– Ты еш, ліска, еш! Што, так і сказаў: ні зварыць, ні памыць? Дык я ж цалюткі дзень адно вару ды мыю! Працую на гэтага лайдака!
– А ты, бабка, лепш сама спытай! – пачуўшы, як воз затарахцеў зусім блізка, вярнула пустую міску ды хуценька – мык у высокае кустоўе, якое шчыльнай сцяной абступіла хату.
Гляджу ды слухаю, што ж далей дзеецца будзе. А раззлаваны яшчэ ў дарозе дзедка прытупаў у хату, кінуў бабцы пусты мех. Што, ніводнай рыбіны? Мех ты бабцы кідаеш дарэмна, гэта не ў мяне, маленькую, сціплую, ды з усёй сілы рыбінай. Вось зараз ты гэтым жа мехам і атрымаеш…
Трэба ж, жыццё пражыўшы, не навучыўся. Кінуўшы мех, яшчэ і просіць:
– Дай, бабка, што з’есці. Натаміўся, рыбу цягаючы… Страх!
– А ты ж мой бедны! А ты ж мой гаротны! – паспачувала бабка ды плехнула дзеду на галаву смятаны з гаршчэчка.
Адчуваю, што масла так і не саб’ецца. А так хацелася свежанькім паласавацца! Шкада! Шкада!
– Ах ты ж злая чарадзейка! – засердаваў дзед. – Аддамо цябе вадзяному злыдню, каб мне шкоды не чыніла!
– Я ведаю даўно, што ад мяне і зусім пазбавіцца жадаеш! От я табе! – бабка, пачуўшы пра шкоду, гаршчком у дзеда. Ды лыжкай. Ды чапялой…
Але ж як многа ў хаце рознага посуду! Адных збанкоў аж дзевяць налічыла. І дужая імі кідацца бабка! Бывае, цалюткі дзень крэкча ды жаліцца на хваробы. Бач, усё як рукой зняло, радасна глядзець. Тут і дзед сваёй бабцы не саступае: кінуўся па нерат, ухапіў спрытна ды ловіць бабку, як рыбку, нератам.
– А ты ж мая прыгожая! А ты ж мая разумная! А ты ж мая каханая! Хадзі ў нерат! – прыгаворвае бабцы, так і гэтак кідаючы нератовую сетку.
Бабка дзедавай шчырасці пра каханую, разумную і прыгожую не верыла. І ад душы шкадавала, што некалі, даўно-даўно, на гэтыя ласкавыя словы спакусілася. Лепш бы сапраўды з вадзяным жыла! І прыгожы, кажуць, і багаты! А ён, дзед, як быў, так і застаўся галотай. Рыбы налавіць – і тое як здарыцца.
– А ведаеш, трэба ты мне такі! Сама пайду да вадзяніка!
Дзед з неспадзяванкі выпусціў з рук нерат, як не паслізнуўшыся на сухім месцы:
– Ды ідзі ты, куды хочаш! Ці ты думаеш, што вадзяніку такая няўдаліца патрэбная?
– От ужо і няўдаліца! – аж уся закалацілася з крыўды бабка, завярнулася ды як ёсць патупала да возера, з якога толькі быў прыехаўшы дзед.
Дзед жа за бабкай заспяшаўся. Не пайшоў, не. Паехаў, зручна ўладкаваўшыся на возе. А я ж, такая чарадзейная ліска, не пайшла, не, а пабегла следам.
– Куды ж ты, старая, пешкі прэшся? – дзед з воза бабцы. – Сядай, падвязу…
– А каб цябе чэрці вадзяныя падвозілі! – гэта бабка дзеду. – Сама дайду!
– Ты ж, калі вадзяніка будзеш клікаць, хоць ласкавае слоўца яму скажы! А то ж такая крыклівая каму патрэбная?
– А каб ты чарцям вадзяным быў патрэбны! Без цябе ведаю!
– Ты ж, калі да вадзяніка будзеш прасіцца, скажы, няхай хоць за цябе колькі рыбы дасць! – дзед з воза бабцы. – А то ж усё жыццё пакутую, а без нічога застануся!
– А каб ты чарцей вадзяных прасіў! – гэта бабка дзеду. – Атрымаеш малога ёршыка за ўсе свае пакуты!
– Я чарцей вадзяных ніколі не прасіў! Гэта ж сабе даражэй! А ты да іх сабралася, – дзед трохі ахалануўся і як быццам сумеўся.
А бабка ўжо да возера дабегла. Рукі насустрач вадзе цягне ды так ласкавенька-шчыранька просіць:
– Хвалі глыбокія-глыбокія, віры сінявокія, чары цёмныя ды гнеўныя, вадзянога каралевіча слугі верныя! Не хачу дарма спадзявацца, а хачу з ім спаткацца! Не хачу на ўвесь свет журыцца, а хачу з ім пакут сваіх пазбыцца! Не хачу за шчасце змагацца, а хачу з ім застацца! Вадзянога каралевіча слугі верныя, чары цёмныя ды гнеўныя, віры, як і ён, сінявокія, хвалі глыбокія-глыбокія!
Схапіўся дзедка за галаву, пачуўшы такое, ды на возеры ўжо хвалі гнеўна ўздымаюцца, у бераг моцна плешчуць. Гэта цёмныя чары ўраз адгукнуліся, пачуўшы неасцярожнае бабчына слова. Дык што ж тут можна рабіці? Плач не плач, а з глыбокіх-глыбокіх хваль выходзіць сам вадзяны каралевіч!
– Гэй! Праўда старыя дзейкаюць! – аж не стрымалася бабка. – Як ранак, малады, як неба, прыгожы…
– Гэй! – не стрымаўся і дзед. – Малады, малады! Яшчэ на памяці майго дзеда такім быў!
А каралевіч між тым блізенька да беражка падышоў, гамонку такую слухае ды смяецца:
– А для каго ж гэта я немалады? Для цябе, бабця, што як печаны яблык?
Ды тая і не падумала крыўдзіцца, а захаплення свайго не хавае:
– Варожыць-чарадзеіць над сіняй вадою! Дзівосы розныя кліча!
– А як жа! – азваўся і дзедка. – Варожыць… Віхуры пасылае, навальніцы ўшчынае, людзей ад возера жахлівымі зданнямі адганяе, каб не стараліся многа! Як прымроіцца такі жах у вечаровым тумане, дык пра ўсё забудзеш!
Читать дальше