Хадзіла котачка ў жыта,
Чорная сцежачка ўбіта…
Але вочы яго свяціліся замілаваннем і лагодаю. Я дакладна ведала, што мушу выбраць толькі яго і нікога іншага. Бо інакш усё скончылася б грандыёзным скандалам. А скандалу я страшылася, як чорт маскаля .
Сталі высвятлць пáры. Дайшла чарга да Паўла. Спадарыня Цюндзявіцкая запяяла:
Білася шаўчыха з шаўцом,
Выбіла тры зубы чапцом…
Павел паказаў на мяне і узяўся за пахвальбу:
Высока арол ляцеў,
Далі мне каго хацеў…
Паводле правілаў я павінна была ўцякаць, выяўляць нязгоду, кпіць з гэнага дзядулечкі . То і пабегла я наўздзіў жвавенька, не забываючыся цвердзіць:
За ракою сучка брэшыць,
Мой дзедзька пяхотай чэшыць…
Хацеў, дык спаймаў. А як жа ж? Ажаніліся. Павел да непрыстойнасці цалаваўся са мною, і я зусім праграчыла, як ля таткі з мамкай апынуўся Славачка. Быў ён абсалютова спакойны. Татка акурат даспяваў:
Цярэшку бяда стала,
З кім яго жана спала?
Я імгненна пачырванела, як бурак. Аляксандраў, калі і прыкмеціў гэта, дык уважыў баржджэй за хвалю майго жадання да яго. Улесціўся, адным словам. Слава ж вагаўся з выбарам, і мамка зарызыкавла звярнуцца да грамады: «А мо’ спытаемо ў дзяўчат?» . І вомільгам ля майго каханка апынулася гэтая нахабніца Ірэна Галавацкая з выкшталцоным, што праўда, спевам:
У калодцы вады чэрпала,
Упусціла туды зеркала,
Упусціла скалыхнулася,
Палюбіла не абмыхнулася…
Вайніслаў збянтэжыўся з такога павароту, але не адмовіўся ад нявестухны, хаця і меў згодна з умовамі усе правы на падобны крок.
На небі зорачка ясна,
У суседа дзевачка красна.
Божа мой, галоўка баліць,
Як мне дзеўку тую злавіць…
Злавіць было вельмі проста, бо спадарыня Ірэна нікуды не ўцякала, а сама павісла дзядулечку на шыю і палезла цалавацца. Я ледзьве адгаварыла сябе ад крыку. «Глядзі, якая цудоўная пáра, – прашаптаў мне ў вушка Павел. – А думалася ж, што яны не трываюць адно аднаго». Што яшчэ яму тамака думалася?
Свята было ў самым розруху. Дудар наярваў вясёлыя мелодыі. Заставалася перажаніць яшчэ колькі параў, калі на дварэ ўсчаўся шум і нехта загрукаў у дзверы. У хату шчыльна-густа ўвайшлі паліцыянты, а старэйшы ў чыне, назваўшы сябе, запытаў пра спадара Вайніслава Баўта. Славачка адразу ж азваўся. Яго папрасілі апрануцца ды ісці следам за імі. Падначаленыя павялі майго палюбоўніка вонкі. Старэйшы забавіўся, аглядаючы ўбранне хаты. Яго, вераемна, цікавіла наява польскіх сцягоў, гербаў, спяванне польскіх гімнаў. Зразумела, што ні першага, ні другога ён не ўбачыў, а трэцяе на сценах вісець не магло. Выгляд прысутных быў надта стракатым, але нават забароненай польскай вопрпаткі ні ў каго не назіралася.
– Пра што спяваеце? – спытаў-такі паліцыянт.
– Пра святое нішто, – насмеліўся спадар Дарэўскі.
– Як стаіць справа з гэтым Нішто? Ці не ёсць ён уніяцкім святым? Унія, каб вы ведалі, скасаваная, – заплявузгаў жандар, бесцырымонна закурыў і дадаў яшчэ, звяртаючыся да дудара. – Калі вы таго не помніце, то слухайце і запішыце сабе ў альбом – уніі няма. Адлучаныя гвалтам, вярнуліся любоўю.
З тым злосным гонарам ён пакінуў хату.
Толькі тады ўсе ў вобміг вока сцямілі, што былі нібыта зачараваныя і ні на каліўца не запярэчылі затрыманню Вайніслава. Спадары Драбышэўскі, Ляхоўскі ды мой дзядулечка , апамятаўшыся, выбеглі на падворак, але нікога не засталі. Сяляне здзіўлена паціскалі плячыма і казалі, што наагул нікога тут не бачылі, а пагатоў паліцэйскіх саняў. Ірэна выскачыла на двор ды закрычала без асаблівага стрымлівання эмоцыяў. Рэха ейнага ляманту рэзала вуха, і слязой роспачы аздобіўся мой сумны твар. Хто забраў Славачку?
Доктар Акімовіч-Загорскі параіў збянтэжанай грамадзе ўсё ж зладзіць пагоню ды хоць бы спраўдзіць: а) ці быў сп. Боўт сапраўды затрыманы? б) ці быў сп. Боўт затрыманы сапраўды? в) ці быў сапраўды затрыманы сп. Боўт? Такі рэбус нашых мужчынаў раз’юшыў, але яны volens nolens паслухаліся парады. Драбышэўскі, Абуховіч ды небарака Аляксандраў рушылі на санях у бок Менску. У хаце заваладарыла трудлівае маўчанне. Нехта з жанчынак урэшце не вытрываў, зацягнуўшы тужлівую народную песню аб падзеях даўніх год. Песня проста вымала сэрца:
Ляжаць нашыя жаўнеры
По тры, по чэтыры.
Ляжыць, ляжыць пан Касцюшка
Аж пад белым стогам
Читать дальше