Тое, чым прывітала мяне родная старонка, уразіла самым непрыемным чынам. Усё, што мы з табою ведалі пра вайну са сталічных газет, не адпавядае і дзясятай долі праўды аб тым, што адбылося тут.
Спачатку шлях па рускіх губернях засмучаў мяне. Здавалася, мы будзем ехаць бясконца. Але як толькі мы перасеклі межы Краю, у душы маёй пасвятлела. Я адчуў, як бадзёрасць забруілася ў маіх жылах, нібыта паветра Радзімы вярнула мяне ў гады маладосці. Апошнія вёрсты ад Полацка я загадаў фурману ехаць без перапынкаў. Мы ляцелі цэлы дзень і ўвечары дабраліся да Будслава, дзе змянілі коней. Уночы мы праскочылі Вялейку, і на світанні я быў у замку. Там мяне ніхто не чакаў. Усе былі здзіўленыя, хоць і вельмі радыя майму прыезду. Напэўна, той ліст, што я даслаў дзядзьку перад ад’ездам, затрымаўся ў дарозе, і я апярэдзіў яго. Прыняўшы мяне, стомленага і змерзлага, дзядзька загадаў слугам распаліць лазню і накрыць на стол. І няхай мая душа імкнулася хутчэй павітацца з роднымі мясцінамі, я з радасцю прыняў дзядзькава запрашэнне.
Каб прывітаць мяне, дзядзька запрасіў на сняданак усіх насельнікаў замка, у тым ліку пакаёвых і дваровых слуг. Але гэта не так шмат людзей, як можа здавацца. Я сядзеў побач з гаспадаром і старым замкавым кашталянам Юзафам Шыдлоўскім, які дзядзьку служыў спрадвек.
Дзядзька быў у гуморы, ён не раз падымаў поўны кубак, і зычнае «Віват, Міхале!» узносілася да высокай столі замкавай гасцёўні. Сам сабе я адзначыў, што дзядзька прыкметна пастарэў. Я памятаў яго поўным сілы мужчынам, а цяпер пабачыў змарнелага і сівога старога. Разам з дзядзькам пастарэў і замак. У гасцёўні паўсюль былі відаць сляды заняпаду. Ад свечкавага чаду закурэла столь і шыбы ў вокнах. На сценах праступілі шчыліны, а ў некаторых месцах адваліўся тынк. Скасабочаная нашараваная мэбля патрабуе тэрміновага рамонту.
Пад’еўшы і сагрэўшыся, я выказаў дзядзьку сваё жаданне праехацца конна па палях юнацтва. Дзядзька адказаў, што гэта не самая лепшая ідэя, тым больш з улікам майго цяперашняга ўзросту. Ён узяўся адгаворваць мяне ад блазнаватай задумы. Да яго далучыўся кашталян Шыдлоўскі. Але я быў непахісны. Сядлай найлепшага каня, Юзік, – сказаў я. Так па-свойску я называў кашталяна з дзяцінства. Дзядзька і Юзаф разам змоўклі. Тады мяне напаткала першае глыбокае расчараванне гэтага цяжкага дня.
Памятаеш, любая, колькі я расказваў табе пра знакамітую дзядзькаву стайню? Пра зграбных, хуткіх, прыгожых конікаў, якіх дзядзька збіраў па ўсім свеце. Памятаеш тую гісторыю, як я хлапчуком прабраўся туды, скраў найлепшага варанца і цэлы дзень лётаў па сенажацях, ловячы рукамі вецер? А потым атрымаў такіх бізуноў, што тыдзень хадзіць не мог.
Дык вось, стайні больш не было. Дзядзька расказаў, што спачатку французскія войскі, што ішлі праз Маладэчна на Маскву, рэквізавалі, а па-простаму адабралі на патрэбы арміі самых лепшых дзядзькавых коней. А потым імперскія войскі, што гналі Напалеона на захад, рэквізавалі рэшту. Застаўся толькі стары конь па мянушцы Бакас, якому было добра за дзесяць гадоў і таму ён нікому не спатрэбіўся.
Юзаф правеў мяне да апусцелых стойлаў, дзе загадаў маладому конюху Ерамею рыхтаваць Бакаса да выезду. Старое выпацканае сядло доўга не хацела трымацца на правіслай спіне каня. Кашталян спытаў, ці не перадумаў я, і, пачуўшы адмоўны адказ, перажагнаў мяне. Праз некалькі хвілін я ўжо быў за межамі замка і скіроўваўся ў бок Маладэчна.
Мястэчка сустрэла мяне цішынёй і горкім пахам пажару. Гэта было жахліва. Месца маёй маладосці ператварылася ў суцэльнае папялішча. Паўтузіна каменных будаў сярод руінаў – вось і ўсё Маладэчна.
Я ехаў па спустошаных вуліцах і аглядаўся навокал. Там-сям сярод занесеных снегам спаленых хат курэў дымок. Я бачыў уваходы ў зямлянкі, бачыў буданы з абпаленага бярвення, намёты. Нехта працягваў жыць у мёртвым мястэчку. Колькі разоў мне трапляліся мінакі, якіх цяжка было прыняць за людзей. Проста нейкія камякаватыя гурбы рыззя, што бадзяліся па вуліцы без справы і без кірунку. Мне запомніліся вострыя халодныя вочы дзіцяці, якое спынілася ля ўзбочыны і доўга праводзіла позіркам мяне і майго каня. Я не мог нічым ім дапамагчы.
Вайна прайшлася па мястэчку агнём і мячом. Як пазней расказваў дзядзька, ля Маладэчна і ў самім мястэчку адбылася адна з апошніх бітваў Вялікай вайны. Не менш жорсткая, чымся іншыя. Імперскія бамбардзіры дзень абстрэльвалі пазіцыі французаў, спаліўшы такім чынам вялікую колькасць хат. Добра, што дзядзькаў замак знаходзіцца наводдаль ад паселішча, ад артабстрэлу ён не пацярпеў. А потым была сеча. Змучаныя бясконцым адступленнем напалеонаўскія войскі далі бой на полі ля Вушы. Дзядзька казаў, што там і цяпер пад снегам ляжаць сотні непахаваных салдат Вялікай арміі Напалеона.
Читать дальше