– Я цябе прасіў асцярожна перанесці ўсё ўніз, а ты, цямцюр гэткі, палову тут вывернуў, – лаяўся дзядзька. Конюх нешта мямліў у адказ, але Міхал яго не чуў. – Вот жа, рукі крывыя, – не сунімаўся гаспадар, – лепей пакінь усё як ёсць, толькі прыкрый больш ад марозу.
– Можа мне хто дапамагчы? – гучна прамовіў Агінскі. Дзядзька, які стаяў да яго спінай, страпянуўся і рэзка развярнуўся. Міхал паспеў заўважыць цень страху ў дзядзькавых вачах, які праз імгненне змяніўся радасцю пазнавання. Гаспадар махнуў рукой у бок Ерамея і з непрыхаванай злосцю ў голасе прагаварыў: – Гэты недарэка, Ярома, развярнуў бонду з зернем. А ў мяне яго не так шмат, каб раскідвацца! – Дзядзька павярнуўся да конюха: – Давай, дурыла, памажы Міхалу, што стаіш?
Хлопец падхапіўся, прыняў лейцы з рук графа і павёў каня ў стойла. Міхал заўважыў, што далоні Ерамея былі запэцканыя нечым чорным.
– Як прагулка, Міхале? – стары граф рашыў змяніць тэму.
– Добра, – схлусіў Міхал. Разам з дзядзькам яны накіраваліся да выхаду са стайні.
– У мяне для цябе цудоўная навіна, – усміхнуўся дзядзька, – Памятаеш, ты мне расказваў пра манахаў-трынітарыяў, што памагалі пагарэльцам у Маладэчне? Наколькі я памятаю, ты хацеў выказаць ім падзяку, ад імя… – былы інсургент запнуўся і апусціў вочы долу, – імператарскай улады.
Абодва Агінскія сталі на ганку замкавага палаца.
– Дык вось, Міхале, – працягнуў дзядзька, – плябан маладэчанскага кляштара брат Крыштоф прыняў маё запрашэнне на сённяшнюю вячэру.
– Выдатна. Такія людзі, як брат Крыштоф, вартыя бязмежнай павагі. Я падзякую яму як асабіста, так і ў афіцыйнай форме, – Міхал зрабіў асаблівы націск на апошніх двух словах.
Стары граф некалькі секунд стаяў моўчкі. Ён вагаўся, ці варта працягваць непрыемную тэму.
– Добра, Міхале, пайду я на кухню ўзгадняць стравы да вячэры, – няўпэўнена махнуўшы рукой, дзядзька адчыніў дзверы і зайшоў унутр палаца. Міхал пачакаў, пакуль дзядзькавы крокі сціхнуць у далечы калідора, і ўвайшоў следам.
* * *
Брат Крыштоф з’явіўся ў замку ў суправаджэнні двух манахаў. Служка, пастаўлены сачыць за прыходам гасцей, здалёк заўважыў тры фігуры ў чорных плашчах, яны марудна сунуліся занесеным снегам маладэчанскім трактам. Пакуль манахі адолелі рэшту дарогі, у замкавым палацы было ўсё гатова да іх сустрэчы. Слугі дапамаглі манахам распрануцца і правялі тых у гасцёўню. Ля дзвярэй іх прывітаў гаспадар. Міхал Клеафас і кашталян Юзаф стаялі воддаль, пры сервіраваным стале.
– Шаноўны браце, я рады бачыць вас у сценах майго сціплага жытла, – дзядзька схіліўся, каб пацалаваць руку святара.
– Вітаю паважаных гаспадароў, – плябан – ладны мужчына арыстакратычнага выгляду – апусціў галаву ў паклоне. – Жадаю, каб не абмінула вас ласка Божая. – Брат Крыштоф азірнуўся на сваё суправаджэнне. – Спадзяюся, прысутнасць брата Валянціна і брата Мікалая не прынясе вам дадатковага клопату. Часы ў нас цяпер неспакойныя, і кожная выправа за межы кляштара можа быць небяспечнай для адзінокага падарожніка.
– Ні ў якім разе. Нам вельмі прыемна прымаць вас усіх у нашым доме. Прашу, сядайце, – дзядзька жэстам паказаў манахам на месцы ў галаве стала.
Усе расселіся. Слугі прынеслі першую змену страваў і напоўнілі келіхі віном. Міхал, які сядзеў праваруч ад брата Крыштофа, падняў свой келіх і прамовіў: – Я хачу выпіць за самаадданасць вашага ордэна, што нават у самыя цяжкія часы не перастае рупіцца пра вернікаў. Днямі я наведаў мястэчка і пабачыў, як браты-трынітарыі дапамагалі маладэчанцам. Дазвольце мне выказаць вам словы падзякі ад мяне як жыхара тутэйшых мясцінаў, і ад мяне як сенатара – прадстаўніка імператарскай улады. Хай мне часцей даводзіцца бываць далёка адсюль, але сэрцам я адданы нашай зямлі, і мне вельмі прыемна ведаць, што яна знаходзіцца пад надзейнай абаронай. Віват, трынітарыі!
– Віват! – падхапілі дзядзька і кашталян.
– Гэта наш святы абавязак, – Крыштоф сціпла апусціў вочы.
Талеркі едакоў хутка апусцелі, і слугі прынеслі гарачае.
– На жаль, нашая сённяшняя вячэра не можа пахваліцца разнастайнасцю страваў, – паскардзіўся дзядзька, – у нашых лясах зусім не засталося дзічыны, гэтая праклятая вайна абабрала не толькі нас, але і прыроду.
– Што праўда, то праўда, – плябан паківаў галавой, – але я чуў ад людзей, што звяры пазнікалі з вакольных лясоў і праз нейкую іншую навалу. У мястэчку ходзяць плёткі пра прывідаў.
– Гэта так, – далучыўся да размовы Шыдлоўскі, – я нядаўна пасылаў Янку на паляванне, бо падыходзіў запас сушанага мяса. Дык гэты паскуднік адмовіўся ісці ўглыб лесу. Сказаў, што яму было страшна, бо ён убачыў нейкія цені, што блукалі ў глыбіні сярод дрэваў і нібыта пагражалі ягонаму жыццю.
Читать дальше