Пётра Парабэлум выцягнуў з кішэні пінжака складзеную паперу:
– Вось тваё запрашэнне. Праз месяц ты мусіш быць на Фрыдрыхштрасе. За гэта хачу ад цябе ў падарунак карціну! Раблю з карысцю! Станеш знакамітым – заганю буржуям за вялікае бабло!
[Фрыдрыхштрасе – гэта нібы менская вуліца Карла Маркса… толькі мазгі ўпрыгожаныя асфальтам… толькі ром перакачаны на атрамант… толькі студэнтка замест…]
Партвейн мы дапілі, а вось самурая не дагрызлі. Праўда, самурай цяпер стаў больш падобным да недаедзенай курыцы. Лапы абламаныя, шыя выкручаная – быццам бы мясілі ахвяру гільяцінай. І мне падалося, што аднекуль на нейкае імгненне выплыла сплюшчанае вока і бліснуў месяцам меч. На сценах распускаліся жоўтымі кветкамі расціснутыя яйкі і гарэў крык ненароджаных птушанятаў. Замест снегу паволі падалі белыя пухнатыя пёркі. «Напэўна, на мяне насылаюць праклёны вегетарыянцы», – падумаў я.
Парабэлум сыходзіў. З балкона дома я бачыў, як ягоныя валасы тузае вецер, пад пахай ён трымаў мой падарунак – маляванага піянера. А я стаяў, паліў цыгару – выпускаў дым. Многа. Выпускаў паветраныя кольцы і паветраныя караблі, цягнікі і дырыжаблі. Вакол пульсаваў новаўтвораны туманны горад. Вось ужо і Парабэлум ператвараўся ў туман. Я думаў пра тое, адкуль у старога сябры такія сувязі ў Берліне. Не, не ведаем часам мы сваіх блізкіх. І пяць гадоў тут не падстава…
Зрэшты, усё было не так. Я не хацеў вас палохаць. Думаў, абыдзецца. Распачну ціхенька… Незаўважна накручу… Завяжу традыцыйна, без выкрунтасаў… глядзіш, і зацягну пару разявакаў у мех… (Ага!.. Ды дзе там!..)
Я перачытваў ужо пра знікненне Парабэлума і дым цыгары, калі з’явілася суседская замарожаная бабулька:
– Колькі разоў ты пісаў пра цыгары? Дзевяць тысячаў ці пяць? І што за пачатак? Нейкі Парабэлум? Ці бываюць такія прозвішчы? А што за імя ў ягонай дзяўчыны? Такое светлае імя і так запаганіў. І дзе інтрыга? Берлін? Знайшоў арыгінальнасць. Ты б яшчэ пра вёску і яблыкі напісаў… Берлін… Берлін… У Берліне ўжо былі войскі!.. І танкі там поўзалі, і «кацюшы»… Цяпер швэндаюцца панкі і анархісты… І бюргеры там поўзаюць, і турысты… Ананісты… Сексісты… Підарасы… Феміністкі… Вегетарыянцы… Прагрэсіўны гарадок – няма чаго сказаць… Кхе-кхе… Ды першы чытач ператварыўся ўжо ў падстольнае здыхляня. Пукаюць твае берлінскія рэваншы!.. Нудна. Нецікава. Лайно. Суцэльны партвейн.
– Ды як можна палохаць чытача? – запярэчыў я. – Я ж паціху. Падалей ад постмадэрністаў…
– І хто твой герой? Зноў мастак і пісьменнік? Нядобра! Банальна! Бяры прыклад з прагрэсіўных аўтараў: калі пішуць, дык па справе. Раман – дык, значыць, пра цыгарэтную шкоду для здароўя – адна цыгарка цягам усёй кнігі. Калі пра алкаголь – адзін кілішак… Не болей! Калі пра каханне – адзін сяброўскі пацалунак у шчочку. Не варта кідацца ў эратычныя сцэны: скажуць, што ты ператвараешся ў старпёра – ужо ўспамінамі захапіўся!..
– Наконт пісьменніка і мастака – галоўнае не прафесія… Важна, як яе падаць… Э… Ы…
– Пішы праўду! І я паабяцаў.
Зрэшты, было так. Герой папраўдзе быў мастаком і літаратарам, але не раз пра тое шкадаваў. Пісаў ён кепска. Кнігі былі малацікавымі і сумнымі. Што датычыцца карцінаў – маляваў ён піянераў і розную жыўнасць не з любові да іх, а з нянавісці, бо іншае не атрымоўвалася ўвогуле. (Дарэчы, адна з апошніх ягоных выставаў называлася «Смерць піянера ў Менску падчас нямецкай акупацыі».) Курыцаў і самураяў ён не гатаваў, бо пакутаваў на безграшоўе. І сяброў у яго было мала. Таму аніякі Парабэлум да яго не прыходзіў. Цыгараў ён таксама не паліў, а жывіўся вулічнымі недапалкамі. У той дзень ён, як зазвычай, сядзеў у бязлюдным парку і саграваўся каля невялікага вогнішча. Ён ужо налавіў маленькіх змеек ды вужыкаў і збіраўся павячэраць, як аднекуль з’явілася бабулька…
– Сынку, – сказала старая, пырскаючы слінай, – не хочаш прыдбаць малачка?
– Якое малако ў такі час і адкуль? Ты што, старая? – здзівіўся я. – Ды і грошай у мяне кот наплакаў…
– А ты пачастуй мяне смажанай змейкай, а я табе малачка і налью… І аднекуль пацягнулася да мяне сухая рука з бутэлькай, дзе плёскалася нейкая белая вадкасць…
– Глыні, сынку… – рыпела старая.
Я ўзяў бутыль. Пры святле вогнішча здавалася, што ўнутры яе не малако, а нешта жывое… Я выцягнуў корак, і на мяне абрынуўся пах булачак і сенакосу… Самае цікавае, што вадкасць, названая малаком, булькала і шыпела… Але пах быў спакуслівы…
Читать дальше