Не зважаючы ні на што, гэта было цудоўнае відовішча. Для вачэй разгарнулася прыгожая панарама колькіх гор, узгоркаў і стромкіх абрываў, высланых штучнымі і натуральнымі газонамі, аздобленыя вялікімі садамі, памаранчнямі, шыкоўнымі кветнікамі. Рака Свіслач звівалася, быццам чорная гадзюка, якіх я ладна на глядзелася сваім часам дома, асабліва за родным бацюхнам Сажом. Уражвала неаднастайнасць свіслацкае плыні: то яна тулілася да пабярэжніцы, троху марудзячы, то быццам бы адхіналася ад сваіх берагоў, занікала ў даліне, каб потым з шумам і каскадам прабіцца на прастор і лянотна церабіць свой адвечны шлях далей праз камяністае ўзвышша. На гарах і ўзгорках красавалі будынкі: то высокія і шырокія, то вузкія і даўгаватыя, крытыя чарапіцаю (успамін пра Вялікае княства), то нарэшце чысценькія, ахайныя зялёныя і жоўтыя дамкі з чырвонымі дахамі, узорыстымі стаўнямі і кратаванай агароджай. Далей былі гаі і алеі гарадскога саду, размаітыя нязнаныя мне свецкія будынкі і царкоўныя спаруды. Мы мінулі застаўны дом ды шлагбаум (так званую рагатку), і ўрэшце я магла сказаць сама сабе: «Вось ты, Наталечка, і ў Менску! Вітаю цябе, незнаёмае места!». Папраўдзе, што я там ведала пра Менск?! Так, безумоўна, я чытвала да таго нешта ў Карамзіна і памятала, што першы ўспамінак летапісцаў пра Менск быў успамінкам пра ягонае знішчэнне паўднёварускімі князямі. У дзяцінстве мяне гэта надта дзівіла, бо малароскіх дзядзечак, каторыя ў Гомелі на Траецкім кірмашы прадавалі соль, я ніяк не магла ўявіць у ваярскіх рыцарскіх строях. То і мроіліся мне фурманкі, наладаваныя соллю, вакол старажытнага града, і чумакі, якія без памяці сыпалі “сіль” на Менск. Але ў кніжках пісалі пра кроў ды пра косці сыноў рускіх, і мне рабілася да напружання цікава – а з дочкамі што? Maman et papa нічога казаць не хацелі, зацікаўлення тутэйшай гісторыяй не ўхвалялі і засаджвалі мяне за фартэпіяна. І я іграла, зноў а зноў катуючы сябе нуднымі спалучэннямі нотаў. Дык жа атрымалася – няблага іграла…
Выйшаўшы з экіпажа я была троху разгубленай, збянтэжанай. Ведала, што вуліца Койданаўская, дзе мяне павінны былі прыняць хросная з мужам ляжала недзе паблізу. Але я не магла акілзаць спакусы хоць адным вокам глянуць на менскія вуліцы, балазе паклажу я мела нецяжкую. Стаяла я гэтак між Петрапаўлаўскім саборам і бэрнардынскімі мурамі, ня знаючы куды падацца. Увагу маю прыцягнула трохпавярховая спаруда, як падалося цыкляпічных памераў. То мусіў быць гасцінны двор, пра які ўжо чула ад сваіх родзічаў. Я подаўга разглядала сёе-тое з галантарэйных ды парфумных тавараў, пра што даводзілася чытаць у пецярбургскіх magazines для дамаў. Ды яно ўсё мне было не па кішэні. Ля крамак з садавіною, аднак, не ўстрымалася і набыла колькі грушак. Менавіта грушак, бо яблыкі выклікалі непрыемныя асацыяцыі ды ўяўленне, што імі абавязкова трэба кагосьці частаваць. Я ж да вакольнага люду прыглядалася з насцярожанасцю і недаверам. Запрыкмеціўшы, што на другім паверсе гандлююць чаем, ядвабам, сукном ды наагул усякім красным таварам, скеміла, што рабіць там мне таксама няма чаго. Ішла я, як памятаю, раз-пораз чырванеючы, бо была пераканана, што гляджуся смешнай правінцыялкай у месце, якое некаторыя не збаяліся ахрысціць беларускай сталіцай.
Хросная Серафіма Паўлаўна і яе сужонак Міхаіл Фёдаравіч прынялі мяне прыветна, справодзілі ў адведзены мне ўтульны пакойчык з нейкім падобствам пісьмовага стала і сапраўднай пуховай пярынай на ложку. Было зусім някепска. Даўшы магчымасць прывесці сябе пасля паездкі да ладу, цётачка запрасіла да стала. На стале чакаў курыны булён, свежыя пшанічныя булкі і яшчэ штось дужа смачненькае. Есці хацелася, але я адчула раптоўную стому, якая прынучала заплюшчваць вочы і пазяхаць, хаця і тое, і другое было абсалютова непрыстойным. Серафіма Паўлаўна, аднак, усё цудоўна разумела і сама казала мне ісці да сну. Падзякаваўшы, я гэта і зрабіла, пагатоў наступным днём мяне чакала гутарка з маёй будучай гаспадыняй – утрымальніцай пансіёна, дзе я мелася працаваць, спадарыняй Шрэйдар.
Сніла ж я той ночкаю чыстую нісянеціцу. Ні Гомель, ні дарогу, ні Менск, ні нават будучую сустрэчу. Сніла я жанчыну, якая нараджала, а вакол яе завіхаліся дзеўкі, і толькі павітуха была спакойная і суцяшала парадзіху добрым словам: «Не хвалюйцеся, усё гэта вам толькі сніцца». Малюнак расплываўся ў агнях ці то свечак, ці то паходняў. З вуліцы ў той пакой несліся невыразныя спевы ці то пра ваўкоў, ці то пра валхвоў. Потым быў дзіцячы крык і словы павітухі, скіраваныя чамусьці мне: «А дзіцёнак жа ў сарочцы нарадзіўся…».
Читать дальше