Так і сталася – дванаццатага снежня 1586 года каля сямнаццатай гадзіны ўвечары ў адным з пакояў Старога Замка з’явілася сумнавядомая цётка з касою і запрасіла слаўнага ваяра ў супольнае вечнае падарожжа, і ён ад нас пайшоў… назаўсёды.
Што пачалося пасля ягонае смерці!!! Не паверыш, дарагі Валерык!
Ён памёр вельмі нечакана для ўсёй Еўропы, у момант пачатку склёпвання вялікае антытурэцкае кааліцыі, таму што тыя туркі, у адрозненне ад цяперашніх, не гандлявалі кебабамі і таннымі скуранымі вырабамі на кожным кроку, тыя туркі вось-вось былі гатовыя без візаў і пашпартоў непрыемна здзівіць Еўропу сваёй колькаснаю прысутнасцю і прымусіць мірных бюргераў падзяліцца часткай свайго набытку – каму б гэта спадабалася? Таму ўсе больш-менш цвяроза рахуючыя еўраманархі на чале са Святым Айцом проста на каленях прасілі Баторыя: «Сцяпан Сцяпанавіч, мы табе і грошы дамо, і навабранцамі паможамо, і тэхнікай, ты толькі з гэтымі ерэтыкамі разбярыся, нешта пачні рабіць!», і бедны кароль Сцяпан пачаў, толькі запозна…
Ды яшчэ да таго старая Еўропа мела сваіх унутраных ворагаў хатняга гатунку – пратэстантаў, каторыя вельмі не любілі нашую святую маці – рыма-каталіцкую царкву – і яе вернікаў і шкодзілі каталікам па-чорнаму, калі ў тых нешта путнае атрымоўвалася, накшталт антытурэцкай кааліцыі. Пачалося гаварыцца ў голас, што ваяўнічага трансільванца атруцілі менавіта яны, лютара-кальвіны, таму што веліч аўтарытэту рыма-каталікоў ім заснуць не давала, і гэта сур’ёзныя людзі сцвярджалі, адукаваныя, не абы-што вам, прытым на еўрапейскіх дварах у кулуарах…
А што рабілася ў нашым мястэчку G. у пакоі замка, дзе перабывалі каралеўскія парэшткі? Тут пачаліся разборкі на мясцовым узроўні – Бучэла абвінавачваў Сімоніюша, а Сімоніюш Бучэлу ў некампетэнтнасці і зламысных дзеяннях у дачыненні да першай асобы ў дзяржаве. Яны лаяліся, аббрэхвалі адзін аднаго і ўжо гатовыя былі хапацца за калы ці рваць штыкеткі з плоту, каб учыніць хамскую бойку, калі раптам хлопчык гадоў трынаццаці па прозвішчы Сняжыцкі, сын селяніна з маёнтка Гарнастаевічы, вучань-выдатнік мясцовай лекарскай школы, мудра ўратаваў сітуацыю. Ён ім так сказаў: «Дзядзечкі, як не брыдка, тут яшчэ чалавек не астыў, ксяндзы з бацюшкамі модляцца, свечкі паляцца, а вы гаўкаецеся… нічога святога!!! Вазьміце лепш свае прымітыўныя хірургічныя інструменты і, пакуль нікога няма, парэжце Сцяпана Сцяпанавіча – там усё ў працэсе і высветліце!»
І што ты думаеш, дарагі Валерык, дзякуючы радзе разумнага падлетка гэтыя два ветэрынары зрабілі першае патолагаанатамічнае ўскрыццё ва Усходняй Еўропе і засталіся прыкладам для патомных і аздобаю нашае медычнае навукі.
Паўстала потым актуальнае пытанне – дзе ж будзе пахаванае цела караля і вялікага князя?
Сам нябожчык вельмі шанаваў нашае мястэчка і хацеў ляжаць у скляпеннях езуіцкага касцёла, які толькі пачалі будаваць на Высокім рынку. І ўсе былі не супраць – і месцічы, і падданыя, і местачковыя ўлады, не супраць выказваліся і самыя езуіты – дальнабачныя былі людзі, пралічвалі на некалькі соцень гадоў наперад, ведалі, што такое мартыралагічная турыстыка, але ў справу ўлезла кракаўская мафія на чале са старою непрыгожаю жонкаю Ганнаю: «Якое мястэчка G., які езуіцкі касцёл, што за хамства, што за правінцыйнасць, што за прымітывізм, мы такую пахавальню на Вавелі збудавалі, столькі грошай укінулі, аддавайце цела, бо будзе горш, да Гаагі дойдзем, калі што!» Так яны палохалі нашых мясцовых з год, і хабары з Кракава вазілі, і дзевак прыгожых падкладалі, і дарагім алкаголем апойвалі, і пасады цікавыя і грашовыя абяцалі, і нашыя лохі нарэшце паддаліся і аднойчы, пасля жалобнай імшы, урачыста адправілі на перакладных парэзанае цела Сцяпана Сцяпанавіча на Вавель…
Не, Валерык, з аднаго боку, я разумею, што парадак ёсць парадак, і калі ўсё высокае начальства ляжыць у горбе ў адным месцы, то зручней усялякія цырымоніі адпраўляць над ім, крапідлапакрапленні, імшы жалобныя і гадавіны, толькі ж у Кракаве столькі іх панапіхвалі пад катэдру, што ў вачах ад нябожчыкаў цёмна, і нецікава робіцца! Дый увогуле, нашых там замнога: на Рынку – стаіць Адам Міцкевіч з Наваградка, на надворку Вавельскага замка – Тадэвуш Касцюшка з-пад Косава на кані сядзіць. Сваіх герояў не было, то бачыш ты іх, хітрыя мазуры, у ліцвіноў пазабіралі…
Хай бы ляжаў Сцяпан Сцяпанавіч у нашым мястэчку, эх, я баюся нават уяўляць, як бы ён тут ляжаў і што б было!!! А то прыедзеш у Кракаў, прыйдзеш да ягонае магілы, а на ёй ані свечкі, ані кветкі, адно малыя венгерскія сцяжкі. Дый туркаў зараз столькі ў Еўропу панапрыпіралася, што так і хочацца крыкнуць галосна: «Дык за што ж нашыя продкі кроў лілі?» Не, не падумай нічога дрэннага пра мяне, Валерык, я там нікога ганяць за Басфор не збіраюся, дый часы не тыя, толькі калі на мяжы Чарнагорыі і Сербіі, у мястэчку Белае Поле, муэдзін нешта незразумелае крычыць з мінарэта, то сумнавата зусім мне робіцца, Валерык…
Читать дальше