Па спіне Міхала прабег халадок. Ён прыгадаў ранішнюю прагулку і тое пачуццё небяспекі, якое апанавала яго на ўзлеску.
– Прывіды! Чаго толькі ні прыдумаюць людзі, каб не працаваць, – усміхнуўся дзядзька. – Я ні ў якіх прывідаў не веру. Па нашых лясах, пэўна, французскія дэзерціры ды марадзёры рознага гатунку бадзяюцца. Вось гэтая свалата можа ўяўляць пэўную небяспеку. Але ж такім марозам наўрад ці хто доўга на дварэ працягне.
– А ведаеце, панове, прывіды не такая ўжо смешная тэма, – узяў слова брат Крыштоф. – На гэты конт у мяне ёсць адна цікавая гісторыя, якой я хачу з вамі падзяліцца. – Усе, хто быў за сталом, скіравалі сваю ўвагу на плябана. – Вядома, што для касцёла няма паняткаў «свой» ці «чужы» – усе людзі роўныя перад Богам. Таму ордэн падчас вайны даваў прытулак усім, хто прасіў нашай дапамогі. Не зразумейце мяне няправільна, пане сенатару, – брат Крыштоф лёгка нахіліў галаву ў бок Міхала, – але былі сярод такіх і жаўнеры Напалеона.
– Ні ў якім разе. Вашая міласэрнасць робіць вам гонар, – Міхал пакланіўся ў адказ.
– Я хачу расказаць вам пра адзін дзіўны выпадак, што адбыўся падчас нядаўняга адступлення.
Плябан адклаў прыборы, зрабіў глыток віна з келіха і працягнуў: – За некалькі дзён да бамбардавання ў наш кляштар прынеслі параненых салдат. Мы размясцілі іх у нашым шпіталі, пад які давялося прыстасаваць яшчэ і некалькі манаскіх келляў. Сярод параненых быў афіцэр у цяжкім стане. Выбухам яму адарвала руку, і да таго ж ён пакутаваў ад ліхаманкі. Паранены быў неспакойны і трызніў. Браты па чарзе дзяжурылі пры ягоным ложку. Але час ад часу стан афіцэра паляпшаўся, і ён мог гаварыць. Дык вось, аднойчы, калі падышла мая чарга глядзець за параненым, афіцэр быў у прытомнасці і паміж намі адбылася гутарка. Ён сказаў, што яго завуць Мартэн Кале і родам ён з Валоніі. Даведаўшыся, што і я таксама ўраджэнец тых земляў, афіцэр вельмі ўзрадваўся. Не ведаю, ці таму віной ліхаманка, ці проста радасць ад сустрэчы з земляком, але тады Мартэн прызнаў мяне за свайго далёкага суродзіча. Я не стаў яму пярэчыць, бо разумеў, што гэта мо апошняя радасць у ягоным жыцці. Мартэн доўга расказваў пра свой дом, сям’ю і пра тое, як я нібыта прыязджаў да яго ў госці. Я сядзеў пры ложку і праціраў вільготнай анучай ягоны гарачы лоб. Праз некаторы час афіцэр змоўк, і я падумаў, што ён хоча адпачыць. Я ўжо збіраўся адысці, але Мартэн раптам схапіў мяне за руку і пацягнуў да сябе. Ён прашаптаў мне: «Крыштоф, паслухай мяне. Ты павінен паверыць мне. Гэта ўсё прывід. Прывід пракляў мяне, і цяпер я паміраю. Я… мы былі ў Маскве. Пад Масквой. Мы знайшлі там… Я раскажу…» Тое, што ён апавёў мне тады, было надзвычай цікавым і… – Крыштоф на імгненне задумаўся, – …і страшным.
Усе, хто сядзеў за сталом, даўно перасталі есці і ўважліва слухалі плябана. Ні стукату прыбораў, ні шоргату і рухаў, поўная цішыня. Калі плябан змоўк, каб зрабіць яшчэ адзін глыток віна, у пакоі можна было пачуць, як патрэскваюць агеньчыкі на свечках у насценных свяцільнях.
