У вайну тэж паскудна было. Перва маскаль наляцеў. Хранцуз далёка йшчэ быў, дык яны заўчэсня. Мальцаў у войска адразачку, а мужыкоў – рабаваць. Хлеб, яйко якое, млечына – усё выметуць. У пана Кандратовіча дзесяць коней узялі, жыта яшчэ чатыры падводы, срэбра. Самога ў крэпасць пасадзілі, паневаж [4] Бо (пол.).
проці йшоў. Але мы ня велька па ім бедавалі. Блаж быў пан, жулікаваты. Дзеўку каторую бедную возьмець у пакоі, яна й родзіць тады. Сам з польскага мовіў, і нам загадваў. Сястра ягоная, Канстанцыя, і Тамаш, брат, саўсім другое дзела.
Тады, посля троху, хранцуз прышоў. Пры шаблях усе, гунуровыя. Аканом панскі з маскалёў быў, дык яго застрэлілі адразу, каб не баразніў. Маладзейшых мужукоў у войска пабралі і знова цягнyць. Сто гарнцаў мёду з пасекі вывезлі, касцёл і цэркву ў мястэчку падчыстую вымелі.
Біліся дужа. У нас – не, нічога, а во ля мястэчка многа палягло. У ліпцы колька дзён чорна а чорна было ад дыму. Гарматы так білі – у вушох залягала. Многа палягло. Каторых шаблямі пасеклі, каторыя пад коней трафілі. Ранілі многа. З маскалёў адзін быў прыбіўшыся да нас ранены. Даглядалі яго, пакуль з падводай за ім не прыехалі. Посля, палепшаўшы, знова прыязджаў, без рукі ўжо. Бывала, ходзіць усё наўкол пакояў, разглядаець. Лядоўню дужа ўпадабаў.
Цяперака во калек многа, ля касцёла ў мястэчку ў нядзелю, як рабакоў тых у бруху. Ага, болі касцёлы ў нас, ксяндзы пры іх, клерыкі. Цэркваў тэж троху ёсці. Упярод, пры вуніі, начыя былі, пераробілі.
Зямля ўсякая: і пясок, і гліна. На пяску, як дождж, добра расцець, у сухое лета – па нізябінах. Сёлета дрэнь ураджай, авёс сам два [5] Паказчык ураджайнасці (сам – кратнае ад пасеву).
калі надойдзець. Арэх тока нішто. Арэхі добра: натрасеш увосень і ясі ўсю зіму.
Пакоі ня рушым, так стаяць. Анэгды прыязджалі з воласці, аглядалі. Бытта новы пан маецца прыехаць, а хто, скуль – невядома. Каб жа добры трафіўся.
Дзераўца гэта углісам [6] Угліс – выростак (літ.).
даўней называлі. А Кандратовіч як пасяліўся, адразачку флянец прышчапіў і году загадаў зваць. Як палякі адыйшлі, падгніваць стала. Дык адзін вухарац зрэзаў вяршліну і да дзічкі прышчапіў. І добра зробіў, а то шкода ж. Улетку ад слонца схувацца і паесць тэж. У вайну ягадамі ратаваліся. Расцець бо велькае і ягад многа. У галаву б’ець, праўда. Пры Кандратовічу, бывала, як што зайдзець з мужукамі, рабункі якія, – яго даець. Тады зразу і паспакайнеюць. Перад вайной было, былі ўзняўшыся, каб чыншу мені плаціць. Дык ён загадаў ахмістрыні раўгені наварыць і даў. Трое сутак спалі, як забітыя.
Вучыцца – не, ня вучымся. Пашто нам? Добра робіць – граматы не надабя. Чувалася, бытта збіраюцца адчыняць школу, а што з таго будзець, паглядзём. Мая Антолька да навукі здатная. Па ксёнжках чытаць наўчылася. Цяперака да ксяндза ходзіць катахізмаў цвічыць. Хваліць ксёндз, кажаць, разумная.
Назвіска [7] Прозвішча (пол.).
наша? Старынскія. Ага, тутака жывём, вун хата ля става…
1818
Кліны
– Перастань! – Пелагея вызваліла руку, нямоцна, больш дзеля прыліку, чым насамрэч, квэцнула хлопца па плячы. – Цётка ўбачыць, будзе нам абаім.
Бронак адсунуўся ад яе, стаў ля шафкі з парфумаю.
– Я рукі тваёй папрашу.
– Яшчэ што! Забудзься пра гэта. – Яна разгарнула складзеную ў чатыры столкі мапу, прыклала яе да вольнага месца на сцяне між акном і дзвярыма. – Вось тут добра будзе, праўда? Падай клей.
– Што гэта?
– Копія вайсковага ўмацаванага лагера. Дзядзечка прэзентаваў.
Бронак падаў клей.
Пелагея намазала іспод мапы клеем, прыціснула да сцяны.
– Зацяжкая, не хоча трымацца. Ці, можа, клей благі. Памажы мне.
Хлопец стаў ззаду, дыхнуў ёй у шыю, прыклаў далонь да мапы.
Пелагея рэзка павярнулася да яго, парывіста абняла.
– Каханне маё…
– А ты – маё, – вызваляючы галаву, каб паглядзець, ці зашчэпленыя дзверы, сказала Пелагея і ціха засмяялася.
– Пелагея, адчыні, чуеш? – Голас Марыі Іпатаўны дрыжэў ад абурэння. – Адчыні!
– Наўрэлі! [8] Папаліся, трапілі ў непрыемнае становішча (дыял.).
Хутчэй ты! – Пелагея паправіла сукенку, пайшла да дзвярэй.
Графіня ўвайшла ў пакой, падазрона бліснула вачыма ў Бронакаў бок.
– Я прасіла, здаецца, вас, пан Дыба, сюды не прыходзіць. Вы забыліся?
– Я… даруйце, графіня.
– Пан Браніслаў толькі памог мне павесіць мапу. – У Пелагеіным голасе чулася знаёмая Марыі Іпатаўне цвёрдасць.
Читать дальше