Мне падалося, што ў словах Герардуса было шмат праўды.
– Але цяпер ангельцы побач з намі, і нам трэба неяк з імі жыць, – адказаў Кос. – Можа, калі мы зразумеем адно аднаго, нам больш не давядзецца ваяваць. Гэты Вэбер, ён ужо добра гаворыць на афрыкаанс і калі-небудзь ён можа зрабіцца адным з нас. Адзінае, чаго я не магу зразумець, – гэта навошта ён кожнага ранку прымае ванну. Але калі ён перастане гэта рабіць і не будзе больш чысціць зубы, то вы наўрад ці адрозніце яго ад бура.
Хаця ён і паспрабаваў аджартавацца, мне падумалася, што ў словах Коса таксама шмат праўды.
Тады, праз год пасля засухі, акурат успыхнула эпідэмія сібірскай язвы. Здавалася, што хвароба хаваецца ў траве вельда, у вадзе ставоў і нават у паветры, якім дыхала свойская жывёла. Паўсюль мы знаходзілі трупы кароў і авечак. Мы ўсе хадзілі прыгнечаныя. Амаль усе мы, жыхары гэтай часткі Марыка, пачалі ўсё з нуля дзякуючы дапамозе ўраду. Цяпер, пасля мору скаціны, у нас не засталося нічога. Спачатку засуха вярнула нас да таго стану, у якім мы былі, калі толькі прыйшлі сюды. Цяпер праз сібірскую язву мы страцілі нават надзею. Мы не маглі пасеяць кукурузу, бо пасля паморку ў нас не было валоў, каб узараць зямлю. Людзі пагаворвалі пра тое, што самы час прадаваць маёмасць і ісці шукаць працы на залатых рудніках. Мы даслалі ўраду петыцыю, але карысці з гэтага не было.
І вось тады хтосьці прапанаваў перасяліцца ў іншае месца. Некалькі дзён мы ні пра што іншае не гаварылі. Пытанне ў тым, куды перасяляцца. У Радэзію [26] Радэзія – брытанскія калоніі ў Паўднёвай Афрыцы (цяпер Замбія і Зімбабвэ).
нас не пусцяць, баючыся, што мы прынясем з сабой сібірскую язву. Ісці ў іншую частку Трансвааля таксама не мела сэнсу. Хтосьці згадаў пра нямецкія раёны Заходняй Афрыкі. Ніхто з нас не быў там раней, і менавіта таму, думаю, мы ўрэшце вырашылі адправіцца туды.
– Англія прынесла ў Паўднёвую Афрыку толькі спусташэнне, – сказаў Герардус Гробелар. – Застацца тут – значыць памерці. Трэба ісці туды, дзе няма ангельскага сцяга.
Мы падрыхтаваліся за некалькі тыдняў. Планавалася перасячы Калахары і дайсці да нямецкіх тэрыторыяў. Мы сабралі ўсё, што ў нас было. Наперадзе гналі скаціну, за ёй ехалі павозкі. Усяго ішло пяць сем’яў: Стэйны, Гробелары, Одэндалы, Ферэйры і я. Вэбер таксама пайшоў. Думаю, не таму, што баяўся застацца адзін, а хутчэй таму, што яны з Косам Стэйнам вельмі прывязаліся адзін да аднаго, і ангелец не захацеў пакідаць яго сям’ю.
Самай маленькай сярод нас была дачка Коса Джэміма – ёй споўнілася тады ўсяго васямнаццаць месяцаў. Дзіцятка было нашай агульнай улюбёнкай.
Вэбер прадаў сваю павозку і ішоў разам з сям’ёй Стэйнаў.
Калі да канца першага дня мы на многія мілі прасунуліся ў глыб пратэктарата Бечуаналэнд, мы былі вельмі радыя, што пакінулі Трансвааль, дзе нам так не шанцавала. Пратэктарат быў, безумоўна, таксама брытанскай тэрыторыяй, але тут мы ўсё адно адчувалі сябе лепш, чым на сваёй зямлі. Цяпер мы бачылі Вэбера кожны дзень, і нягледзячы на тое, што ён заставаўся чужаком, іншаземцам, і застанецца ім да самай смерці, нашая варожасць да яго, “чырвонага карка”, зменшылася.
У першую нядзелю мы дайшлі да Малапалоле. [27] Малапалоле – самы вялікі горад у Батсване.
Гэты рэгіён моцна нагадваў бушвельд – тут расло тое самае калючае кустоўе, што і ў Марыка. Але чым больш мы паглыбляліся ў Калахары, тым радзей яно сустракалася. Пяску было ўсё больш і больш, а калі мы дайшлі да Малапалоле, навокал ужо ляжала пустэльня. Хаця асобныя хмызы ўсё яшчэ сустракаліся. Нядзелю мы прысвяцілі багаслужбе. Герардус Гробелар прачытаў урывак з Бібліі і ўзнёс малітву. Мы праспявалі некалькі псалмоў, пасля чаго Герардус зноў памаліўся. Я назаўсёды запомніў гэтую нядзелю і тое, як мы сядзелі на зямлі ля адной з павозак, слухаючы Герардуса. Гэта была апошняя нядзеля, якую мы правялі разам.
Ангелец сядзеў побач з Косам Стэйнам, і ля яго ляжала маленькая Джэміма. Яна гуляла з пальцамі Вэбера і спрабавала іх укусіць. Было смешна назіраць за ёй. Час ад часу Вэбер глядзеў на яе і ўсміхаўся. Яшчэ тады я падумаў: хай сабе Вэбер і не адзін з нас – але Джэміма пра гэта пакуль не ведае. Можа, у такіх рэчах дзеці мудрэйшыя ад нас. Для яе не мае ніякага значэння тое, што чалавек, чые пальцы яна цяпер кусае, нарадзіўся ў іншай краіне і не ведае мовы, на якой тут гавораць.
Я шмат чаго помню пра тое падарожжа ў Калахары. Але здзіўляе мяне толькі адно: як так сталася, што з самага першага дня мы абралі сваім кіраўніком Герардуса Гробелара. Здавалася, мы рабілі ўсё, што ён скажа, нават асабліва не абмяркоўваючы гэта. Мы нібыта думалі: калі так хоча Герардус, значыць, так яно і трэба. Не проста таму, што мы ведалі: Бог з Герардусам (а гэта мы ведалі), – а таму, што мы верылі ў Герардуса гэтак жа, як верылі ў Бога. Але калі б нават Герардус быў бязбожнікам, мы ўсё адно пайшлі б за ім – так, як пайшлі тады. Бо калі ты ў пустэльні, калі няма вады, а дарога яшчэ вельмі далёкая, ты разумееш, што ісці побач з моцным чалавекам, які не чытае Бібліі, нашмат лепш, чым ісці з добрым вернікам, які не вельмі ўяўляе, колькі гадзінаў яшчэ крочыць і дзе спыніцца на начлег.
Читать дальше