(“лысая сьпявачка” за сьценкай)
Ніхто ніколі ў жыцьці нікога ні да чаго. Сытуацыя такая, што даводзіцца секчы ад пляча. Няма часу на разважаньні ды высьвятленьні падрабязнасьцяў. Схапіўся за нешта, выцягнуў ды перажыў. А пасьля выкінуў ды рушыў далей. І зусім ня думаеш. Ні пра што ня думаеш, бо часу няма. Бо ўсё адно.
А ўвогуле сьцены – гэта найпрыгажэйшае ва ўсёй архітэктуры. Ідыёцкая думка? Не?! Ну, папросту для Васіля так яно і было насамрэч. Хлопец папросту захапляўся сьценамі. Яшчэ яму падабаліся такія тыповыя заводзкія, напрыклад, сьцены вялізных прадпрыемстваў, якія было відаць здалёк. А таксама бліскучыя плястыкавыя сьцены гіпэрмаркетаў. І яшчэ жалезабэтонныя пліты платоў. Менавіта такія, як на будоўлях новых станцый мэтрапалітэну. Гэткая маналітнасьць хвалявала. Васілёк заўжды адчуваў нейкую ўзьнёслую энэргію, што зыходзіла ад іх. Нейкі сымбаль непераможнасьці чалавечага духу. Вядома, што адным з улюбёных фільмаў быў The Wall, але гэта, зрэшты, тыпова. А нетыповасьць? Нетыповасьць была менавіта ў гэтым паэтычным успрыманьні сусьвету. (вельмі сьмешна). Можа, часам нават занадта паэтычным. Але галоўнае – усё для хлопца адразу набывала сэнс, нават нягледзячы на тое, што часам пазбаўлялася рэальных якасьцяў. Такая прага ірацыянальнага мусіла б выклікаць хваляваньне, але не было ў каго, ды менавіта таму не было і праблемы. Хлопец з празьмерна багатым унутраным сьветам пэрыядычна занырваў у яго з галавою і не сьпяшаўся паказвацца на паверхні.
Высокакваліфікаваныя дзеці роднай плянэты…
Белыя кветкі на паламаных галінах. Атрута.
Словы. Словы. Мэгатоны словаў. Бэмц!
Ты мне вось што скажы, даражэнькі ты мой…
Панна Марыя на сцэне…
Зьбянтэжаныя вожыкі ды іх сябры пад коламі хуткай дапамогі. Пад коламі з аптэчкі хуткай дапамогі… дажджамі…
Родненькія вы мае!
Шкляначка звышсакрэтнай чыстай неразьведзенай вады.
А сінякі знаходзілі дзесьці яшчэ на адну, ды не саромеючыся сваіх адвечных пакутніцкіх твараў, цягнуліся за шчасьцем. Васілёк стаяў ды паліў, ды глядзеў на дождж. Глядзеў на самаходы ды парасоны, што праплывалі па вуліцы, на сьцены ды вокны, на рэклямныя плякаты, на захапленьне і радасьць, на фарбы і вялікія прыгожыя літары, разглядаў дзіўную бурлівую паверхню лужыны. Гарачае летняе сонца папаліла ўсё лісьце, пакінуўшы ветру ды ападкам палёгку ў працы. Арка была вялікай, ды месца ставала ўсім. Сьпінжакі размаўлялі па тэлефонах, абяцалі ды ўсьміхаліся. Твары бабулек маўчалі. Аранжавыя строі дворнікаў, хусткі жанчын ды жоўта-сівыя вусы мужычкоў, людзі размаўлялі пра людзей, болей ім было і ня трэба.
Але нарэшце вада скончылася, нехта перакрыў кранік… і ўсё пачалося ізноў.
– Нават ня думай да мяне дакранацца!
– …што?! То бок, дакранацца?
– Не рабі выгляд, што не разумееш! Вылюдак!!! Я ўсё бачу! Усім вам трэба адно. Усе вы, сукі, хочаце забраць маю душу! Што, ня так?!!
– П-пра што вы кажаце?.. Я нічога не разуммею. Мы нават не знаёмыя.
– А ты што, яшчэ і знаёміцца зьбіраесься?! Я даўно заўважыла, як ты тут, казьляціна, шыесься! А ні гуя, сука! Не атрымалася!!! Ну што, не чакаў?!! А?! Не чакаў, гаўнюк?!! Толькі варухніся, вылюдак, толькі паспрабуй!!!
– Не крычыце! Не крычы!.. Што вы ад мяне хочаце?!! Пакіньце мяне ў спакоі! Не крычыце!!! Не!..
Халоднае лязо вельмі доўга гуляла ў паветры. Занадта доўга для таго, каб яе супакоіць. Зусім маленькі кавалачак сталі ды прыгожыя даўгія пальцы, што нэрвова сьціскалі штампаванага кітайскага цмока.
“Я віншую Вас! Вы выйгралі супэргульню!”
І ўсе разышліся. Усе вярнуліся да сваіх справаў. Ізноўку ўчапіліся ў свае жыцьці, нібы баючыся іх выпусьціць. Але ўсё гэта нармалёва. Васілёк таксама адарваўся ад сьценкі, мацюкнуўся пра сябе, абцер пабелку з курткі ды рушыў, рушыў, рушыў. Усё ж такі навокал адразу неяк пасьвяжэла. Добра, што пакуль яшчэ ня так халодна. Можна нават было падумаць, што на вуліцы ўсё яшчэ жнівень, ускраек лета, што зачапіўся вузкім абцасам за сталёвыя краткі на падлозе ля ўваходу ў падземку. Невядома што… Канечне, восень не магла пакінуць Васіля абыякавым. Яна сама па сабе давала куды больш задавальненьня, чым гэты ідыёцкі інстытут. Туды хлопец хадзіў толькі таму, што так хацела маці, ды і так – папісаць чаго на парах, а збольшага падпіць півалды з аднагрупнікамі. Так бы мовіць, падтрымаць кампанію. І тое не асабліва рэгулярна. А як жа яшчэ можна, калі на вуліцы палаюць дрэвы, а пад скураю раскаленай лаваю кіпіць усё тая ж маладая кроў. Па-іншаму і немагчыма.
Читать дальше