Мардзюховіч на працягу некалькіх дзён хутка і прыдзірліва вывучаў матэрыялы скаргі і, нарэшце, патэлефанаваў рэктару універсітэта, дамаўляючыся аб тэрміновай сустрэчы.
Рэктар Сцяпан Ахмедавіч П’янкоў – стрункі, апрануты ў сталёва-сіні строй пры блакітна-фіялетавым гальштуку, з бездакорным праборам цёмных густых валасоў, сустрэў намесніка на ўваходзе ва універсітэт. Абодва добра ведалі адзін аднаго, не раз сустракаліся на паседжаннях і семінарах, некалькі разоў удзельнічалі ў розных раўтах, калісьці сядзелі і за чаркай. Таму, прывітаўшыся і паціснуўшы рукі, яны хутка прайшлі ў будынак. У вестыбюлі, як бывае заўсёды паміж зменамі, кучкавалася універсітэцкая моладзь.
– Зірніце, Сымон Апанасавіч, вунь двое на прыступках стаяць, – Сцяпан Ахмедавіч незадаволена і нават варожа хітнуў галавой на файна апранутых, у крэмавых кашулях пры гальштуках і ў адпрасаваных цёмных штанах, маладзёнаў, што, стоячы на прыступках, з вясёлым выглядам паглядалі па баках.
– Гэта якраз тыя, на каго ў спецслужбаў ёсць сур’ёзныя падставы меркаваць пра іх удзел у ідэалагічнай дыверсіі. Адзін, той, што прысадзісты і вёрткі, – гэта «таварыш Маўзер», другі, стромкі і больш лагодны – Алесь Паддубскі, пяцікурснік, магчымы аспірант кафедры гісторыі. Прафесар Пятакоў яму адзіную «тройку» за пяць гадоў вучобы ўпаяў. Абодва ярыя нацы.
Намеснік міністра прыпыніўся, паглядаючы на маладзёнаў, на юнацтва, што буяла і віравала ў вестыбюлі. Сымон Апанасавіч, у адрозненне ад рэктара, углядаўся зычліва і ўважліва – як той Чэрчыль некалі ў савецкіх салдатаў ганаровай варты – ва ўзнёслыя свежыя твары студэнтаў. Абодва навучэнцы мелі ясны і спакойны выгляд шчырых людзей, адрозна ад самога рэктара, хцівага і вілаводнага.
Мардзюховіч нічога не адказаў рэктару, хоць ягоныя словы яму чамусьці не спадабаліся. «Дзіўная мянушка ў таго нізенькага», – падумаў намеснік міністра, і абодва рушылі на чацвёрты паверх да габінета рэктара.
Упершыню ў поле зроку спецслужбаў студэнт Зміцер Кулеш трапіў у час святкавання Першага Траўня, калі, узбіўшыся на святочнае падмосце ў парку імя Янкі Купалы, ён пачаў чытаць вершы. Як палымяны пралетарскі рэвалюцыянер-марксіст, ён грымеў з падмосцяў:
– Хто там крочыць правай? Левай! Левай! Левай! Ваша слова, Таварыш Маўзер-р-рр! – апошнія словы юнак прамовіў з сталёвай моцай у голасе і нават – як падалося некаторым слухачам – з нейкім злавесным падтэкстам.
Трэба сказаць, што ў тым бягучым гістарычным часе жыццёвы перыяд ідэалагічна быў не акрэслены. Суседняя братняя дзяржава толькі пераводзіла дых ад пераможнай буржуазнай рэвалюцыі, у суседзяў наўзамен гаваркіх «партайгеноссе» прыйшлі выбойныя «ельцынойды». Шмат хто з грамадзянаў – дасведчаных у гісторыі – трымаліся рахмана, цярпліва чакалі заканчэння сучаснага нэпа і пачатку чарговага хапуна.
Толькі Зміцер злез з падмосцяў, як у той жа момант да яго падышлі людзі ў цывільным з кампетэнтных ворганаў і, паказаўшы свае пасведчанні, жвава падхапілі яго пад рукі ды павялі ў пастарунак. У пастарунку пры напісанні пратакола высветлілася, што студэнт першага курса педуніверсітэта чытаў верш Уладзіміра Маякоўскага «Левы марш». Спачатку яму не паверылі.
– Ты нас ужо зусім за цёмных не трымай, – сказаў яшчэ зусім не стары старшы лейтэнант і, падумаўшы, дадаў: – Маякоўскі быў расійскі паэт і складаў вершы, натуральна, на рускай мове. Нават пляц ёсць Маякоўскага ў Маскве.
– То ж у перакладзе, – разгублена патлумачыў Зміцер міліцыянтам. Ён быў збянтэжаны, бо аніяк не чакаў непрыемнасцяў ад чытання вершаў. Адзін з афіцэраў, каб паставіць усе кропкі над «і» і не наблытаць у пратаколе, патэлефанаваў дадому жонцы. Ягоная жонка Ніна працавала ў школе настаўніцай літаратуры. Лейтэнант прадыктаваў ёй словы верша: «Левай, левай, левай. Ваша слова, таварыш Маўзер». Потым, прыклаўшы слухаўку да вуха, уважліва выслухаў. Твар яго скрывіўся, стаў кіслым, ён нешта незадаволена мармытнуў у адказ і, паклаўшы слухаўку, посна пацвердзіў: – Так, верш Маякоўскага.
Змітра адпусцілі, але на ўсялякі выпадак узялі пад нагляд і таемна прыставілі да яго наглядчыцу, навучэнку старэйшага курса універсітэта Рыту Сінчанку – прыемную дзяўчыну, разумную, шуструю і прагматычную. Маладзён хутка прайшоў з ёю «курс маладога байца». Рыта прыватызавала ягоныя лішкі энергіі, што спачатку спрабавалі сублімаваць у творчасць і рэвалюцыйную патэтыку, скіраваўшы гэную ўвішнасць на сексаванне і навучанне.
Читать дальше