„Сышліся на «тканіне бел-чырвона-белага колеру»“
— Дзяўчына, якая рабіла вопіс рэчаў, адзначыла аўтамабільны ключ, банкаўскую картку, зьнятыя матузкі, заручальны пярсьцёнак. У мяне таксама з сабой быў сьцяг з выявай Пагоні. У вопісе яго не аказалася — супрацоўніца выкінула яго ў сьметнік. Падпісваць паперу я адмовілася, бо ў ім не хапала адной маёй рэчы. Дзяўчына пачала крычаць, што я „бандэраўка“ і што „гэтую анучу“ яна забірае. Тады я запатрабавала аформіць акт канфіскацыі рэчы. Пасьля гэтага яна паклала сьцяг на падлогу і пачала яго таптаць, працягваючы мяне абражаць. Усё скончылася тым, што прыйшоў іншы супрацоўнік, як я зразумела, вышэйшы за яе пасадай, і сказаў, што калі я хачу „ўпісаць анучу“, то трэба ўпісваць. Такі варыянт я таксама падпісаць не пагадзілася, мы сышліся толькі на „тканіне бел-чырвона-белага колеру“.
„Паўсюль валяюцца выбітыя зубы“
— Зацягнулі ў Цэнтральны РАУС, і там пачаўся проста кашмар. Яны паклалі мяне тварам у падлогу, як усіх затрыманых, і білі жорстка — па галаве, па вушах, па нагах — дубінкай. Падыходзілі па чарзе і білі нагамі ў пахвіну. Гэта былі нашы, гомельскія міліцыянты. Бо яны мяне ведалі і казалі: „О, Лукомскі!“ — і яшчэ ўдар нагой у пахвіну. Начаплялі на мяне нейкіх значкоў, кшталту апазыцыйных, здымалі гэта на камэру. Зноў білі. Я ляжаў на падлозе і бачыў, як паўсюль валяюцца выбітыя зубы, шмат зубоў.
„Я бачыў усякае. Але такое...“
Аляксей, 66 гадоў, грузчык:
— 11 жніўня каля сёмай вечара я выйшаў у краму каля дому. А я жыву побач з РУУС Савецкага раёну. У мітынгах удзельнічаць не зьбіраўся: лічу, што ўзрост ужо не для рэвалюцый.
Недалёка ад дому я ўбачыў машыны ДАІ, якія перакрылі вуліцу каля аддзяленьня міліцыі. Пытаюся ў даішнікаў: „Хлопцы, а чаго гэта вуліцу закрылі?“ Адказваюць: „У мэтах бясьпекі“. Я не зразумеў: „Якой такой бясьпекі?“
Насупраць, каля цэнтральнага ўваходу ў пастарунак, стаялі людзі ў камуфляжнай форме. Чую, даішнікі кажуць: „Хлопцы, ён ваш!“ І ўсё — падбеглі, скруцілі „ластаўкай“. Дзьве хвіліны — і я ўжо ўсярэдзіне. У вельмі грубай форме затрымалі два хлопцы. Колькі тут мяне ёсьць, дзеда.
Без разбору завялі ва ўнутраны дворык разам зь іншымі затрыманымі. Там людзей трымалі амаль суткі. Ноччу проста на вуліцы паставілі пісьмовы стол і падводзілі людзей па адным.
У пастарунку пратакол складалі, на камэру нешта здымалі. Які артыкул, за што мяне ўзялі, я нават і не зразумеў. Ня змог прачытаць, без акуляраў быў. Нешта пра супраціў міліцыі, алькагольнае ап’яненьне, мітынгі. Сказалі расьпісвацца ў нейкіх дакумэнтах. „Дзед, расьпісвайся, я сказаў. Або зараз палкай атрымаеш. Выпішуць дзьве мінімалкі — заўтра адпусьцяць“. Вось такая размова.
Што было далей уночы, нават ня ведаю, як апісаць. Мне здаецца, нават немцы так у час вайны ня зьдзекаваліся. Мяне толькі адзін раз па галаве стукнулі, ды яшчэ па нагах падчас затрыманьня. А так дзеда шкадавалі, калі можна так сказаць. Але як білі моладзь — гэта страх... Яны стаяць каля агароджы, галовы апушчаныя. Ззаду ідзе міліцыянт — берцамі па нагах, палкамі...
12 жніўня перавезьлі ў ЦІП на Акрэсьціна. Калі выпускалі з аўтазака, людзі траплялі ў „жывы калідор“ з амонаўцаў. Затрыманы праходзіў, а яго з двух бакоў білі дубінкамі. Хто падаў, той атрымліваў яшчэ мацней. Потым усіх пасадзілі ў камэру.
Я такога ня бачыў. Фашызм натуральны. Паразьдзяваліся ўсе потым — сінія. Уяўляеце, нас 75 чалавек у камэры было. 75 чалавек! Камэра — мэтры 4 на 4. Бэтонная падлога.
Да нас потым хлапчука 18-гадовага закінулі. У калідоры перад гэтым яго прымушалі крычаць: „Я люблю амон!“ Вось ён крычыць, а яго ззаду дубасяць палкамі. Да нас закінулі яго — ён ніякі ўжо. Мы папрасілі лекара турэмнага. Ён прыйшоў, аглядае. А побач якраз начальнік праходзіў турэмны. Кажа: „Няхай здыхае, няма чаго лезьці, куды ня трэба“.
Але затым усё ж такі выклікалі „хуткую“. І яшчэ іншым чатыром. Гэта тыя, якіх я на свае вочы бачыў, — яны зусім у адключцы былі. З нашай камэры больш нікога не чапалі. Але ў суседніх людзі крычалі страшна ўсю ноч.
13 жніўня праходзілі суды. Мяне выклікаць не пасьпелі. Замест гэтага далі позву на 4 верасьня. Прымусілі падпісаць паперу, у якой затрыманы абавязваецца ня ўдзельнічаць больш у несанкцыянаваных мітынгах. Пры паўторным затрыманьні гэта пагражае крымінальнай адказнасьцю.
Выпусьцілі а 5-й вечара. Я спытаўся ў іх, дзе мае ключы. Яны адказалі: „Дзед, ідзі! Будзеш пытаньні задаваць — застанесься“. Вось такое стаўленьне. Дарэчы, потым, ужо ў пятніцу 14 жніўня, хадзіў у ЦІП шукаць ключы ад кватэры. Так і не знайшоў іх. Сказалі прыходзіць праз пару дзён.
Читать дальше