Колькі разоў праз лясок праскочылі аматары здаровага ладу жыцця ў бегавых красоўках, купка бамжоў і кампанія сабачнікаў з лабрадорамі без павадкоў. Адзін з сабак пайшоў да старой лейкавіны, дзе ляжаў труп забітага Ісаева, пакруціўся там, трывожна выючы, але гаспадар паклікаў яго, і сабака паслухмяна пабег за ім. І хай сабе бяжыць – выпадковыя сведкі сапсуюць усю справу.
Бывалі і складанейшыя выпадкі, але адна рэч, калі ты знаходзіш носьбітку ў чыстым ложку пад даглядам лекараў, а іншая – калі яна сталася ахвярай крымінальнага злачынства.
Папярэдняя носьбітка памірала ад інфаркту і мела ўжо гадоў каля пяцідзесяці. Інтэлігентная і самотная школьная настаўніца з кватэрай у цэнтры Масквы, якая дасталася ёй ад продкаў з дваранскім мінулым. Дваццаць пяць гадоў з той носьбіткай праляцелі як імгненне. І вось даводзіцца распачынаць новае жыццё ў іншым горадзе, таксама, дарэчы, знаёмым і не надта жаданым з многіх прычынаў.
Калі сонца ўрэшце села, зноў паваліў дождж. Палёт будзе складаным, думала яна, аддзіраючы ад цела вузкія светлыя джынсы і белую саколку. Гэтыя транты нядрэнна б некуды прыбраць, каб выпадкова не пачалі шукаць яшчэ адзін труп у раёне месца злачынства. Зямля была мяккай ад дажджу, таму Мілана досыць лёгка выкапала неглыбокую яміну, у якой схавала ўсе рэчы, ужо непатрэбныя ёй. Затым яна выйшла з хмызняку на разлеглае месца і раскінула рукі, як птушка крылы. За колькі імгненняў боль ва ўсім целе адступіў і прыйшла даўно знаёмая лёгкасць ад прадчування палёту.
Ператварэнне адбылося хвілінаў за пяць: замест жанчыны на паляне лесу ўзмахвала крыламі вялізная сава-кугакаўка. Яна ўзнялася над зямлёй, пакружляла над той палянай, а затым набрала вышыню і паляцела да свайго новага жыцця.
Радыкс: Сонца ў Шалях у 12 доме, ушкоджанае квадратурамі ад Урана ў Казярогу і ад Марса ў Раку. Тау-квадрат
Кожнае ўцелаўленне рана ці позна заканчваецца смерцю, але той сыход, што здарыўся некалі ў Мінску, атрымаўся і недарэчным, і страшным, і ганебным. Яна загінула ў момант узыходу сонца, адразу страціўшы здольнасць да палёту – проста ўпала з вышыні і разбілася. Смерць не была імгненнай: яна ляжала на голым асфальце ў поўнай свядомасці і адчувала, як птушынае цела расцягваецца, пазбаўляючыся пер’я і набываючы жаночыя абрысы.
Канаючы, яна бачыла роспачны твар сваёй прыёмнай дачкі ў расчыненым акне кватэры на самым верхнім паверсе. Занадта позна расчыненым акне: не хапіла ўсяго аднаго імгнення…
Гэтым разам таксама давядзецца трапіць у кватэру праз акно і там ператварыцца ў жанчыну. Другую ноч яна знаходзілася ў паветры і адчувала, што зусім знемаглася. Звычайна дзвюх летніх начэй стае, каб пераадолець такую адлегласць, але не ў цяперашнім фізічным стане. Можна было зрабіць яшчэ адну дзённую папаску недзе на закінутым лецішчы пад Мінскам і на трэцюю ноч спакойна пераадолець апошні адцін шляху, але Мілана не без падставаў баялася, што ейнае сховішча не будзе надзейным, таму вырашыла рызыкнуць.
Вялізная кугакаўка праляцела над уездам у горад з боку Маскоўскай шашы амаль перад самым світаннем. Яна і раней тут лятала, таму выдатна ведала горад, але тады Мінск быў не такі разлеглы, болей прысадзісты і аточаны з усіх бакоў вёсачкамі, назвы якіх яна прапявала сама сабе, як песню.
Ці жывая яшчэ Мірыям, якую змушана запісалі Марыяй у вайну?
Світанне спакваля праразала шэры далягляд на ўсходзе. Сава пранеслася над шкляною куляю бібліятэкі з крыклівай ілюмінацыяй і пачала скарачаць сабе шлях – старыя кварталы сталінак, вуліца з трамвайнымі рэйкамі, рынак, цалкам бязлюдны ў гэты час. Здалёк яна пабачыла стэлу – сваю мэту. Птушку прыціскала да зямлі, і яна ляцела апошнія кіламетры зусім нізка, але памятала, што кватэра, куды ёй трэба трапіць, ажно на шаснаццатым паверсе. Нацяўшыся, яна набрала вышыню. Вось і стэла, а за ёй – жылы шматпавярховік, карпусы якога стаялі на рагу двух праспектаў ды расцягваліся, рыхтык мяхі гармоніка. Апошнія метры, ужо апошнія метры. Колькі ўзмахаў крыламі, якія раптам наліліся волавам і пацягнулі цела да зямлі…
Сонца ўзышло.
Мілана, якая зноў сталася жанчынай, упала на падлогу незашклёнага гаўбца. Здаецца, нічога не зламала, хіба што крыху выцялася, але пасля прыгодаў з уцелаўленнем гэта ўжо драбяза.
На вяроўцы целяпаўся вялікі махровы ручнік, пакінуты носьбіткай сушыцца перад ад’ездам на адпачынак у Егіпет (з маскоўскім каханкам, так – гарачы тур!). Мілана абвінула тым ручніком кісць рукі, прымерылася, прымружылася і ўдарыла шкляныя гаўбцовыя дзверы.
Читать дальше