– Мартэн расказаў мне пра сакрэтны атрад, які складаўся з адных толькі афіцэраў і ў якім быў ён сам. Кіраваў атрадам Жазэ дэ Венон – археолаг з Парыжа, якому на вайне надалі капітанскае званне. Наколькі я зразумеў, мэтай гэтага атрада быў пошук скарбаў расійскіх цароў у захопленай Маскве. У тым ліку яны шукалі знакамітую бібліятэку Івана Жахлівага. Атрад быў раскватараваны на тэрыторыі маскоўскага крамля. Штодзень Мартэн займаўся тым, што разам з іншымі афіцэрамі лазіў па крамлёўскіх падзямеллях, перабіраў каменне, пераварочваў горы смецця ды струхлелага ламачча. Гаворачы гэта мне, Кале з вымучанай усмешкай заўважыў, што іх кіраўнік – капітан дэ Венон – сур’ёзна называў усю гэтую брудную працу археалагічным вышукам. Мартэн расказаў, што аднойчы, на загад дэ Венона, афіцэры пачалі разбіраць кавалак сцяны ў склепе аднаго з сабораў. Як толькі мураванне было парушана, стала зразумела, што за замшэлымі цаглінамі схаваны сакрэтны ход у сутарэнні. Капітан быў узрадаваны гэтай навіной і загадаў адразу ж па заканчэнні работ спускацца ў лабірынт. Мартэн спускаўся апошнім. У адной руцэ ён трымаў паходню, а другой трымаўся за сцяну. Ход выявіўся досыць высокім, таму можна было ісці не прыгінаючыся. Некалькі разоў тунэль разгаліноўваўся. Тады дэ Венон, паводле толькі яму вядомай методыкі, вызначаў патрэбны кірунак. Атрад доўга блукаў па сутарэннях, і Мартэн пачаў думаць, што ўжо ніколі не выберацца адтуль вонкі. Ён расказаў, як адчуваў на сабе чужыя позіркі, хоць у лабірынце атрад не сустрэў ніводнай жывой істоты. Не было там нават пацукоў, што напаўнялі іншыя крамлёўскія сутарэнні. Мартэн пачаў пастаянна азірацца і ўглядацца ў цемру. Адзін раз яму нават падалося, што ён бачыць фігуру за паваротам тунэля. Мартэна апанаваў страх. Ён зразумеў, што значна адстаў ад сваіх, і паспяшаўся нагнаць атрад. Як толькі ён параўняўся з апошнім афіцэрам, наперадзе пачуўся голас. «Знайшлі!» – пракрычаў Жазэ дэ Венон, калі першым увайшоў у падземную крыпту. Хутка следам за ім у памяшканне прабраліся астатнія чальцы атрада. Мартэн казаў, што ўнутранае ўбранне крыпты было ўкрай сціплым. Неапрацаваныя каменныя сцены, масіўная гранітная скрыня – вось і ўсё, што было ўнутры падземнага сховішча. Дэ Венон неадкладна загадаў самым дужым мужчынам з атрада зрушыць цяжкое вечка. Як толькі каменная пліта трохі адсунулася, са скрыні пачаў вырывацца задушлівы газ. Крыпта была досыць цеснай і хутка напоўнілася брыдкімі выпарэннямі. Афіцэры закашляліся, але не спынілі работы. Вечка было скінута. Пад ім, на жаль, знайшліся не гурбы золата і не старажытныя фаліянты, а спарахнелы мужчынскі труп. Капітан быў абураны гэтым фактам. Ён загадаў ператрэсці ўсю крыпту ў пошуках каштоўнасцяў, але дадатковыя высілкі плёну не далі. Брудныя і стомленыя афіцэры пачалі збірацца да выхаду. Дэ Венон ніяк не мог супакоіцца і працягваў капацца ў саркафагу. «Трэба ісці», – агучыў тады Мартэн думкі ўсяго атрада. Мужчыны выбіраліся з сутарэнняў той жа дарогай. Афіцэр зноў ішоў апошнім. У тунэлі ён азірнуўся і заўважыў цьмянае святло, што напаўняла пакінутую крыпту. Спачатку Мартэн падумаў, што гэта нехта забыў унутры запаленую паходню, але святло, што лілося з прахону, мела мала агульнага з водбліскамі агню. Афіцэр бачыў, як з няяснага святла фармуецца, нібы з цеста, празрыстая фігура – чалавечая постаць. Мартэн развярнуўся і ўжо больш не азіраўся. Ён прызнаўся мне, што баяўся тады нават дыхнуць. Ён быў упэўнены, што пабачыў прывід. «Гэта быў нябожчык з каменнай скрыні… Дакладна ён…» – сказаў мне афіцэр і скруціўся ад моцнага прыступу кашлю. Я падаў яму вады і змяніў