Толькі папулярысты, баронячы караля перад атакамі шляхецкай расперазанасці, адначасна адстойвалі вальналюбства перад інтрыгамі ваяўнічых клерыкалаў. Польны гетман Кароны Жулкеўскі, як амаль усе з гэтага згуртавання, не цешыўся каралеўскай ласкай. Вось і зараз адзначаў, што велічныя намеры і спадзяванні караля не падмацоўваліся належнай падрыхтоўкай. Размяняўшы сёмы дзесятак год, спрабаваў выкруціцца ад маскоўскай выправы, спасылаўся на нездароўе і неабходнасць абароны ад татараў. Пад ціскам караля саступіў з цяжкім сэрцам, але на Сойме нагадваў пра турэцкую, казацкую і шведскую пагрозы, пра пусты скарб, які не вытрымае яшчэ адной вайны. А нясплочанае войска з Інфлянтаў ужо завязала канфедэрацыю, заняло і пляндруе берасцейскую эканомію і наваколле.
Але тут жа заклікалі да помсты родзічы ахвяр маскоўскай разні з—за першага Самазванца, спакушалі вяртаннем Смаленска Леў Сапега і Аляксандр Корвін Гасеўскі*, марыўшыя пра тамтэйшыя абшары. Перад студзеньскім Соймам 1609 года амаль усе сэнатары пісьмова выказаліся за вайну. Абазнаныя ў радаводзе людзі засведчылі паслам, што Найяснейшы пан мае ўсе правы на трон Рурыкавічаў як нашчадак Юльяны Цвярской і Соф'і Гальшанскай. Годзе яму дбаць пра розных узурпатараў!
Адзін Мнішах*, бацька «царыцы», не раіў здабываць Масквы, бо тым самым зруйнуецца кар'ера Марыны і абяцанкі абодвух Дзьмітрыяў. Засцерагала перад вайною і адмысловая дэпутацыя з Тушына. Каб супакоіць нязгодных, кароль універсалам ад 11сакавіка 1609 года абвясціў, што ідзе ваяваць не дзеля ўласнага інтарэсу, а дбаючы пра дабро Рэчы Паспалітай. Але ўсеагульнага запалу не дабіўся. Шляхта, асабліва некаталіцкая, хвалявалася, і ўхвалы аб вайне Сойм так і не прыняў, а шмат якія рэляцыйныя соймікі, асабліва ў Вялікім Княстве, выказалі незадавальненне, што кароль бярэ на карак другую вайну, замест пераможна скончыць першую, са шведамі.
…Вялікі канцлер літоўскі Леў Сапега, маючы пры боку дваццацігадовага старэйшага сына Яна, прывёў авангард войска Вялікага Княства да Смаленска акурат на дзень святога Міхала, а назаўтра з'явіўся польны гетман Кароны Станіслаў Жулкеўскі і адразу ж вырушыў на рэкагнасцыроўку. – Тыя тры мураваныя манастыры ад непрыяцеля вызвалены? – павярнуўся да афіцэраў. – Вось даліна між імі – самае адпаведнае месца на лагер. У напрамку горада выставіць пана Вайера* з ягонымі немцамі. Пяхоце самы занятак сцерагчы нас.
Ад'ютанты пасухмяна ківалі галовамі.
– Пан пуцкі стараста не будзе пярэчыць, – запэўніў адзін. – Месца зручнае, з якога боку ні глянь.
– Яшчэ б меў пярэчыць! – строга абсек гетман. – Маёй кватэрай будзе манастыр Найсвяцейшай Панны. А хто там? – махнуў гетман у напрамку Святой Троіцы.
– Яснепан Мікалай Дарагастайскі*, літоўскі маршалак. А вялікі канцлер Сапега ў Святым Спасе засяліўся.
– Гэта там? Не засядзіцца ён там, – хмыкнуў гетман. – Разы два дашлюць яму гарачы падарунак, пабяжыць шукаць зацішнага месца.
Не памыліўся стары ваяр: гарматы маскавітаў сапраўды выперлі канцлера з манастыра, толькі збудаваўшы двор у даліне над Дняпром, атрымаў спакой.
Абыход Сойму непакоіў гетмана, які заўсёды патрабаваў ад караля трымацца права ў ваенных задачах. Дастаткова абазнаны ў спружынах каралеўскага двара, Жулкеўскі ад пачатку падазраваў манарха ў спробе з дапамогай вайны здзейсніць свае дынастычныя мары і не зычыў сабе справаздачы перад раз'юшаным Соймам. Асабліва ў выпадку правалу выправы.
Яшчэ на папярэдніх нарадах у караля настойваў, што Смаленск не паддасца без барацьбы і з гэтага трэба зыходзіць у раскладзе кампаніі.
Кароль, з'явіўшыся пад Смаленскам праз пару дзён пасля гетмана, сабраў нараду.
– Людзей у месце, Міласцівы пане, тысячаў трыццаць, калі не сорак. – папярэджваў гетман, не зважаючы на незадаволеныя твары каралеўскага атачэння. – Прыкладам, у Варшаве жыхароў менш. Войска больш пяці тысяч пры стасямідзесяці гарматах.
Адразу ж пасыпаліся пярэчанні.
– Але ж смаленскі купец, паланёны панам Стадніцкім, казаў, што баяраў са стральцамі толькі паўтысячы!
– Астатнія тысяч дваццаць – простыя месцічы!
Што ж, крыкуны не афіцэры, не абсячэш вокрыкам. Адзін лек – не чуць і да пары не азывацца. Гетман, агледзеўшы смаленскія ўмацаванні, канчаткова пераканаўся ў слушнасці папярэдніх меркаванняў. Ваявода Міхаіл Шэін* спаліў прадмесці, пабудаваў дадатковыя земляныя фартыфікацыі, пасіліў артылерыю.
– Шэін будзе бараніцца старанна, не паддаўся на ўгаворы аршанскага старасты, – паблажліва ўсміхнуўся гетман. – Я думаю, Міласцівы пане, Андрэй Сапега* і сам не верыў, што ваявода паддасца. Жулкеўскі акінуў прысутных пахмурным поглядам. Стракаты склад нарады не варажыў сур'ёзнага падыходу. Вось вайскоўцы. Але сенатары, святары, прыбочныя караля, навошта яны тут, ад іх якая карысць? І ўсе такія рашучыя, ваяўнічыя, нібы здагадваюцца, што ім скажа стары Жулкеўскі і з чым яны не пагодзяцца. Гетман павёў вачыма паўзверх галоў. Здалося там, за і над прыгорбленымі і выпрастанымі постацямі лунае дух шчырых натхніцеляў выправы. Засталіся ў Вільні, але ж яны тут: папскі нунцый, Пётр Скарга, каралева Канстанцыя з ахмістрыняй яе двара немкай Уршуляй Генгер, пранырай не ў памер пасадзе. Гэта даносчыца Вены бянтэжыць дыпламатаў сваёй прысутнасцю на таемных размовах з каралём. І адсюль нехта дашле ёй даносы і данясенні.
Читать дальше