве гадзіны ночы ў лякарню. Прычым у псыхіятрычную. Бо ў чалавека ўжо быў перадынсультавы стан, ледзьве там ня кома наступала, ён губляўся ў прасторы. І супрацоўнікі міліцыі палічылі яго паводзіны неадэкватнымі і прывезьлі яго ў вар’ятню. На што псыхіятар сказаў, што вы ня бачыце? Чалавеку дрэнна, яму патрэбная мэдычная дапамога. Што вы вырабляеце? У гэты час у Сашы стала спыняцца сэрца. Выклікалі хуткую, пакуль прыехала „хуткая“, сэрца спынілася. Яны спрабавалі яго рэанімаваць, сэрца завялі. Але ён ня дыхаў. Яны яго перавезьлі ў рэанімацыю. Ён паступіў туды, як нам сказалі рэаніматолягі, з ацёкам галаўнога мозгу і ў стане клінічнай сьмерці. Яшчэ гадзіну спрабавалі змагацца, але, на жаль, беспасьпяхова.
Нам сказалі, што заключэньне рабілі і, нібыта, адправілі яго ў Менск. Усе пробы, усе аналізы будуць гатовыя толькі празь месяц. Я ня ведаю, як хаваць брата, ня ведаючы прычыны, ня ведаючы наогул, што адбывалася і як адбывалася. Ёсьць факты пра тое, што іх зьбівалі. Факты, вядома, нашымі праваахоўнымі органамі не пацьвердзіліся. Мы самі шукаем сьведкаў, і я прашу, каб сьведкі адгукаліся.
Я хачу справядлівасьці. Я хачу ведаць, за што, як і чаму загінуў мой брат. Я заяўляю, што ён не памёр, ён загінуў. Я ня ведаю, як назваць гэта. Самаўпраўства, халатнасьць, перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Ды проста гэта ня людзі. Даць паміраць маладому хлопцу, зьбіваць, калі чалавек просіць пра дапамогу. Чалавек знаходзіўся ў суправаджэньні праваахоўных органаў. Вы прывозілі яго на суд. Гэта адміністрацыйная працэдура. Няўжо вы не маглі элемэнтарна хуткую выклікаць. А вы давялі яго да гібелі.
Читать дальше