Афіцэр несумненна падзяляў думку гетмана, як і горыч, што караля гэта не пераконвае.
– Не толькі “каморныя”, – запярэчыў калега. – Сапегі верх бяруць. Льва верх.
– Каб так было, то не апынулася б Княства ў сённяшнім становішчы, – запярэчыў таварыш. – Усё ж найперш паны рэгалісты з Кароны запраўляюць. Не так розумам моцныя, як пасадамі. Большасць прыбытковых і важных іхнія.
– І паспрабуй крані іх! За імі ж кароль, іх шмат і ўсе зацятыя як нямаведама хто!
– Хто б што ні казаў, лепш, калі вакол веры бойкі не чыняцца. А з Вазамі, падобна, нашай талеранцыі канец. Айцам—езуітам і хто там за імі, нашы звычкі ў веры, што шабляй па жываце. Як гэта мне адзін кальвін казаў? Ага! Контррэфармацыя! А навошта мне яна, калі не мець сваіх спрадвечных вольнасцяў?
– Згодзен з табою. Вось прыціснуць кальвінаў, то чаму не зацугляць і астатніх. Айцам езуітам “absolutum dominium” – найпершая мара. Вунь і нашага гетмана забрыталі, а быў жа кальвін.
Ян Караль Хадкевіч*, вялікі гетман Княства, хмурна выслухаў паведамленні ад'ютанта. Быў моцна незадаволены рашэннем так званай «каморнай рады», цеснага атачэння караля, пры гарачай падтрымцы каралевы Канстанцыі,* заняцца Масковіяй. Амаль увесь сэнат на таемным паседжанні паслухмяна ўхваліў каралеўскую авантуру.
– Яе міласць каралева больш дбае пра інтарэсы Святога Рымскага Цэсарства, сваёй роднай Аўстрыі, чым пра нашу шляхецкую дзяржаву.
Ад'ютант моўчкі даў зразумець, што падзяляе думку вайсковага міністра Вялікага Княства. – Затое архікнягіня стырыйская, цешча Найяснейшага пана, справамі Рэчы Паспалітай цікавіцца аж занадта, хоць яе не просяць, – выкідваў сваю горыч гетман. – Бач, не спяшаліся прасіць згоды Сойму, абавязковай на кожную ваенную выправу, што ўжо казаць пра маскоўскую!
– Не спадзяваліся атрымаць, яснепане, – прамовіў ротмістр Дуброва, – таму і не выходзілі з прапановай.
Спраўджаны не ў адной бітве паплечнік меў права на такое выказванне. Падзяляў меркаванне ці не самага набожнага з гетманаў наконт ваяўнічай каталіцкасці Яе Каралеўскай мосьці. – На Сойме ж і цвярозыя людзі послух маюць, – працягваў ротмістр. – Як жа лезці ў новую вайну, не скончыўшы папярэдняй. А тут яшчэ Сапегі спакушаюць Смаленшчынай і маскоўскай каронай на дадатак.
– Спачатку шапкай Манамаха, – хмурна ацаніў гетман учынкі сваіх непрыяцеляў.– Найяснейшаму пану найперш у галаве кароны ды паслугі Святому Прастолу.
Абодва гаравалі над стратай дасягнутага іхнімі стараннямі. У 1609 годзе вялікі гетман адбіў у шведаў Парнаву і Дыямент, нават на моры, дайце веры, нанёс ім нечаканую паразу. Шведы ўцягнуліся ў маскоўскую «смуту» і на думку гетмана быў шанец адабраць у іх Рэвель. Віленскі ваявода Радзівіл Сіротка*, як і гетман, аспрэчваў меркаванне, што можна запанаваць на Балтыцы, авалодаўшы Масковіяй.
– Управіцца найперш трэба з Інфлянтамі, тады толькі пра Маскву думаць, – пераконваў уплывовы ўрадовец. – Дрэнна вакол нас, расце небяспека ад навакольных, а дома горшая нязгода. Нібы ў тым Карфагене пры абмеркаванні, ваяваць ці не ваяваць, як звычайна большая частка ўзяла верх над лепшай. Пайшлі ваяваць.
Слухачы разумелі, што часткі гэтыя не належалі да Сойму і нават да сэнату.
Усе прыхільнікі вольнасці, ад самага заможнага да апошняга грэчкасея, мелі ўстойлівае меркаванне: трэба з найбольшым шацункам да маестату запабягаць ваяўнічым памкненням манарха. Бліскучая перамога ў вайне, умацоўваючы каралеўскую ўладу, можа несці пагрозу вольнасцям, бо самы дабратлівы кароль імкнецца да абсалютнай улады.
Светлыя галовы між шляхты апроч гэтых простых высноў непакоіліся, што дзяржаўнае права, гонар Рэчы Паспалітай двух народаў, для караля і ягоных апантаных сяброў—езуітаў не больш як прылада выкарыстання абодвух народаў у патрэбным кірунку. На пачатку ХVІІ стагоддзя моладзь рвалася да ведаў, аднак давераныя цямноты і зацятыя ворагі шляхецкіх вольнасцяў езуіты пераймалі кіраванне навукай і асветай. Сквапна тлумілі і па свойму настаўлялі гэты парыў. Найперш і найважней для іх было заняволіць асобу, стлуміць вальналюбства.
Шмат ім клопатаў на Божым свеце: тут пратэстанты, там праваслаўе, недзе там мусульмане, і ўсім трэба несці святое каталіцкае збавенне. Не дзіва, што ў кароткі час контррэфармацыя пакрыўдзіла і ўзбурыла іншаверцаў па ўсёй Рэчы Паспалітай. Значная купа добра адукаваных езуітаў нават не вагалася настройваць сялян супраць паноў—пратэстантаў. Два галоўных надворных езуіты: Пётр Скарга* і Пакаш Голыньскі*, старанна кіруемыя сваім ордэнам, пільна назіралі за манархам. Не шкадавалі старанняў папскі нунцый і дыпламатыя Цэсарства. Не грэбавалі ўжываць заклікаў «залатой вольнасці», так блізкіх кожнаму, хто носіць у сэрцы кляйнод шляхецтва. Запанаваўшы над розумам караля, нахабна лезлі са сваёй пратэкцыяй пры раздачы пасад і прызначэнняў.
Читать дальше