Такім чынам, вёска. Магчыма, у вёсцы жылі нейкія скрабуны, якія скрэблі для ўсяго навакольля, і штодня ў Шабаны цягнуліся драбіны, да верху напоўненыя рознымі рэчамі, якія няблага было б аддаць трохі паскрэбці ў дасьведчаныя рукі. Скуру там, гузікі, дзеці, патэльні, грамафоны, маладую бульбу… Адзін стары вар’ят, які неўзабаве патануў у катлаване, распавядаў неяк Рошу, што ніякіх шабаноў да першай сусьветнай тут не было, проста безыменны хутар, пакуль дажджлівай восеньню 1918 году нямецкі атрад не заблукаў у ваколіцах Сеньніцы – прычынаю стала поўная непраходнасьць адзінай затопленай, ледзь угадванай пад тоўстым пластом гразі дарогі, па якой туды можна было трапіць (цяпер гэта паварот на Шабаны ў раёне супэрмаркету «Прастор»): «Was für eine scheußliche Slammbahn!» – усклікнуў ушчэнт мокры нямецкі ахвіцэр, на гражданцы – паэт-экспрэсіяніст, пазіраючы на тое, як на топкай дрыгве, што была пазначаная на трафейнай мапе як дарога, лопаюцца бурбалкі бруднай жоўтай пены. Зрэшты, гэтая вэрсія падаецца малаверагоднай. Наяўнасьць іншых населеных пунктаў і тэрыторый з назвай Шабаны (назва Шабаны з вытворнымі сустракаецца ад Атлянтыкі да Ўралу і сягае далей: у сібірскім сяле Шабаноўскае быў усталяваны ў 1924 годзе першы ў Савецкім Саюзе помнік Ільлічу, паселішча Шабаны маецца нават каля Пскову, а ў Францыі ё цэлы кантон Chabanais) дазваляе меркаваць, што, магчыма, нашая вёска раней месьцілася ня тут і потым проста пераехала з усім майном бліжэй да вялікага гораду, бо так было лягчэй пракарміцца – Менск заўсёды меў патрэбу ў спрытных шабанах-скрабунах.
Дарэчы, кантон Шабанэ даў у свой час назву самаму знакамітаму парыскаму публічнаму дому. І вуліцы, на якой той дом стаіць: 12 Rue Chabanais. Бардэль праіснаваў з 1878 па 1946 год, калі ўсе публічныя дамы ў Францыі былі зачыненыя. Заснавала яго ірляндка Мадам Келі, а стартавы капітал, кажуць, склаў каля двух мільёнаў франкаў. Сярод заўсёднікаў Le Chabanais былі Мапасан, ТулюзЛятрэк, які падарыў бардэлю шаснаццаць палотнаў, і будучы брытанскі кароль Эдвард VІІ, для якога тут нават быў абсталяваны асобны пакой – меднае бідэ з таго пакою набыў Сальвадор Далі, калі стаў багаты і знакаміты. Цяпер у будынку шматкватэрны дом, а ў доме – музэй бардэлю. У яго і сайт ёсьць, як, зрэшты, і ў Шабаноў Менскіх: а ў каго цяпер няма сайту, нават нябожчыкі і яшчэ ненароджаныя дзеці маюць уласныя інтэрнэт-старонкі. А яшчэ пафранцуску «chaban» – не хто іншы, як чабан. Што праўда, археалягічныя раскопкі ня выявілі ў нетрах шабаноўскай зямлі ні авечак, ні сабак, ні бурак, ні бурэкаў, ні буркатлівых горных рэчак – адны буракі.
Шабаны вы мае, Шабаны, дайце зараз я вас пацалую. О, як бы я хацеў мець іншае мінулае, іншую маладосьць. Нарадзіцца ў мястэчку, назва якога пачыналася б на Бад-. Ці сканчалася б: нарадзіцца мінулым летам у Марыенбадзе. Жыць з бацькамі ў сьціплай віле, побач з Томі і Анікай. Хадзіць у госьці, не баяцца, атрымліваць на Каляды ровар, ведаць на памяць малітвы, а не заклёны. Вучыць тое, да чаго ляжыць душа, а ня тое, ад чаго яна толькі ляжыць пластом. Вандраваць. За цябе ўсё ўжо зрабілі – раскашуй, крытыкуй, ганарыся прыналежнасьцю. Libertatem quam peperere maiores digne studeat servare posteritas. Што здабылі продкі, хай з гонарам нясуць нашчадкі. Мець столькі свабоды, каб несвабода вабіла, нібы страшная казка перад сном. Глядзець на вас вялікімі вачыма і паўтараць з павагай: «О шайсэ!..» Выконваць законы, не заўважаючы гэтага. Лічыць, што Шабаны – сталіца Сібіры. Жыць там, дзе можна паразумецца бяз слоўніка, ня ведаць асабіста ні Яфэта, ні Эзопа. Каб ня быць асуджаным зноў і зноў апісваць гэты катлаван, гэтых тапельцаў, гэтую чыгунку. Не, такое мінулае таксама можна прадаць, хто спрачаецца – але ці ня лепш быць пакупніком?
Там, дзе канчаліся Шабаны, пачыналася чыгунка. Яе начны грукат лепш за ўсё было чуваць у кватэры Роша; у кватэры Сала яна чулася як далёкі, бясьпечны звон недзе ня ў нашай, у суседняй вёсцы; Бэн часам прачынаўся на досьвітку ад яе гукаў – яму сьнілася, што камусьці вялікаму і нямому рвуць зубы; Ён жа зусім ня чуў чыгункі, бо жыў каля Магілёўскае шашы. У цёмны час з вакна восьмага паверху шаша выглядала як бясшумная чарада агнёў, якія рухаюцца па замкнёным коле – калі першы зьнікаў за лесам, то адразу ж зноў прыладжваўся ў хвасьце. Пасьля школы яны часта хадзілі на чыгунку, не задумваючыся пра тое, чым яна іх так вабіць. Гіпнатычная моц чыгункі была такая, што дзень лічыўся страчаным, калі ты не прыклаў вуха да яшчэ не астылых рэек, не запэцкаўся ў мазуце і ня скраў чагосьці жалезнага. Гэта была грузавая ветка «Калодзішчы-Міханавічы», пасажырскія цягнікі тут не хадзілі, толькі самотныя прывіды-дызэлі і брунатныя грузавыя саставы, якія стаялі ў Шабанах, бывала, па некалькі дзён, чакаючы ці то разгрузкі, ці то рамонту. Да шашы хадзіць баяліся: у народзе жыла вера ў дзядзьку на чорным «Масквічы», які спыняецца каля тых, хто ідзе па ўзбочыне, запрашае ў машыну – і ніхто ня можа адмовіцца, а потым дзядзька закатвае чалавечыну ў слоікі з-пад агуркоў і прадае на калгасным рынку. «Масквічоў» чорнага колеру на дарогах тады было не сустрэць, і гэта надавала вобразу дзядзькі асаблівую злавеснасьць. Казалі, неяк да дзядзькі ў машыну села цэлая апэратыўная група, накіраваная, каб яго злавіць – і зьнікла.
Читать дальше