Нядаўна маладая сяброўка-сацыёлаг сказала, што не ўспрымае кнігу як прадмет, як каштоўнасць, а толькі як тэкст. Шмат думаю апошнім часам, што кніга як рэч усё адно застанецца, але як прадмет раскошы.
Камсамольскі білет і красоўкі
У 1983 годзе ў Гомелі на вуліцы Кожара ў доўгім доме, які называлі «Кітайская сцяна», адчынілі новую краму – спартыўныя тавары. Падчас адкрыцця я праходзіла побач; ішла ў кінатэатр «Юбілейны», зайшла ў новую краму, і – цуд – там прадавалі красоўкі! Бела- чырвоныя. Купіць красоўкі было рэальна, але грошай з сабою не мела. Пасля фільма зайшла дахаты – узяла грошы ў бацькоў, прыйшла ў краму – красовак ужо не было. У мяне характар такі, што ўвесь час на нешта нерэальнае спадзяюся – на працягу года хадзіла ў тую краму, чакала, што зноў будуць красоўкі. Марна.
У 1984 годзе тата паехаў на працу ў Славакію ў горад Нітру. На вясновыя канікулы мы з мамай сабраліся да яго ў госці. Мне аформлі замежны пашпарт, савецкі здалі ў АВІР. І перад самым ад’ездам даведаліся: камсамольскі білет трэба таксама пакінуць на тэрыторыі СССР, здаць яго ў Гомельскі абкам камсамола, у сейф. У абкамаўскім кабінеце з сейфам высветлілася, што камсамольскі білет нельга здаць так проста: няма пячаткі – адзнакі пра сплачаныя ўнёскі. Унёскі па 2 капейкі, плацілі іх кожны месяц, але пячаткі ставілі звычайна пасля, адразу за некалькі месяцаў. А ўжо вечар. Мы тэлефанавалі ў школу. Сейф з пячаткай пра выплату ўнёскаў знаходзіўся ў піянерскім пакоі. Выклікалі школьную піянерважатую, штампавалі білет, я зноў бегла ў абкам камсамола – і здавала камсамольскі білет з пячаткамі. Камсамольскі білет зачынілі ў сейфе, а мы паехалі ў Славакію.
Ехалі праз Чоп. Памятаю дэталі начнога пераезду праз мяжу – таямнічая малазразумелая змена колаў у вагонах. Мне здавалася вельмі важным адчуць сам пераход – з адной рэальнасці ў другую, той момант, калі заканчваецца нашая краіна і пачынаецца іншая. Іншая краіна як іншая планета. Зыркія пражэктары, узараная зямля на нейтральнай паласе. І вось наш вагон на новых колах коціцца праз цемру, але цемра гэта ўжо не нашая – іншая. Замежжа.
Нітра ўразіла – замкам, апельсінавым сокам, касцёлам, дзе стаялі на каленях людзі. І крамай, у якой мне адразу купілі дзве пары красовак – без чаргі ды блату.
Не памятаю, як вярталі камсамольскі білет пасля прыезду. Эпізод сцёрты з памяці, але вярнулі – факт.
У лютым 1991 года ў Вільні каля будынка парламента пабачыла слуп, на якім цвікамі былі прыбітыя камсамольскія і партыйныя білеты – так людзі развітваліся з важнымі дакументамі савецкага часу, з савецкім мінулым. У Вільні мы былі ў камадзіроўцы – працавалі ў архіве, жылі недалёка ад парламента. Некалькі дзён падыходзіла да гэтага слупа, думала, ці не прыбіць і свой камсамольскі білет – ён быў са мною. Вырашыла не прыбіваць, пачакаць, зрабіць гэта ў Беларусі, калі прыйдзе час. Час прыйшоў, не было такога слупа. Камсамольскі білет дагэтуль у мяне.
2014–2015
Дзяўчынка выйшла з дому, спусцілася з заснежанага пагорка, падышла да ракі.
Левы бераг быў вышэйшы за правы… Пэўна, раней – у далёкія часы – рака была большая і той пагорак, па якім ішла дзяўчынка, быў дном ракі. А дом, у якім жыла дзяўчынка, месціўся ў былым рэчышчы ракі.
Свяціла сонейка. Снег на пагорку блішчэў, зіхацеў, але дзяўчынку вабіў зялёны лёд і тое, што пад ільдом.
Праз зялёны лёд, які здаваўся празрыстым, яна спрабавала разгледзець жыццё ў вадзе – рыб і водарасці, але нічога не бачыла, толькі адчувала плынь пад лёдам.
Лёд без снегу, і тонкі, бо недалёка з трубы выцякала гарачая вада. Адкуль яна цякла, ніхто не ведаў. Санстанцыя рабіла спробы высветліць – па ўсіх заводах і фабрыках горада прайшлі супрацоўнікі станцыі і непрыкметна закінулі фарбавальнікі розных колераў: чырвоныя, зялёныя, сінія, жоўтыя і нават чорныя.
Па колеры вады, якая пойдзе з трубы, хацелі даведацца, хто злівае гэта ў раку. Але вада з трубы палілася рознакаляровая – то жоўтая, то сіняя, то малінавая, то фіялетавая. Значыць, усе карысталіся трубой.
Дзяўчынка ведала пра санстанцыю, бо там працавала яе бабуля. Дзяўчынка хадзіла разам з бабуляй па школах і дзіцячых садках, дзе бабуля адмысловым апаратам рабіла «замер святла». Аднойчы правяраць святло прышлі ў дом дзіцяці, і там дзяўчынка ўбачыла пакінутых дзяцей, пра якіх ёй патлумачылі: «Калі яны падгадуюцца, адвязуць у дзіцячы дом».
Ведала дзяўчынка і пра слоік з матылямі, які знайшлі ноччу на чыгуначным вакзале. І ніхто не ведаў, што рабіць з тым слоікам і з матылямі.
Читать дальше