12 красавіка 1993 года.
Антыкамуніст, немец-перакладчык Норберт Р. падгаварыў слыннага паэта Анатоля С. прыбраць з вачэй бюст Леніна, што стаяў у холе на другім паверсе Дома літаратара. Анатоль здолеў не толькі зняць з двухметровай увышкі стэлы цяжэзарны бюст правадыра пралетарыяту, а і аднесці яго, прыткнуць носам у кут паміж канферэнц-залаю і прыёмным пакоем старшыні Рады Саюза пісьменнікаў.
А тут якраз пачалі падыходзіць удзельнікі міжнароднага семінара перакладчыкаў беларускае літаратуры. Запахла літаратурным палкоўнікам еўрапейскім скандалам.
Гукнулі яны свежаспечанага дырэктара Дома літаратара Віктара Л., якога паспелі ўжо ахрысціць “Вадаправодчыкам”, бо па спецыяльнасці ён, і праўда, быў сантэхнікам. Але той не змог нават зрушыць бюст і не прыдумаў нічога лепшага як прыкрыць яго зрэбнай посцілкаю.
А наступнае раніцы пад пагрозаю не падпісаць заявы на адпачынак ці нават таго-сяго зволіць сабраў дырэктар-сантэхнік каманду з шафёраў ды электрыкаў.
Цягнуць пралетарыі бюст Ільіча, а паэт за іхнімі спінамі здзекуецца: – Я адзін зняў, а вы, слабакі, і ўпяцёх паставіць не патрапіце!
Але памыліўся. Ледзь не адціснулі пралетарыі нагу свайму дырэктару, але ўзгрувасцілі гіпсавы стод на ранейшае месца.
А пяцідзесяцігадовы сантэхнік так упацеў, так сасмягнуў, покуль кіраваў палітычна-гаспадарчай акцыяй, што даў найменне “Смага” зборніку сваіх вершыкаў ды з маладым запалам кінуўся выдаваць яго ў “Бібліятэчку часопіса “Маладосць”.
14 красавіка 1993 года.
Пасля творчага адпачынку вяртаўся Янка С. з абхазскага “выраю”, з Дома творчасці і адпачынку “Піцунда”. Палёт праходзіў нармалёва, хіба што не надта камфортна пачуваўся пісьменнік сярод дэлегатаў усесаюзнай канферэнцыі, глушцоў і нямкоў ад нараджэння.
Раптам самалёт лёг на правае крыло і пачаў мяняць курс. Паміж радоў крэслаў паспешліва прайшла сцюардэса, а неўзабаве ў салоне прагучала абвестка, што па тэхнічных прычынах экіпаж мусіць зрабіць аварыйную пасадку проста на мора.
Глянуў спалатнелы Іван Данілавіч, а суседзі ягоныя ціхамірна дрэмлюць або па-ранейшаму бесклапотна вядуць свае дыялогі моваю жэстаў ды выразнай артыкуляцыі.
Вось тады на імгненне і пазайздросціў пісьменнік глушцам і нямкам.
Але, дзякаваць Богу, усё абыйшлося, і самалёт удала прызямліўся ў Адэскім аэрапорце.
15 красавіка 1993 года.
Сустрэў у рэдакцыйным калідоры Юрыя С. калега-літаратар Алесь Г. і са спачуваннем спытаўся: – Нешта ты пахмурны?
– Ды вось, браце, не шансуе апошнім часам… Жонка хварэла – тры месяцы пралежала ў лякарні. А цешча дык увогуле інфаркт перанесла й ледзь выкараскалася, – паспавядаўся Юрась. – Дый напісаў апошнім часам нямнога – усяго толькі дзьве гумарыстычныя аповесці…
13 ліпеня 1993 года.
Уладкавалася была на працу ў акадэмічны Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа жонка паэта Міколы М.
Прыйшла яна ў сектар, на непасрэднае мейсца працы, і вельмі пакрыўдзілася на прынятую там абрэвіятуру “жопіс”, якую адрасавалі супрацоўніцам – ЖОнкам ПІСьменьнікаў.
– Папрашу ня блытаць, – рашуча заявіла кабета. – Мой муж – не просты, не звычайны пісьменьнік, а паэт!
Загадчык сектара Аляксандр Мікалаевіч Б., якому расказалі пра жаночую крыўду, меланхалічна разважыў: – Ну што ж, калі яна ЖОнка ПАЭТА, дык давядзецца нам усім у адносінах да яе выкарыстоўваць іншую абрэвіятуру, іншае скарачэнне: “ЖОПАЭТА”!
21 студзеня 1994 года.
Славутая перакладчыца японскага клясыка Басё на расейскую мову Вера Маркава нарадзілася ў Менску. Гэта яшчэ адна нітачка, яшчэ адна містычная сувязь паміж Японіяй і Беларуссю, якіх, пры жаданні, можна знайсьці нямала.
Турыстаў у Японіі прывозяць на пляцоўку, адкуль відаць Фудзіяма, і пакідаюць там на некалькі гадзін. Тыя абураюцца: што мы будзем рабіць тут столькі часу?! “Сузіраць прыгажосць”, – чуюць яны ў адказ.
Пэўна, і ў беларусаў ёсць гэткае ж імкненне да цярплівага сузірання хараства. Спыніцца, засяродзіцца й сузіраць – гэта вельмі карысна. Любы беларус можа прыйсьці, прыкладам, да гарадзенскай Каложы і сузіраць гэты цуд гадзінамі. Альбо прыйсці да полацкай Сафіі, да Сынковіцкай царквы-крэпасці, няспеша абходзіць іх і падоўгу любавацца іхнаю красой. Альбо папросту ляжаць на спіне дзе-небудзь на ўзлеску і бясконца глядзець на аблокі.
Читать дальше