1 ...8 9 10 12 13 14 ...23 Можна было б паблажліва глядзець на вопыт «Маладняка», але на глебе гэтай задзірыстасці нарадзілася «Узвышша», сябры якога таксама былі не старыя, але ўсё ж зразумелі, што галоўнае ў літаратуры – гэта не маладосць, а якасць. Яны ўжо не апелявалі да гэтай сваёй прывілеі. І вось цяпер яшчэ адзін сінонім слова «маладосць» – «вучнёўства». Менавіта ў маладосці актыўна засвойваюцца літаратурныя веды. У мяне на гэты конт маюцца свае «забабоны», якія я не раз выказваў. Падзялюся імі і тут. Выклікаючы часам раздражненне, я казаў і кажу, што ў маладосці пачынаюцца паэты: яны могуць «выспець» ужо ў пятнаццаць-шаснаццаць гадоў, таму што ў паэзіі найбольшую ролю іграе эмацыйны вопыт, а ў маладосці яго, як правіла, больш, чым у сталасці. Празаік пачынаецца ў трыццаць – таму толькі, што да эмацыйнага вопыту патрэбен вопыт жыццёвы. А драматург, працягваю думку, нараджаецца ў сорак, таму што яму трэба ведаць законы сцэны так, каб не толькі адчуць, але яшчэ і паведаміць. Са мною шмат на гэты конт спрачаюцца, прыводзячы адзін за адным розныя прыклады. Калі я кажу пра тое, што Куляшоў адзін з лепшых сваіх вершаў пра каханне – і лепшых вершаў пра каханне ў беларускай літаратуры ўвогуле, – верш «Бывай» напісаў у чатырнаццаць, са мною згаджаюцца. Але часам кажуць, што Лермантаў напісаў драму «Маскарад» у пятнаццаць. На гэта я таксама адказваю крыху палемічна: «Маскарад», маўляў, – не лепшае з напісанага Лермантавым, на ім ляжыць пячатка вучнёўства, па-першае, а па-другое, гэта не столькі драма, колькі паэзія.
– Паводле вашай формулы, адзін і той жа чалавек можа ўпісацца ва ўсе рамкі: паспець пабыць паэтам у маладосці, далей стаць празаікам, а потым і драматургам. Але ж існуюць паэты сталага веку. І празаікі з драматургамі часам пачынаюцца ледзь не ў юнацтве.
– Так, Дудараў як драматург нараджаўся значна раней, чым яму стукнула сорак. Мая формула сапраўды ўмоўная. Многіх яна ўвогуле раздражняе.
– Але яна сімпатычная.
– Я пільнуюся яе, бо ў цэлым яна спрацоўвае. Ну, і сімпатычная таксама. Хаця прыклады ёсць розныя – і нават так бывае, што паэт пачынаецца пасля васьмідзесяці, як гэта было з Васілём Івашыным. Бывае, і празаік вельмі актыўна пачынае працаваць толькі пасля пяцідзесяці, як гэта здарылася з Уладзімірам Васільевічам Гніламёдавым: ён так піша прозу, што саракагадовы майстар пазайздросціць і актыўнасці, і густаце, і густу.
Давайце знойдзем яшчэ адзін сінонім. Маладосць – гэта эксперымент і пошук. Досвед паказвае, што маладыя эксперыментуюць часцей, чым сталыя творцы. Прычына тут тая ж, што і, так бы мовіць, у імпэце піянерскім, першаадкрыццёвым. Але і тут у мяне, ужо як педагога, ёсць свае меркаванні. Эксперыменты, на маю думку, бываюць правільныя і не зусім правільныя.
– Расшыфруйце, калі ласка.
– Правільны эксперымент – гэта шлях Казіміра Малевіча, якога можна назваць і беларускім мастаком, бо калісьці ён прэзентаваў Віцебскую школу. Правільны эксперымент мастака – гэта калі ён спачатку вучыцца пісаць карціны паводле акадэмічных правіл. Дык вось Малевіч умеў маляваць паводле гэтых правіл і краявіды, і нацюрморты, і аголеную натуру. І толькі пасля таго, як усяму гэтаму навучыўся і напісаў яшчэ шэраг традыцыйных рэчаў, ён пачаў выдаваць свае чырвоны і чорны квадраты. Такім вось чынам ён заваяваў маральнае права на эксперымент. У літаратара такое маральнае права – гэта ўменне рыфмаваць і пісаць з метрам. І без памылак.
– Гэтага дастаткова, каб мець права на літаратурны эксперымент? Пашкадуйце, Пятро Васільевіч…
– Гэта абавязковая ўмова на тое, каб эксперыментаваць: без яе эксперымент не рэкамендуецца. Безумоўна, патрэбна яшчэ драбяза, якая называецца талентам.
Я часта такое назіраю: маладыя творцы, што не ўмеюць яшчэ рыфмаваць, нават не збіраюцца гэтаму вучыцца, таму што ў свеце «бадай што ніхто не рыфмуе». Яны не хочуць вучыць тэорыю літаратуры, хоць гэта таксама патрэбная рэч, – і пачынаюць смела эксперыментаваць. Але ж, як мы казалі, у Грэцыі ўсё ўжо было. І ў нашай літаратуры, як у той Грэцыі, было ўжо ўсё. Гэта, між іншым, даказвае ў сваёй дысертацыі такі ж самы малады эксперыментатар Віктар Жыбуль, які ў паэзіі эксперыментуе, але як даследчык літаратуры працуе вельмі сур’ёзна, бо абараніў ужо дысертацыю па той самай літаратуры 1920-х гадоў, і знайшоў там тое, чым сёння займаюцца, прыкладам, бумбамлітаўцы або займаліся «Тутэйшыя» ці «Вольныя літаратары».
Маладосць – гэта, паўтаруся, вучнёўства, а праз яго – адкрыццё самога сябе ў літаратуры. Тут важная акалічнасць хаваецца ў тым, што вельмі многае ніяк не залежыць ад асобы аўтара. Проста трэба, каб нехта цябе адкрыў. Сінонім «маладосці» – гэта і «дэбют». Я шкадую, што сябе адкрыў не ў «Маладосці». Для мяне гэта выданне здавалася такім непадступным, такім піетэтам я быў ахоплены ў дачыненні да яго, што дэбютаваў не ў ім, а ў часопісе «Бярозка», хоць было мне тады ўжо дваццаць гадоў. Ды і пасля яшчэ доўга баяўся ўзысці на прыступкі гэтага выдання. Я, канешне, быў задаволены сваім дэбютам і «Бярозкай» – настолькі, наколькі можна быць задаволеным першым надрукаваным апавяданнем. Тое апавяданне называлася «Вярнуўся» і было пра сабаку, які састарэў, згубіў нюх і зрок, і месца яго ў будцы заняў малады і моцны пераемнік. Сустрэлі мяне тады ў рэдакцыі даволі прыхільна. А гэта таксама вельмі важна – як цябе сустрэнуць у рэдакцыі. Я ведаю прыклад вельмі таленавітага паэта, майго аднагодка, якога не сустрэлі так прыхільна, як мяне: ён кінуў пісаць і падаўся ў камерцыю. Можа быць, мы страцілі шмат Куляшовых, якіх у свой час не разгледзелі. Місія ваша, такім чынам, вельмі адказная – місія часопіса, які адкрывае новых аўтараў.
Читать дальше