Дзверы рыпнулі, крыва загайдаліся на заржавелых завесах. У сянях было відна, паскі святла прабіваліся паўз дзіркі між кроквамі пабітай ветрам і дажджамі саламянай страхі, гойсалі па сценах, зазіралі ў кублы ды цэбры і тут жа выскоквалі зноў на волю. Пелагея аглядзелася.
Хата: сені ды адзіны пакойчык – самотнае жытло нябожчыцы Палашкі – якраз тое, што ёй зараз патрэбна.
Яна адшчапіла другую дзверыну, увайшла ў пакой.
Печ была на месцы. Гурба дроваў, не скарыстаных гаспадыняю, ляжала пад прыпекам. Тут жа, побач, стаяла прыслоненая да сцяны качарга.
Яна дастала з палка чыгунок, пераставіла яго на прыпек. Цяпер трэба было прынесці вады ды раскласці агонь.
На панадворку Васька, фурманаў унук, абіраў дзяды і цаляў імі ў галубоў.
– Васька, вады! – загадала яна і падала праз акно вядро. – А як прынясеш – пана Браніслава пакліч. Там у кошыку ягады, няхай прынясе. І цвікоў заадно прыхопіць.
Застаўшыся адна, яна развяла агонь і, пакуль дровы ўгараліся, агледзела вокны. Адно было пабітае, дзірка зеўрала акурат пасярод шыбы; яе заткнула рыззём. Затым узялася скрэбці чыгун.
Калі хлопцы прыйшлі, у яе ўсё было гатова.
Яна спаласнула чыгун прынесенай вадою, выліла бруднае, зноў наліла.
– Пастаў на прыпек, – загадала Бронаку, упетрыўшы невідушчы пагляд у полымя.
Ён выканаў загад – гэтаксама пакорліва, як рабіў усё для яе дагэтуль.
– Цяпер выйдзі і забі вокны дошкамі.
– Забіць дошкамі? – Хлопец сумеўся. – Што ты надумалася?
– Мая справа.
Бронак забіў вокны, у нерашучасці застыў на дварэ.
– Што з дзвярамі? – спытаў, не адважваючыся ўвайсці.
– Таксама забі. Сачы за дымам. Як пасвятлее, адчыніш.
– Добра, – пагадзіўся ён і зірнуў у шчэлку між дошкамі: у хаце было цёмна, і доўгі Пелагеін цень у водсвеце полымя здаўся яму падобным на прывід.
Марыя Іпатаўна адставіла кубак, затуліла твар шалем, гучна кашлянула.
– Добры напой, – сказала і ўзяла з падноса яблык. – Як называецца?
– Крамбамбуля, – закаркоўваючы штофік, адказала Пелагея.
– Але ж і назва! А адкуль рэцэпт?
– Андрэй Мікалаевіч прывёз з Дубраўкі. Марыя Іпатаўна грэбліва перасмыкнула вуснамі.
– Што толькі не прыдумаюць гэныя ліцвіны!
– Але вы самі кажаце, што напой добры.
– Кажу – бо праўда. Але гэта зусім не значыць, што ўсё іхняе добрае. Я не збіраюся сімпатызаваць зброднікам. Шляхта тая, ці як там яе, толькі і чакае моманту, каб зрабіць нам якую прыкрасць.
– А дзядзечку яна падабаецца.
– Во-во, падабаецца. – Твар графіні зрабіўся зусім чырвоны. – Спіць і трызніць як найхутчэй у Дубраўку ад’ехаць.
– У Дубраўку? Значыць, вырашылася-такі справа?
– Вырашылася. – Марыя Іпатаўна незадаволена зморшчылася. – Прапанавалі на выбар як удзельніку вайны адзін з маёнткаў, дык лепш не прыдумаў, як тое шляхцюцкае балота ўзяць. Уяўляю, што там за рэзрух.
– І хутка ад’язджаць?
– Праз два месяцы. Я не хачу ехаць. Тут звыклае ўсё, сваё і галоўнае – Алёшава часць побач. А там? Усё нанова трэба пачынаць. Ды хіба пераканаеш Андрэя Мікалаевіча!
– Можа, яшчэ і сам перадумае, – хаваючы радасць за ветліваю ўсмешкай, сказала Пелагея і зноў адкаркавала штоф. – Яшчэ, цёцечка?
Лекар Фокс ужо трэці тыдзень наведваў графіню, але хваробы прызнаць так і не змог. Марыя Іпатаўна паводзіла сябе неспакойна: то кідалася целам на сцяну, то пачынала дрыгаць нагамі, то раптам ускідвала ўгору рукі і махала імі да знямогі, быццам намагалася злавіць штосьці нябачнае ў паветры. Часам буйнасць рабілася невыноснай, тады лекар наліваў з прыгатаванага Пелагеяю штофа чарку напою, даваў хворай, і яна тут жа засынала.
Пелагея, як і Фокс, увесь гэты час не адыходзілася ад цёткі. І толькі калі на змену прыходзіў Андрэй Мікалаевіч, давала сабе адпачынак: ішла ў свой пакой і там, у ложку, да мятлікаў у вачах узіралася ў мапу. Да ад’езду ў Дубраўку заставалася яшчэ больш месяца, але на душы было трывожна. Як то будзе ў тым незнаёмым, адно з дзядзькавых аповедаў вядомым ёй месцы?
Заспакойвала тое, што граф меў намер узяць з сабою Дыбу. Значыць, Бронак таксама паедзе. А можа, і не – хто ведае, як далей усё складзецца? Пітво так слаба дзейнічае, і раптам Марыя Іпатаўна ачуняе і выканае пагрозу іх разлучыць?
Зрэшты, можа, і не ачуняе. Толькі б Фокс што не западозрыў. Ад гэтага ўніклівага немца ўсяго можна чакаць.
Напрыканцы трэцяга тыдня Марыі Іпатаўне палепшала. Але не цалкам: даймалі прыступы млоснасці, балела галава, звінела ўвушшу. І яна аб’явіла мужу, што ў Дубраўку паехаць не зможа, а застанецца ў Крайне да наступнага лета.
Читать дальше