– Пад апошні глыток кавы – апошняе пытанне: чаго вы жадаеце «Маладосці»?
– Я жадаю часопісу «Маладосць», які б выгляд ён ні прыдбаў у будучым, электронны ці папяровы, каб яго штомесяц чакалі з нецярпеннем.
Алесь Бадак. Пра адчуванні – часу і часопіса
– Чамусьці ў дачыненні да «Маладосці», калі гаворка заходзіць пра час, калі я пачаў у гэтым часопісе друкавацца, успамінаецца самае сумнае…
Пісьменнік Алесь Бадак, калі быў школьнікам, любіў вырэзваць з газет і часопісаў вершы (якія ў той час друкаваліся шмат дзе, а не толькі ў літаратурных выданнях) і ствараць своеасаблівыя «Дні паэзіі» – не ад рукі, а ўклейваючы асобныя творы ў агульныя сшыткі.
– Там у мяне было шмат вершаў Яўгеніі Янішчыц. І калі я першы раз яе ўбачыў, ды яшчэ пачуў адабрэнне сваёй творчасці, уражанне было такое, быццам атрымаў нейкае ганаровае званне. Але памятаецца чамусьці і яе 40-гадовы юбілей.
Яны сустрэліся ў цэнтры Мінска, недалёка ад ГУМа. Яна ішла з вялікім-вялікім букетам кветак, ён павіншаваў яе з днём нараджэння, яна ўсміхалася, а неўзабаве ён пачуў, што яна загінула.
– Цяпер для мяне існуе адразу некалькі часопісаў «Маладосць»…
* * *
– Ёсць меркаванне, што калі раней літаратурныя часопісы чыталіся многімі, і тымі нават, хто не меў да літаратуры «пісьменніцкага» дачынення, то цяпер іх чытаюць вельмі нямногія – нават з тых, хто сам піша ці збіраецца пісаць. Што канстатуюць вашы назіранні?
– Я сустракаў шмат пісьменнікаў, якія не чытаюць тыя часопісы, у якіх не друкуюцца, а ў астатніх чытаюць толькі свае творы або публікацыі, ім прысвечаныя. Але сустракаў і людзей, якія, не маючы дачынення да літаратуры ў якасці аўтараў, чытаюць і літаратурныя часопісы, а не толькі мастацкія кнігі. Тут іншая праблема: чытачоў стала менш не толькі таму, што сталі ўвогуле менш чытаць. Проста выбар незвычайна шырокі ў параўнанні з тым, што існаваў у 1960–1980-я гады. Кніжны рынак сёння перанасычаны якой заўгодна літаратурай. Чалавек, апынуўшыся перад рашэннем, што ўзяць ці купіць пачытаць, калі ён выхаваны на беларускай літаратуры, ведае яе і любіць, заўсёды мае магчымасць узяць беларускую кніжку ці часопіс. Той, каму ўсё роўна, што чытаць, акажацца ў сітуацыі выбару дзівоснага кшталту – для некага ён будзе занадта складаным, для некага – вельмі лёгкім. Многія, я ўпэўнены, прыпыняцца каля паліцы з кнігамі замежных пісьменнікаў – бо яны больш раскручаныя. І тут няма праблемы менавіта беларускай літаратуры, гэта праблема любой нацыянальнай літаратуры: яна заўсёды павінна вытрымліваць канкурэнцыю з літаратурай сусветнай. А гэта, безумоўна, цяжка. Гэта тычыцца ў пэўнай ступені і рускай літаратуры, нягледзячы на тое, што ў яе значна больш чытачоў, таму што на рускай мове чытаюць не толькі ў Расіі, а ў беларускай літаратуры такой прывілеі няма.
– Пяройдзем да «Маладосці». Якія асабіста ў вас ад яе ўражанні: некалі і цяпер?
– Для мяне існуе некалькі версій часопіса «Маладосць». Адна, першая ў асабістым заліку, – «Маладосць» пачатку 1980-х, часу, калі я ў гэтым часопісе яшчэ не друкаваўся, але ўжо выпісваў яго. Па сёння захоўваю ўсе нумары за той перыяд. Нават вярнуўшыся з войска і прыехаўшы ў Мінск працягваць вучобу ва ўніверсітэце, ледзь не першае, што зрабіў, – абышоў кіёскі з мэтай сабраць нумары, якіх не хапала.
– Удалося?
– Удалося! Першая ў маім жыцці «Маладосць» выклікала адчуванне недасяжнасці. Такія ў ёй друкаваліся людзі, на якіх хаця б проста паглядзець, не тое што з імі павітацца, – ужо ў душы застанецца. І нешта абавязкова ў ёй пераверне. Такія ж адчуванні, я памятаю, узнікалі, калі падыходзіў да крамы «Падпісныя выданні», дзе за шкельцам вітрыны стаялі тры тамы Андрэя Вазнясенскага. Купіць іх было немагчыма, але можна было прыйсці і паглядзець праз шкло на вокладкі, падыхаць паветрам, што з гэтымі выданнямі кантактуе… Другая версія «Маладосці» належыць часу, калі я пачаў у ёй працаваць. Тут ужо іншыя адчуванні – і часу, і часопіса. Абсалютна іншыя. Гэта ўжо праца, штодзённая праца з рукапісамі. Памятаю, як з гэтым знікла адчуванне загадкавасці. Але прыйшло новае, не менш дзіўнае – усведамленне, што ты, асабіста ты можаш зрабіць нешта такое, што здольна паўплываць на важныя працэсы.
Трэцяя «Маладосць»– сённяшняя. Цяпер праз гэты часопіс я гляджу на маладую літаратуру. Цікава, якімі проза і паэзія могуць быць гадоў праз дваццаць-трыццаць. Калі ўзгадаць 1970-я і пачатак 1980-х, можна зазначыць, што і тады былі свае традыцыі і правілы, але ў асноўным маладая літаратура ішла тым самым шляхам, якім ішлі старэйшыя. А сённяшняя маладая мастацкая творчасць настолькі разнастайная, столькі ў ёй стыляў, накірункаў і пошукаў, колькі не было ў ёй, бадай, ніколі. Хіба што з 1920-мі можна яе параўноўваць. І мне вельмі цікава назіраць за гэтым збоку, не ўплываючы, без захаплення. Проста назіраць, думаць, прадказваць – у першую чаргу, для сябе самога: што з гэтага ўсяго застанецца?
Читать дальше