Можа таму ў ліпені 1607 года, асоба “грубых і брыдкіх звычаяў” адразу назвалася не царэвічам, а царом Дзьмітрыем, Божай ласкай ацалеўшым не толькі ў маскоўскай разні, але і падчас крывавага паўстання. Чаму ж не паверыць чарговаму цуду, калі і люд і баяры з дваранамі толькі ад цара чакаюць усялякіх даброт і прыбытку? А найперш спакою і абароненасці. Толькі не бачылася ні таго, ні другога, ні трэцяга з чацвертым.
«С царства Бориса было всё в разорении и в кровопролитии, не бывало покоя тринадцать лет, но всегда плач и слёзы», – адзначыў пазней летапісец і меў рацыю.
Вось і лес, і цішыня, толькі птушкі цвіркаюць. Знаёмая вузкая сцежка між густога хмызняку была бітая, конь пайшоў добрай рыссю і нечакана для чалавека скочыў. Звярыным чуццём адчуў небяспеку, але замаскаваная яма была даўгою, заднія ногі праваліліся, зламаўшы тонкія жэрдкі прысыпанага зямлёй насцілу, а вершнік з размаху пляснуўся на шыю каня. Паспеў выхапіць ногі са страмёнаў і шчупаком кінуцца пад бліжэйшы куст, перш чым дзве ці тры прызначаныя яму стралы прашамацелі ў лістоце. Пара наступных фуркнула з зараснікаў і спыніла пакуты каня, які яшчэ тузаўся, спрабуючы выкараскацца з ямы, а на сцежку выскачылі людзі. Малады, па панску апрануты, сярдзіта падганяў: – Хапай! Плачу за жывога ці мёртвага! Драмалі, халера на вас!
Трое з трэскам уламаліся ў густы падлесак, адзін старанна распраўляў колцы так і не ўжытага аркана.
– Кінь свой пастронак! – пагардліва рыкнуў правадыр. – Гані да коней! Туды ж пабег!
Сцежка крутым выгінам мінала палянку і ўцякач вылецеў на яе, ломячыся напрасткі. На бягу выхапіў кароткі корд і секануў вартавога, не чакаўшага нападу. Не выбіраючы, ірвануў повад першага з краю каня і ўзляцеў у сядло. Конь закруціўся, паспрабаваў узбрыкнуць, але, пачаставаны шпорамі, пагнаў сцежкай, роўнай тут, як стрэліў. «Добра, што не спудзілі вартавога, – мільганула думка. – А каб з мушкетаў ці пісталетаў…»
Як адказ, ляснуў запознены стрэл і ганец міжволі прыгнуўся. Кланяюся не гэтай кулі, а наступнай, закпіў са свайго міжвольнага страху, разумеючы, што і наступная пойдзе ўвослеп. Пераслед нібы не замарудзіў, але нападнікі разумелі, што шанцаў не маюць.
– Мала, што такога шчупака ўпусцілі, дык і каня не ўсцераглі! – злаваўся правадыр, сцёбаючы плёткай па кустах у бяссільнай злосці. – Такога каня!
– Гэта не шчупак, пане, а чысты ўюн, – нясмела запярэчыў чалавек з лукам. – З—пад мае стралы выслізнуў. Хіба толькі плячук і пацярпеў замест шыі.
– Глядзі, каб з—за гэтага твая шыя замест плячэй не пацярпела, – злосна азваўся правадыр.
Шчасце не мінула смелага, але гнаў пакуль конь не пачаў выдыхацца. Запаволіў, па нейкім часе спыніўся. Хвілінку паслухаўшы, вырашыў не збочваць. Каб падрыхтаваць такую пастку, патрэбен час, значыць ведалі, якім шляхам паедзе і калі. Не падумаюць, што памкнецца ўцякаць той жа сцяжынай. «Уратаваў, верны косю! Не лётаць больш разам! Зямля табе пухам, калі гэта не блюзнерства», – пашкадаваў надзейнага таварыша вандровак. – «Вартавы! – пырхнуў пагардліва. – Хто дрэмле на варце, сам вінаваты. Каб іншым часам, то і парку коней льга было б прыхапіць. Усё ж нейкі грош!»
Але пара было гэтаму даць адпачынак, заадно і сабе. Саскочыў, паслабіў сядзельную папругу, раскілзаў, каб пашчыпаў крыху чэзлай травы. Папаіць, нажаль, нічога не трапілася. Гарачка ўцёкаў паволі саступала месца ўсведамленню перажытай небяспекі. Зашмат давялося бачыць забітых, каб захаваць юнацкую веру ва ўласную несмяротнасць. Каб не конь і ўласны спрыт, ніхто і не ўведаў бы, дзе і калі знік. Але трэба спадзявацца на свой досвед, на шанец, на ўдачу. Дзеля адзінай істоты, якой на ягоным ацаленні сапраўды залежала. – Беражыся, родны, – упрошвала на апошняе развітанне. – Апроч цябе нікога не маю… Памятай пра гэта… – Не бойся, Гануся, нічога са мною не здарыцца, – супакойваў як мог. Ведаў, што можа здарыцца. – Слухайся пана Кіпрыяна, і ўсё будзе добра, – прыкрыў горыч няўдалым жартам.
Яна мужна не паддавалася роспачы і прасіла, каб не рызыкаваў на злом галавы, каб памятаў, дзеля каго павінен берагчыся.
– Пан Кіпрыян для мяне і брат, і бацька, але ж кожнаму хочацца мець некага роднага…, – прамовіла ціха, як для сябе самой. – Хто жывым вяртаецца… – «Ці не яе малітвы абераглі?» – падумаў шчаслівец.
Але не час быў разжалобіцца. Агледзеў здабычу. Жарабец гнядой масці быў здатны, сядло і збруя нічога сабе. Толькі страмёны высакавата, папусьціць путлішчы і будзе самраз. Аніякіх гербавых ці іншых знакаў нідзе не заўважыў. Найбольш узрадавалі пісталеты ў абодвух ольстрах. Парахаўнічка і зарады, на шчасце, з ім, так што са зброяй не найгорш. Праверыў, ці надзейна заціснуты крамяні, падсыпаў драбнюткага пораху на палічкі, асцярожна прыціснуў покрыўкі. Можа так здарыцца, што і выхапіць не паспееш, але да стрэлу зброя павінна быць заўжды гатова.
Читать дальше