Вайніслава Баўта
Пісана ў Менску-Крывіцкім,
року 7911 / 6 стычэня, у 4 гадзіны 14 часін».
Я досыць непрыстойна ўсміхнулася. Загадак не паменела. Павнл не вытрываў-ткі і пераняў у мяне аркуш. Акурат прынеслі каўку і я мерна піла, назіраючы метамарфозы твару майго нарачэнага.
– Ну знаеш, Наталечка, гэта ўжо занадта, – прасіпеў ён.
– Што-о? – паспяшалася я пашыцца ў дурніцы.
– Якая такая тайна з адмарожанай шыбкай ? – абсалютова траціў раўнавагу Аляксандраў.
– Табе лепей відаць, – нахабна кінула я. – Ты ж з ім больш знаўся. А гэта выяўна нейкі рэбус: і золата, і вакно, і лічба года, і тое, што ліст адрасаваны менавіта мне, а не табе, спадару Мечыславу ці Ірэне Галавацкай.
Павел у момант асекся.
– Зірнеце вы, Мечыславе, – падаў ён пасланне доктару.
– О, без сумневу загадка! – усклікнуў ён.
Выходзіла, я падманвала іх абаіх, штурхала да фальшывых развагаў. Але год Боўт увачывідкі недарэмна такі няўцямны прытачыў.
Доктар памеркаваў бясслоўна хвіляў колькі, потым аглядзеўся па бакох і ціхутка прашаптаў:
– Усё ясна. Ён дае знаць, што забойствы маюць палітычны характар.
– Адкуль вы ўзялі? – сцепануўся Павел.
– Восьмы сказ! – урачыста прамовіў Загорскі.
– І што? – уздыхнуў мой бядотны нарачэны.
– «Залатая тайна двух» – унія, вобразна – шлюбнае таемства Літвы і Польшчы ў Рэчы Паспалітай Двух Народаў. Бязладныя, але залатыя часы. «Прыемнасць людскіх грахоў» і далей – шляхецкія вольнасці і сармацкія норвы шляхты. «Неабмерзшая шыбка» – незніштожаная гістарычная памяць. Аднак сувязь гэтых вобразаў са злачынствамі хутчэй за ўсё прыхаваная ў лічбах года. З імі якраз і давядзецца галавы надламаць.
Павел прыкметна распружыўся, але тым не менш спытаўся пра мяне:
– Аднак чаму ліст задрасаваны да Наталлі?
– Паспешлівасць, – самазадаволена ўсміхнуўся доктар.
Такія тлумачэнні задавальнялі і мяне. Так трэба.
Я бачыла, што нарачэны захапіўся новай забаўкай, і пансіянаркі, з ліку смялейшых, цікавіліся ў мяне пра цалкавітую задуменнасць Паўла Аляксандравіча. Спадарыня Шрэйдар зусім нечакана запыталася пра Вайніслава: «Говорят, że ваш friend jest verschwinden? Schweige heist złoto!». Усё клапацілася пра навучэнак. Мы патлумачылі, што ніякіх турботаў з нашым сябрам нямашака, што ён проста выехаў па справах прыватных у Юга-Западны край. Нашыя словы троху знялі ейную арупленасць. Праўда Павел з няведамай прычыны перад ёю стаў троху заікацца. «Што з ім? Не перад вечам жа ён слова дзержыць», – падумалася мне, і я схацела пацалаваць майго мілага небараку. Але ўчасна агоўталася, успомніўшы, дзе знаходжуся і каго больш за ўсіх на гэтай дзікай планідзе кахаю…
Мы падаліся да Людвіка Ляхоўскага бяз яснага разумення свайго візіту, але з некаторым роспачлівым спадзевам. Спадар Людвік цікавіўся даўняй гісторыяй грэка-рымскай ды нават егіпецкай у звязку з гісторыяй беларускай. Ён быў перакананы ды імкнуўся давесці іншым, што словы «Гамер» і «Гомель» аднакарэнныя, што «Іліяда» і «Адысэя» напісаныя на старажытных дрыгавіцка-радзіміцкіх дыялектах, а імя галоўнага героя апошняй – Οδιςευς – мусіла дакладней гучаць як Одычэюць , бо багі былі да яго за малым выняткам зусім одычэлымі . Зірнуўшы на нашую паперчыну, ён без адвалокаў спытаўся, з каторых часоў спадар Боўт стаў менаваць мяне на такі невымоўна ласкавы манер. Гэта ў Людвіка звычка была такая – маўчаць, назіраць, супастаўляць, каб потым выдаць нешта апрычоненькае, што і схавацца ад мыслі ягонай не было куды. Я глянула на яго, як Ксантыпа на Сакрата, і «дзеяпісец» увадначас забыўся пра свой запыт, угрызаючыся ў Славіны радкі. Затым ён узяў пяро і рабочую паперу ды пачаў на ёй штосьцекі крымзоліць, абярняся перакрэсліваючы з адчайлівым подыхам. Людвік быў адназначна не задаволены цяжкасцю раскрыцця сакрэтаў няўрымслівых лічбаў. Мы хвілін сорак бясслоўна назіралі за ягонымі ўпартымі высілкамі. Нарэшце яго вочы паяснелі, спадар Ляхоўскі ўсміхнуўся і прамовіў: «Гатова!» і ўзяўся тлумачыць нам някемным.
– Спачатку льга было падумаць, што год ад стварэння свету пазначаны, але ж 7911–5508=2403, што нам нічога не дае. Не буду вас стамляць астатнімі памылкамі, а перайду адразу да слушнага адказу. Зірнем яшчэ раз: року 7911 / 6 стычэня, у 4 гадзіны 14 часін, то бок дзель усіх гэтых лічбаў. Мяне збянтэжыла тут назва стычэнь , бо мне страчалася часцей народнае абазначэнне гэтага месяца студзень ці нават сцюдзень . Мабыць і спадар Вайніслаў ужываў мяноўна апошнія формы, бо ўнікаў…
Читать дальше