– Так, гэта вельмі добрыя кнігі, – сказаў Кос Стэйн. – Ага, проста цудоўныя. Для тэрмітаў. Тэрміты злопаюць іх ночы за дзве.
Як я ўжо казаў, Кос Стэйн быў вясёлым хлопцам, і калі ён так казаў, утрымацца ад смеху было немагчыма.
Тады былі не найлепшыя часы. Пачалася засуха, і мы не маглі садзіць кукурузу. Высахлі ставы, і вельд быў пакрыты хіба што леташняй травой. Тыдзень за тыднем нам даводзілася пампаваць ваду са свідравінаў. Але потым пачаліся дажджы, і некаторы час справы ішлі нядрэнна.
Час ад часу я бачыў Вэбера. З таго, што я пра яго чуў, я разумеў, што працуе ён шмат. Але вядома, што “чырвоныя каркі” не здольныя жыць з фермерства, калі толькі ім кожны месяц не высылаюць з Англіі грошы. А Вэбер, як мы даведаліся, амаль усе грошы патраціў на тое, каб набыць ферму. Ён заўсёды чытаў гэтыя свае зялёныя кнігі, каб зразумець, што рабіць далей. Якое шчасце, што яны напісаныя па-ангельску, а таму буры не могуць іх чытаць! Іначай штогод разаралася б нашмат больш фермераў. Калі яго быдла захворвала на каўдрыёз, [19] Каўдрыёз (ці рыкетсіёзны гідраперыкардыт) – інфекцыйная вадзянка сэрца, хвароба жвачных і ўсяедных жывёлаў, якая працякае вельмі востра. Суправаджаецца ліхаманкай і паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы.
ці авечкі – на катаральную ліхаманку, [20] Катаральная ліхаманка авечак (ці “сіні язык”) – інфекцыйная хвароба, сімптомы якой – ліхаманка, запальна-некратычныя паражэнні стрававода, языка і дэгенератыўныя змяненні шкілетных цягліцаў.
ці ў кукурузе заводзіўся азімы чарвяк або вусень “бурыльнага малатка”, [21] “Бурыльны малаток” (Papaipema nebris) – матылёк сямейства начніцаў. Вусень паразітуе на збожжавых і іншых сельскагаспадарчых культурах, асабліва з тоўстым сцяблом.
Вэбер тут жа лез у свае кнігі. Калі б яго авечак скралі кафры, думаю, ён таксама палез бы ў кнігі.
Тым не менш, Кос Стэйн дапамагаў Вэберу і вучыў яго многім рэчам, а таму справы ў ангельца ішлі ўсё ж не так кепска, як маглі б, калі б ён дзейнічаў у поўнай адпаведнасці з напісанай у зялёных кнігах дурасцю. Вэбер вельмі пасябраваў з Косам Стэйнам. За некалькі тыдняў да прыезду Вэбера жонка Коса Стэйна акурат нарадзіла дзіця. Гэта было іх першае дзіця пасля сямігадовага шлюбу, і яны вельмі ганарыліся немаўляткам. У іх была дзяўчынка. Кос казаў, што яму, канечне, хацелася б хлопчыка, але ў любым разе дзяўчынка лепш, чым увогуле ніхто. Вэбер ад пачатку вельмі палюбіў дзяўчынку, названую ў гонар маці Джэмімай. Калі я праходзіў міма дома Коса Стэйна, я часта бачыў ангельца, што сядзеў на верандзе з дзіцем на каленях.
У той жа час многіх суседзяў раздражняла сяброўства Коса Стэйна з “чырвоным каркам”. Яны называлі яго паражэнцам і здраднікам радзімы. Ён зблізіўся з чалавекам, які судзейнічаў падзенню афрыканерскай нацыі. Але называць Коса Стэйна паражэнцам было несправядліва. Калі пачалася вайна, Кос жыў у акрузе Граф-Рэйнет, [22] Граф-Рэйнэт – горад на ўсходзе Капскай правінцыі.
а таму ён быў капскім бурам і не мусіў ісці на вайну. [23] Гл. каментар 13.
Тым не менш ён далучыўся да фрыстэйцкага каманда і ваяваў ажно да самага заключэння міру. Калі б ангельцы ўзялі яго ў палон, то маглі б расстраляць як паўстанца – як расстралялі Схеперса [24] Гідэён Схеперс (1878–1902) – бур, герой Другой англа-бурскай вайны, які пайшоў у войска ва ўзросце 16 гадоў і служыў пад кіраўніцтвам генерала Крысціяна Дэ Вета. У 22 гады даслужыўся да звання камандзіра атрада (каманданта) і кіраваў каманда, дзе было 150 бураў Капскай калоніі. 10 кастрычніка 1901 году захварэў і трапіў у ангельскі палон. Суд прысудзіў яго да страты, і ў 1902 годзе Схеперс быў расстраляны ва ўзросце 23 гадоў. Брытанцы лічылі яго злачынцам, буры – героем і пакутнікам.
і многіх іншых.
Аднойчы, калі мы сабраліся на пошце ў Вілема Одэндала, пра гэта загаварыў Герардус Гробелар:
– Ты робіш няправільна, – сказаў ён. – Буры і ангельцы – ворагі яшчэ з часоў Слагтэрснэкскага паўстання. [25] Слагтэрснэкскае паўстанне – лакальнае паўстанне бураў Капскай калоніі ў 1815 годзе. Справакаванае смерцю фермера Карнэліса Фрэдэрыка Бэзэйдэнхоўта ў выніку бойкі з салдатамі-гатэнтотамі. Задушанае 9 сакавіка 1816 году. Было арганізаванае настолькі кепска, што лічыцца не больш як выпадковым эпізодам у барацьбе бураў за незалежнасць.
Гэтую вайну мы прайгралі, але аднойчы мы ўсё адно іх пераможам. Гэты абавязак мы перадамо дзецям нашых дзяцей – змагацца супраць “чырвоных каркаў”. Успомні хаця б канцэнтрацыйныя лагеры.
Читать дальше