кампрэс на ілбе. Праз хвіліну Мартэн зноў мог гаварыць. Ён расказаў, што пасля выхаду на паверхню капітан дэ Венон надоўга пакінуў іх атрад. Археолаг выправіўся ў стаўку імператара з дакладам. Таму цэлы тыдзень афіцэры маглі спакойна адпачываць. Неўзабаве французскія войскі пачалі рыхтавацца да адыходу з Масквы. Атрад дэ Венона далучыўся да асноўных сілаў. Спачатку мужчыны трымаліся разам. Але потым прыйшоў загад камандавання, і атрад расфармавалі. Усіх афіцэраў прызначылі на камандныя пасады ў нейкім з палкоў. Калі захварэў адзін з іх – малады віконт Мішэль Пірэ, – Мартэн даведаўся пра гэта першым. Афіцэр разам з іншымі чальцамі пошукавага атрада часта наведваў маладога чалавека ў перасоўным шпіталі і з жахам назіраў за тымі зменамі, што адбываліся з Мішэлем падчас хваробы. Хлопец хутка губляў вагу, ягоныя некалі ружовыя шчокі ўваліліся і збялелі. Афіцэр разказваў мне, якімі чырвонымі і сухімі зрабіліся вочы маладога чалавека. Такія самыя вочы я сам мог назіраць у Мартэна падчас нашай з ім размовы. Малады афіцэр страціў магчымасць гаварыць, увесь час мычэў і калыхаў рукамі. Чым далей заходзіла хвароба, тым больш буяным і неўтаймаваным рабіўся Пірэ. Ён пачаў кідацца на наведнікаў і аднойчы ўкусіў за руку лекара, які спрабаваў яго пакарміць. Мішэль не змог сачыць за далейшым лёсам маладога афіцэра, бо іх полк увязаўся ў сутычку з нерэгулярнымі сіламі праціўніка. Афіцэру давялося прыняць камандаванне невялікім атрадам уланаў. Пазней ён чуў ад знаёмых, што дэ Пірэ сканаў недзе пад Смаленскам. Адступленне было неймаверна цяжкім. Штодзень войскі зазнавалі напады партызанаў або хуткаконных казацкіх атрадаў. Але якім бы стомленым афіцэр ні быў, ён пачаў заўважаць у сябе прыкметы той хваробы, што загубіла маладога Мішэля. Ён з цяжкасцю мог хадзіць, страціў рэакцыю, пакутаваў ад мігрэняў. Да яго даходзілі весткі, што шмат хто з былога пошукавага атрада гэтаксама злёг ад невядомай заразы. Да таго ж, некаторыя салдаты з ягонага палка звярталіся да лекара з падобнымі скаргамі. У адной з бітваў Мартэн трапіў пад абстрэл і быў моцна паранены ў руку. Палкавы лекар, нядоўга думаючы, адсек знявечаную канечнасць і праз адсутнасць магчымасці выхадзіць параненага ў палявых умовах, загадаў салдатам пакінуць афіцэра на ўтрыманне літасцівых манахаў. Так Мартэн апынуўся ў нашым кляштары. Скончыўшы свой аповед, афіцэр расплакаўся. Я ўзяў яго за руку і паспрабаваў супакоіць. Ён стагнаў і енчыў, што не хоча паміраць. Мартэн сцвярджаў, што смяротная хвароба, ад якой сканаў малады Пірэ і ад якой пакутуе ён, насланая на іх атрад маскоўскім прывідам. Што гэта праклён за тое, што афіцэры пасмелі патрывожыць ягоны спакой у закінутай крыпце пад крамлём. Мартэн аддаў размове шмат сіл і неўзабаве заснуў. Я ціха памаліўся над ім і пакінуў ляжаць на ложку. Праз некалькі дзён пакутлівай ліхаманкі афіцэр памёр. Следам за ім з жыцця пайшлі і два жаўнеры, якіх прывялі разам з Мартэнам. Браты аднеслі ўсе целы на кляшторныя могілкі. Зямля не паддавалася заступам, бо прамерзла на добрыя чатыры футы ўглыб, таму нябожчыкаў проста паклалі за агароджай і прысыпалі снегам, каб пахаваць пасля, калі пацяплее. На наступны дзень пачалося бамбардаванне. Мы хаваліся за моцнымі мурамі кляштара і маліліся, каб боская абарона выратавала нас ад бязлітасных гарматных ядраў. Бог паслухаў нас. На наступны дзень мы выбраліся з будынка. Браты, якія наведвалі могілкі, расказалі мне, што целы афіцэра і французскіх жаўнераў зніклі. – Плябан на імгненне задумаўся. – Хутчэй за усё нябожчыкаў разарвала на шматкі пры адным з мноства выбухаў таго страшнага дня.
Читать дальше