Крэз сядзеў на драўлянай напаўгнілой калодзе перад сваімі дзвярыма – пэўна, чакаў нязванага пастаяльца.
«Я наведаў возера, – паведаміў яму Слядак, – і добра паплаваў».
Крэз дапытліва глядзеў на яго.
«Вам не варта рызыкаваць, – урэшце азваўся ён. – На возеры сталі гінуць людзі. 3 невядомых прычынаў».
«Тое, што часам невядома ўсім, становіцца зразумелым для некаторых. Ва ўсялякім разе кожны з іх вызначае для сябе свае тлумачэнне таму, што здарылася. Вы ж таксама, пэўна, зрабілі выснову?» – скончыў сваю заўвагу Слядак.
«Так, – кіўнуў гаспадар дома. – Але вам мая выснова, магчыма, падасца дзіўнай. Так што без паўлітра мы наўрад ці разбяромся».
«Яшчэ не позна, і ваша мясцовая крама, верагодна, не зачынена. Я зараз выдам вам, так бы мовіць, аванс, і мы з вамі працягнем гутарку», – закінуў вуду Слядак.
Крэз адразу ажывіўся, хоць і не згубіў самавітасці. Ён падняўся на ногі і сказаў: «Думка ваша цалкам прыстойная. Што яшчэ трэба старому чалавеку ў гэтым жыцці? Глыток-другі гарэлкі і – размова з цікавым субяседнікам. Вы згодны?»
Слядак прынёс грошы і параіў старому купіць акрамя гарэлкі і што-небудзь паесці. Той ахвотна, без цырымоній згадзіўся і пайшоў.
Прыкладна праз паўгадзіны Крэз вярнуўся. Ён паставіў на стол літровую бутэльку таннага мясцовага віна, паклаў хлеб і нават бляшанку мясных кансерваў. Слядак дабавіў да гэтай сціплай закускі свае камандзіровачныя бутэрброды, і яны селі за стол. Стары наліў віна ў шклянкі.
«Я заплыў далёка ад берага, – асцярожна працягнуў напрамак гутаркі, які яго найбольш цікавіў, Слядак. – Я добра плаваю, і мне, мяркую, баяцца няма чаго».
«Ганцу – першая шклянка», – стары нетаропка праглынуў алкаголь. Праз хвіліну твар яго паружавеў, а мова стала больш гладкай і выразнай.
«Вы бачылі востраў? – спытаў стары і, не чакаючы адказу, працягнуў: – Ад берага да яго кіламетры тры – тры з паловай. Месца там гіблае, балотцы, твань, нават рыбакі там не спыняюцца, але з пачатку лета там жывуць».
«Жыве хто?» – спытаў Слядак.
«Эрыніі».
Слядак папярхнуўся.
Стары нібы са спачуваннем зірнуў на яго.
«У вас, пэўна, бракуе адукацыі, – з'едліва сказаў ён. – Вам патлумачыць, хто такія – эрыніі?»
«Не трэба, – усміхнуўся Слядак. – Калісьці я вучыўся на гуманітарным факультэце. Такія яшчэ існавалі да Катастрофы. – Потым, – ён раптам спахмурнеў, – калі ў падземцы згвалцілі і забілі маю сястру, я добраахвотна пайшоў у крымінальны вышук, а пасля таго, як мяне паранілі і выдалілі нырку, – у КрымПа.
«Выбачайце. Мне шкада, вельмі шкада».
Слядак наліў сабе і старому і адразу ж выпіў сам. «Эрыніі, наколькі я ўспамінаю, багіні пометы, і пражывалі яны, паводле міфа, у пекле».
«А хіба тут, у нас, не пекла? – спытаў Крэз. – I хіба яны, эрыніі, не могуць існаваць і цяпер, калі наш свет, што ўжо даўно і паспяхова даказалі філосафы і навукоўцы, гэта ўсяго толькі Сімуляцыя?»
«Навукоўцаў і філосафаў менавіта за гэта і павыразалі яшчэ да Катастрофы, – перабіў яго Слядак. – I галоўная праблема ў тым, што пры вашым варыянце пабудовы свету, дзе ўсё: субматэрыя і мы – віртуальныя, мы ўвогуле ніколі не атрымаем дакладны адказ на гэтае балючае пытанне. Хіба не так?»
«Ёсць шмат ускосных доказаў. Эрыніі, мяркую, адзін з такіх. Я іх бачыў». «Вы бачылі доказы?» «Я бачыў эрыній!»
На даўно няголеным твары Крэза з'явілася нешта накшталт пяшчотнага натхнення, а ў вачах нечакана для Следака бліснуў вар'яцкі агеньчык.
«Дзе вы іх бачылі?» – вяла пацікавіўся Слядак.
«На востраве».
«Так-так, – са скептычным недаверам азваўся Слядак і нават усміхнуўся, нібы ўбогаму, але спахапіўся і схаваў усмешку. – Дарэчы, як яны выглядалі?»
Стары задумаўся, але праз паўзу ўпэўнена сказаў: «Звычайна, маладыя жанчыны, прыгожыя. На перадплеччы ў кожнай аднолькавая татуіроўка».
«I якая?»
«Выява птушкі ў палёце. Чайкі».
«Па-вашаму, маладыя жанчыны могуць лётаць? Эрыніі ж быццам лёталі?»
«Яны пераўвасабляюцца. Валодаюць магіяй». «Наколькі я ведаю, эрыніі лічыліся пачварнымі старымі бабамі са змеямі ў валасах і пугамі ў руках», – не ўтрымаўшыся, зноў аспрэчыў Слядак.
«Гэта памылковасць. Вы ж іх не бачылі, а я – як вось вас цяпер. I дарэмна вы не верыце. А вось многія сустракаліся і з лесуном, із вадзянікам, і з гномам! дамавікамі, русалкамі, і іншымі істотамі, існаванне якіх так упарта абвяргаюць навукоўцы. Я раней шмат чытаў, тады было яшчэ многа кніг, і тое-сёе памятаю і цяпер. Так, восемдзесят з гакам гадоў назад, амерыканскі заолаг Айван Сандэрсан зафіксаваў у балотах Камеруна птэрадактыля. Ля берагоў Афрыкі злавілі цэлаканта – лічылася, што гэтая кісцяпёрая рыбіна вымерла яшчэ да эпохі дыназаўраў. Пілоты, якія праляталі над возерам Хайыр, разгледзелі і сфатаграфавалі плезіязаўра. На Гамбійскі марскі курорт выкінула труп пяціметровага кроназаўра. Гэта толькі з боку біялогіі. А колькі чутак, паданняў, легенд пра ўсялякіх цмокаў, гномаў, эльфаў, фей… Каб іх не існавала – пра іх бы і не ўспаміналі. Не станеце ж вы аспрэчваць такія з'явы, як прагерыя, гамеапатыя, тэлегонія, партэнагенез? Іх таксама абвяргаюць навукоўцы, але яны існуюць».
Читать дальше