…Бабуля старая, ну вельмі старая, сядзіць ля суседняга пад’езда і выграваецца на сонцы, дзеці ці ўнукі штодзень, калі надвор’е спрыяльнае, зводзяць яе пад рукі з чацвёртага паверха і зносяць ёй кіёчак і лёгкую табурэтачку, яна сядзіць, моўчкі назіраючы за нашымі дзеяннямі, за мітуслівым рассоўваннем вянкоў па машынах – вянкоў вельмі многа, аж занадта, і хіба ціха радуецца, што зносяць не яе, яна вельмі хоча яшчэ жыць, а мы ўсе не разумеем, чаму і нашто… Яна хоча жыць проста так, без высокіх словаў і тлумачэнняў, таму што сядзець на табурэтачцы з кіёчкам у сто разоў лепш, чым ляжаць у труне, нават у замежным дарагім гарнітуры і лакіраваных чаравіках.
Мясцовыя новыя могілкі больш падобныя не на могілкі, а на пакой адпачынку на чыгуначным вакзале, дзе на некалькіх квадратных метрах нерухома ляжаць дванаццаць ці пятнаццаць асобаў. Помнікі на магілах пераўзыходзяць адзін другога памерамі, формамі, надпісамі і колькасцю ўкладзеных грошай, здаецца, жывыя хацелі кампенсаваць нябожчыкам усё тое, што калісьці маглі, а так і не далі. Ад месца вечнага супакою нават і не пахне вечным супакоем, мітусня і нервовасць штодзённага жыцця дабраліся сюды і, як шашаль паліцу, патачылі і пагрызлі веліч і сум гэтага невясёлага кавалка поля… Побач рухлівая галосная шаша, а за шашою ўвесь час сыкаюць, пішчаць і ляскаюцца манеўровыя паравозы…
На могілках раптам адчайна зазіхаціць сонца і разам паляцяць у паветры малыя павучкі на павуцінні, чапляючыся за галовы і насы прысутных, за вянкі, нядбайна зваленыя ля адкрытай магілы, за крыжы і крыжыкі – а на двары канец кастрычніка, і ўсе прысутныя яшчэ раз упэўняцца ў тым, якое прыгожае гэтае жыццё, і зразумеюць, чаму старая бабуля на двары перад суседнім пад’ездам так не хоча паміраць… Пачынаецца канчатковы этап развітання з нябожчыкам. Нехта з пахавальнай каманды, хто больш-менш валодае словам, стае каля труны і з паперкі агалошвае біяграфію нябожчыка: дзе, калі і што. Потым слова бярэ калега з апошняга месца працы, гаворыць вельмі ціха, запалохана і каротка, відаць, што такія рэчы ён робіць ну вельмі рэдка… Потым запаноўвае маўчанне. Удава незразумела каму, нібы сама з сабою размаўляючы, выціскае з сябе: «Можа, яшчэ хто хоча што сказаць?..» Але ніхто нічога не хоча, усё і так ужо ясна, толькі зіхаціць нязвыкла сонца і апантана нясуцца ў апошняе ў гэтым годзе падарожжа «кудысьці» маленькія адважныя павучкі.
Бацюшка, той самы, што быў на кватэры, падыходзіць да труны, кажуць, ён малайчына і вялікі разумнік, кандыдат філасофіі, выкладае ў новапаўсталым тутэйшым універсітэце, толькі калісьці рассварыўся са сваім праваслаўным начальствам у Жыровіцах і перайшоў да ўніятаў. Бацюшка прапануе сваякам развітацца з нябожчыкам, апырсквае яму і труну святою вадою і пачынае «Вечную памяць». Хлопцы-пахавальшчыкі зашрубоўваюць труну і ўсталёўваюць яе на нейкім прыгожым чатырохвугольным прыстасаванні з нержавейкі, пастаўленым над магільнаю ямаю, адзін з іх націскае на прыстасаванні адмысловы прыціск – і труна сама, вельмі, ну вельмі паволі, апускаецца, з’язджае ў магілу. Усе прысутныя проста слупянеюць ад уражання, а магільшчыкі задаволена разбіраюць прыстасаванне і хапаюцца за рыдлёўкі. Тры жменькі зямлі ўласнаю рукою трэба яшчэ кінуць у яму на вечка і адысці, каб даць магчымасць зрабіць гэта іншым. Хлопцы з рыдлёўкамі тым часам борздзенька закідваюць твайго сябру рыжаю зямлёю і фармуюць прыгожы бугорчык з крыжам, які потым прафесійна абстаўляюць вянкамі і букетамі кветак: ад сям’і і дачок – у галаву, усе астатнія – у ногі… Удава запальвае свечку і ўсталёўвае яе на магілу…
Доўга, вельмі доўга збіраюцца людзі на памінкі, кагосьці трэба па сто разоў угаворваць, хтосьці не можа, бо з працы адпрасіўся толькі на пару гадзінаў, а гэты тое, а гэты гэтае. Урэшце прыходзяць усе, нават тыя, каторыя бажыліся і кляліся, што не змогуць, і ў зале маленькай кавярні палаца культуры будаўнікоў раптам не стае месца. Афіцыянты пачынаюць даносіць крэслы і дастаўляць талеркі з нажамі і відэльцамі. Нарэшце апошні прыйшоўшы ўціскваецца паміж бабулькамі, і можна пачынаць хаўтуры. Першая чарка, нейкія словы, другая чарка, ізноў нейкія словы, на гэты раз ты гаворыш, і разумееш, што не так, крыху не тое трэба было казаць… гарачае, трэцяя чарка, і ўсё гэта неяк па-язычніцку, хутка, мітусліва, непатрэбна, як быццам нябожчык быў нічога не вартым нулём, а не дырэктарам неблагога малога прадпрыемства. Высвятляецца паміж чаркамі, што ёсць у машыне да мястэчка G. месца і праз пятнаццаць хвілін трэба ехаць.
Читать дальше