Мы ўскінулі рукі ў салюце!
Блонька, заіскрыўшыся нянавісцю так, што пераіскрыў світальнае сонца, зыркнуў на нас, схаваў фотакартку ў кішэнь, баян – у футарал, і песню, са-складзеную Блонькам, мы не праспявалі.
Зразумела, што мы – гэта не ўсе піянеры з піянеркамі, колькі нас было ў лагеры, але Блонька не ведаў, хто канкрэтна распазнаў яго пры аголеным азадку Святланы Мікалаеўны, і таму ненавідзеў кожнага і ўсіх. Аднак найперш ён – і справядліва – падазраваў і ненавідзеў мяне, бо адзіны фотаапарат, які меўся ў піянераў з піянеркамі, быў маім.
Да таго ж я граў на баяне – і не горш за Блоньку.
– Дзе твая “Змена”? – адвёў ён мяне ў лес, у самы гушчар, быццам забіць збіраўся і ламаччам закідаць.
– Сам абшукаўся, Максім Герасімавіч… Нехта ўзяў…
– Калі ўзялі?
– З тыдзень таму. Я ўжо хацеў ці вам, ці начальніку лагера сказаць, ды запіску падкінулі.
За вуха Блонька хапаў балюча, касціста, але я трываў…
– Што ты мне лепіш?.. Якую яшчэ запіску?
– Гэтую во… – круціўся я туды, куды круціў Блонька, каб толькі не адарвалася вуха, бо што я тады за музыкант?..
Запіску я сам са-склаў, напісаўшы тлустымі, нібы друкаванымі літарамі: “ФОЦІК ВЕРНЕМ. ПРЫХОДЗЬ СЁННЯ АПОЎНАЧЫ Ў ШОСТУЮ ПАЛАТУ. МАЎЧЫ!”
Блонька глянуў на мяне недаверліва.
– Там жа піянеркі…
Я здзівіўся з ягонай недаверлівасці.
– А то піянеркі фоцік сцягнуць не могуць!
Апоўначы Блонька паляваў на піянераў з піянеркамі каля дзвярэй шостай палаты. Піянеркі пад гэты час палатамі з піянерамі памяняліся, пакінуўшы піянерам адну Зоську Путырскую, якой ужо ў трынаццаць гадоў на ўсё было чхаць і пляваць, толькі смерць як паглядзець хацелася, як піянеры мастурбіруюць на хуткасць. Мы паабяцалі ёй паказаць – і яна згадзілася пастаяць пасярод палаты на карачках, аголенай срачкаю да дзвярэй.
Пачуўшы ў шостай палаце песню “Глядзі, як ціха і як чыста…”, якая выконвалася прыглушанымі недзявочымі галасамі, Блонька ўварваўся, запаліў святло – і ўбачыў тое, што ўбачыў: голую срачку і паўкругам вакол яе – дванаццаць юных мастурбантаў з горнам, барабанам і чырвоным лагерным сцягам. Відовішча ўразіла яго да зацьмення мазгоў, але пакуль ён кульгаў па лагеры і падымаў трывогу, піянеркі перабеглі да сябе, піянеры, вярнуўшы на месца сцяг з горнам і барабанам, скочылі да сябе, патушылі святло ды паклаліся спаць – і Блонька паўстаў перад трывожна паднятым начальствам, якому не хацелася лішняга скандалу, кульгавым і гарбатым ідыётам, якім ён і быў. “А чаму піянеры аказаліся ў раптам спусцелай палаце піянерак, калі ў іх свая палата ёсць? А што яны там адны рабілі? Калі тое, пра што вы, Максім Герасімавіч, кажаце, дык гэта яны маглі і ў сябе рабіць. І куды падзеліся піянеркі, чаму іх піянеры павыганялі, пакінуўшы адну нейкую голую срачку? Піянеры ўсе, па-вашаму, псіхічна хворыя?..” – пыталася начальства ў Блонькі, і ні на адно з пытанняў Блонька талкова не мог адказаць. Нашага спектакля, жарту нашага ён не зразумеў – і з той ночы з ідыёцкай сваёй зацыкленасцю думаў адно пра помсту. І ўрэшце ён мяне дапёк.
Плёскацца нам, як нейкім жабінам, у скаламучанай выгарадцы было невыносна, але тых, хто паднырваў пад сетку і вырываўся на вольную плынь ракі раз і другі, на трэці раз з лагера выганялі. За мной былі ўжо два разы…
Таксама загадка, калі нармальнымі мазгамі ўдумацца… Ну, чаму два разы яшчэ можна, а тры – ужо не?.. А раптам якраз другім разам на дно пойдзеш?..
– Паднырні і зрабі выгляд, што топішся, – сказаў я Зосьцы Путырскай, якой чхаць і пляваць было на ўсё, а тым болей на тое, што яе аднекуль выганяць. Яна паднырнула пад сетку, выплыла на быстрыню і пачала тапіцца.
– Максім Герасімавіч, Зоська топіцца! – закрычаў я панічным голасам, не ведаючы, ці ўмее Блонька плаваць. – Ратуйце!
– Эй вы, хто-небудзь!.. – спудзіўся Блонька. – Да яе!.. Да яе!..
Ратаваць Зоську, якая плавала, як рыбіна, ніхто не кінуўся.
– Няма дурных!.. Каб з лагера выгналі?..
– А-а-а!.. – галёкала Зоська.
Ні лагернага начальства, ні важатых блізка не было. Нерашуча пакульгаўшы па беразе і не ўбачыўшы нікога, хто б паспеў на дапамогу, Блонька ў адзежы палез у ваду. Плаваць ён, аказалася, ці зусім не ўмеў, ці ўмеў не надта. Я гэта зразумеў, калі, махнуўшы разы тры-чатыры рукамі, ён каменем пайшоў на дно.
“Ну і прыдурак!” – падумаў я, паднырваючы пад сетку, дзе мяне раптам перавярнула, бо я зачапіўся ў спешцы за дрот трусамі, і здорава прадрапала ад пахвіны да каленяў. Вылузнуўшы з трусоў і пакінуўшы іх пад вадой на дроце, я даганяў і даганяў Блоньку, якога зносіла рака ў далёкае Балтыйскае мора – і Зоська, галёкаючы так, нібы не на ўсё ёй чхаць і пляваць, са мной Блоньку даганяла, і яшчэ дзясяткі два піянераў з піянеркамі, але рака была хутчэй за нас… Хуткая рака…
Читать дальше