Ганна НАВАСЕЛЬЦАВА
ЛЕГЕНДА ПРА ШЫПШЫНУ
Міфалагічнае апавяданне
Цягнецца дзіця да кветкі шыпшыны, прыгожай і яснай, нібы тое сонца. Цягнецца малое, хоча сарваць. Такія чароўныя пялёсткі... Такая чалавечая цеплыня кветкі... Усе мы, пакуль не адышлі далёка ад пачатку свайго, чуйныя да святла і сонца. Да ўсмешкі шыпшыны, якой паклікана высокае сонца.
Ведаеш, ведаеш легенду пра шыпшыну, маленькі чарадзей. Цяпер у свеце няма нікога, хто б не чуў яе. Толькі не ведаеш ты ўсёй праўды, бо не ўся праўда захавалася ў легендзе. Толькі ж не можаш ты зразумець, як маленькая цудадзейная кветка магла паклікаць гэткае вялікае сонца...
«Не рві, не ламай шыпшыны», — прамаўляю ціхім подыхам ветрыка.
Палохаецца малое, адмаўляецца ад сваёй задумы. Уцякае прэч ад такой зманлівай, такой агністай... Ведае, хто я, нязменны вартаўнік прыгожага шыпшынавага сонейка. Я той, пра каго гаворыцца ў легендзе.
І толькі я, адзіны ў свеце, ведаю, што нічога яшчэ не скончана. Бо не можа так заўчасна скончыцца каханне. Як не можа так заўчасна скончыцца і надзея. Не дапусцяць такога чары. Не дазволіць такога свет...
Толькі... Усміхаецца зноў шыпшына, адгукаецца ёй сонца гарачым промнем. І падае долу з шыпшынавай кветкі маленькая расінка. Ціха падае. Ніхто не ўчуе яе жалобнага звону, які ляціць над зямлёй і лёгенька ўскалыхвае свет. Ніхто неўчуе, ніхто не адгукнецца... А я чую, я, чарадзей, які прыходзіць у жалобны час. Лёгка кранае расінка мае павекі. І я вітаю цябе, светлая чараўніца. Мы не разыдземся з перакрыжаванняў нашых шляхоў. Нам не адзінока... Толькі нам дваім у вялікім свеце.
Падае расінка долу, нібы сляза, нібы ясная знічка-зіхотка. Ты не верыш мне, ты ўсё яшчэ змагаешся... І я змагаюся. Толькі змагаюся не з табою. Цяжка змагацца, цяжка памятаць, цяжка верыць...
«Як за морам ды за акіянам, ды за востравам за Буянам...» спачывае памяць доўгая, памяць чарадзейная. «Трыма ростанямі ідзі, на высокія зоры глядзі, Дзіву змрочнаму пакланіся...» прачніся памяць, прачніся. І прачынаецца змрочны Дзіў, які памятае ўсё цёмнае і трывожнае, што здарылася ў свеце ад яго пачатку. Прачынаецца несмяротны сын Сусветны...
І ляціць над светам да мяне ягоны голас:
— Спадзяешся, думаеш пра каханне, чарадзей? Калі ж спаліць цябе дарэшты шыпшанавае сонца?
Малю цябе, цёмная ноч, малю цябе, яснае сонца, каб спраўджанае няспраўджаным зрабілася. Малюся пра цябе, светлая чараўніца. Смуткуе ды шукае цябе ў свеце белы воўк, плачуць пра цябе тужлівыя хмаркі. Не супакоіцца самотны ветах, ідзе па тваіх слядах, гневаюцца імклівыя вятры, нясуць над зямлей твае чары. Толькі ж хіба можна спраўджанае зрабіць няспраўджаным?..
Адгукаешся мне, змрочны Дзіў. Ты заўсёды азываешся тады, калі нехта, надзелены чарамі, губляе пэўнасць у гэтым вялікім свеце. Ты — ягоная памяць, памяць усяго, што адбылося, еднасць усяго, што магло адбыцца. Страчаныя і неспазнаныя чары. Ты — апошні, хто можа спраўджанае зрабіць няспраўджаным, хто можа ўсё вярнуць.
— І навошта вы сустрэліся, чарадзей? Няхай бы вы ніколі не сустракаліся. Няхай бы ніколі не ўведаў свет адной-адзінай легенды... Ты просіш вяртання, ты просіш памяці, але ты не гатовы. Не цяпер, чарадзей ночы.
— Я прашу пра гэта, Дзіў. Ты адзіны можаш зразумець, што значыць ведаць пачатак і стаць легендай. Кожную хвіліну вялікай вечнасці памятаць. І шкадаваць. Мне пякучым стала сонца. Мне цёмнай стала ноч.
— Самотна, скрушна. Але воля твая, смяротны.
Пасылае свае чары змрочны Дзіў, і я ўспамінаю. Усё, што было са мною, усё, што было не са мною.
...Усміхаешся мне, ласкавая цёмная ноч. Я адзіны з чарадзеяў, хто рады вітаць тваю вечную ўсмешку. Я адзіны, каго ты прызнала сваім. З гонарам нясу твае чары, таямнічая, страшная, непрадказальная. Хаваецца ад цябе сонца, хаваецца ад цябе белы свет. Баяцца людзі і маленькія светлыя птушкі твайго невыноснага змроку. Людзі і птушкі. Птушкі і людзі. Сполахам поўняцца замшэлыя хаціны, дзе ў трывозе чакаюць новага світання. Трасуцца кволыя гнёзды, спавітыя ў высокіх галінах дрэў, каб хоць так быць бліжэй да сонца. Яны ніколі не зразумеюць цябе, цёмная. Не карай іх, палахлівых. Яны слабыя для тваёй велічы. Даруй і не гневайся.
«Я не гневаюся на іх, чарадзей, — русальчыным рэхам адгукаецца мне ноч. — Навошта ж мне гневацца, калі ты ёсць у мяне».
Читать дальше