Спадар Драбышэўскі не прамінуў звярнуцца ў менскія паліцэйскія часткі, каб выясніць лёс Вайніслава. Бедны Чэслаў так нічагуські і не выхадзіў, бо ўсюдых яму адным знакам цвердзілі, што «ніякіх баўтоў» у ноч на сёмага не забіралі. Яны ж з Вайніславам напэўна былі някепскімі таварышамі. Міжсобку дзяліліся рознымі цікавінкамі. Я помню, што Чэслаў (а па-сяброўску – Чэсь) збіраў і апрацоўваў матар’ялы па народнай астраноміі, пісаў кнігу «Крывічанскае звяздарства» . А мой Аляксандраў, праўда, нашэптваў мне свае неўразуменні з той нагоды: «Неяк дзіўна стасуецца яго крывіччына з ягонымі ж яцьвягскімі элементамі ў гаворцы». Я з такіх словаў дзіву давалася мала, бо вельмі захаплялася ўсімі гэтымі планідамі, зоркамі і сузор’ямі, якія ў вуснах Чэся ставаліся Чагірамі і Мілавіцамі, Сітніцамі і Вазáмі, Кічагамі і Вайсковымі Станамі . Калі б я не ўлялюшчылася ў Вайніслава, то верагодна ўтрэскалася б у Чэся. Але па-праўдзе я пытаю сябе: ці не знік бы тады Чэсь гэтак жа, як прапаў мой раскаханы Славачка? Я ўзнімала свой пракудны голаў ды тупа зерыла ў студзеньскае неба. Зорны Кол калоў вока. Ваўчынае Вока ледзьве ліпела. Маўчала Нявеста , чыя я нявеста. Знічкі ляцелі, нібы абрывалася сэрца. Дзесьці далёка хвасты распушчалі мётлы -каметы, каб праз соткі гадоў аб’явіцца тут – па-над намі. “Іншыя людзі. Ці ходзяць яны па планідах? Ці церпяць ад болю кахання. Як мы?” – пыталася я. Адказу не было.
Чамусьці мы ўсе тады забыліся пра Славачкіну кантору. Узгадаў пра яе наш шаноўны доктар Загорскі. Ён завітаў туды, дзе яму адразу ж з ласкавым раздраженнем паведамілі, што спадар Боўт сваім коштам узяў сабе вакацыі і з’ехаў у Маларосію. О, мілы, чытачу, каб жа ты бачыў нашыя вочы пасля таго, як нашыя вушы пачулі тую навіну! Мы борздзенька рвануліся на кватэру «прапалага героя» (адрас таксама доктар выцыганіў) у доме на Стара-Віленскай. Гаспадыня нас сустрэла абыякава. Гаварыла, здаецца, па-беларуску, але неяк дзіўна і да таго ж абрывіста, з паўзамі. Яна паясніла, што язык ня толькі да Вільні, але й да Кіева дапытаць здатны . Шырэй ад сусвету раскінулася нашае здзіўленне. Не паддавалася розуму, чаму Вайніслаў нічога нікому не сказаў, і што ўрэшце такое адбылося ў Лошыцы на Цярэшку ? Спектакль? Але дзеля чаго? Гаспадыня перарвала нашыя тлумныя перагляды:
– А вашэцю, чы не Наталяю клічуць?
– Але, – ледзь чутно адказала я, адчуваючы нейкую ўтоеную небяспеку, што раптоўна паўставала сваёй явай.
– Клыкоўская?
– Так, – сказала я яшчэ цішэй, чакаючы самага горшага, бо позірк Паўла пляжыў літаральна кожную маю вузачку.
– То для вашэці маю ліста , – жанчына нават усміхнулася, наўмысля робячы мне такое вось паскудства. Я у момант узненавідзела гэтую саву і ейны няпэўны ўзрост, які мог не замінаць ёй быць з Вайніславам не проста гаспадыняй кватэры, але і сябрыхай дзён яго суворых у самым непрыстойным разуменні гэтых пушкінскіх радкоў. Совы заўжды ўдаюць нешта іншае. Зрэшты, хто ж не без бервяна ўваччу? Але ўсё адно… [5] Прагал у тэксце (зацем С. Б. ).
Павел Аляксандраў гатовы быў мяне з’есці без сыру і маянезу, аднак прысутнасць доктара Мечыслава не дазваляла гэта ўчыніць. Мы зайшлі ў шынок (можа «Красны»), дзе я нарэшце распячатала пасланне ад Вайніслава. Мне дужа не хацелася зачытваць яго ўголас, і мае кампаньёны, на дзіва, далі магчымасць прачытаць вестачку вачыма. Змест я памятаю дасканала да сёння, бо ліст захоўвала цягам чвэрці стагоддзя, пакуль яго не скраў якісь злодзей разам з куфэркам маіх каштоўнасцяў.
«Дарагая Наталюся!
Думка аб тоя, што я прынучыў Вашу перажываці за маю бядацкую парсуну, не астаўляе мучыці міне. Спяшу паведаміць Вашу, што я жыў-здароў, а скрыўся ад усіх воч таго для, каб пакусіцца распутаці клыбок праступленняў, каторыя чыняцца ў Менску. Два ўбіўствы жанок, я маракую, саўсём не апошнія. Хаця я буду сіліцца, што ё могі, каб новых смярцей не дапусціць. Пісьмо гэта, гаспадарыня Наталя, чытацьмеш тым урэмем, колі я ўжэ буду атпраўляцца з Кіява да Менску. Мне трэ было паглядзеці такі-сякі бумагі й кніжкі, каторыя ўспамогуць раскрыць тыя пачварныя праступленні.
Ня многа мінула ад часу залатое тайны двух, але здаецца так даўно была тая праўдзівая прыемнасць людскіх грахоў і палавіна неба ў адамантах праз неабмерзшую шыбку.
Але ж ня ішчыця міне ў Менску, бо я таіцца буду. Так трэба. Жычу Наталі здароўя й добрых думак. Няхай гаспадарыня будзе пракананая ў шчэрай прэданасці Вашага
Читать дальше